Четверг, 2 апреля 2020

4 «Б» СШ №5: достижения детей — радость учителя

394

— Поспехі маіх выхаванцаў прыносяць мне большую радасць, чым уласныя дасягненні! Я ўскладаю на сваіх вучняў вялікія надзеі, — кажа настаўніца пачатковых класаў СШ № 5 Святлана Уладзіміраўна Віцько. І жанчыне ёсць чым ганарыцца: адразу пяць вучняў яе 4 “Б” класа атрымалі высокія ўзнагароды на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах.


Ужо вядомай нашым чытачам юнай зорцы фігурнага катання Аляксандры Велікаселец, якая займаецца ў трэнера па фігурным катанні Вольгі Анатольеўны Уважанай, у мінулым годзе зноў пакарыліся важныя лядовыя арэны ў Беларусі, Латвіі і Польшчы. Дарэчы, у г.Торунь Саша ўвайшла ў тройку прызёраў прэстыжнага Міжнароднага турніру ў Польшчы «Mentor Torun Cup 2019», за што атрымала адпаведны дыплом “Дараванне года”.
Лёгкаатлет Арсеній Казлоўскі ў трэці раз перамог на абласным этапе і паказаў чацвёрты вынік у фінале рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для каралевы”, апярэдзіўшы сотні сапернікаў з усёй краіны.


І нарэшце слоў удзячнасці заслужыла цудоўная тройка танцораў – Сяргей Якутовіч, Мікіта Цюшкевіч і Вячаслаў Ніпарка. Хлопцы з задавальненнем займаюцца танцамі пад кіраўніцтвам Аксаны Васільеўны Ільюшонак і на IX адкрытым фестывалі мастацтваў, які праходзіў у г.Мінску, у складзе ўзорнага ансамбля народнага танца “Круцёлачкі” за неверагодна заліхвацкую польку былі ўзнагароджаны дыпломам I ступені.
Як запэўнівае школьная настаўніца Святлана Уладзіміраўна, яе падапечныя здольны пераадолець любыя цяжкасці, паколькі кожны дзень праяўляюць зайздросную працаздольнасць і волю да перамогі: добра вучацца, прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. У дадатак Сяргей у гэтым годзе паступіў у музычную школу і пачаў іграць на баяне, а Мікіта і Вячаслаў працягваюць сябраваць са спортам: першы захапляецца хакеем, а другі – футболам.
— Нават вольны час у маіх хлопчыкаў і дзяўчынак распісаны па мінутах, — кажа настаўніца. – Але, як бачым, гэта не перашкаджае ім пакараць высокія вяршыні.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).