Среда, 23 сентября 2020

Начались весенние палы. Работники РОЧС отправились в рейд и напомнили правила пожарной безопасности

519

Так склалася, што асноўнай прыкметай пачатку вясны ў нашым рэгіёне з’яўляецца не прылёт птушак або распусканне падснежнікаў, а слупы дыму, якія ўздымаюцца ў неба з прысядзібных участкаў. Як толькі сонечныя прамяні высушваюць зямлю, на дачах або ў агародах каля дамоў гаспадары пачынаюць наводзіць парадак, збіраючы сухое расліннае смецце ці абразаючы галіны дрэў. Такая работа неабходна для будучага ўраджаю, і ніхто не забараняе раскладваць кастры, каб спаліць галлё або сухую траву. Але рабіць гэта трэба з РОЗУМАМ.
На мінулым тыдні ў вобласці зарэгістравана два дзясяткі ўзгаранняў, прычынай якіх стала выпальванне сухой травы. У в.Ліпск Ганцавіцкага раёна і в.Ярцэвічы Бярозаўскага раёна згарэлі хлявы, да якіх падабраўся агонь з поля. Такое ж здарэнне зарэгістравана і ў Пружанах 17 сакавіка: трывожны выклік паступіў з вул. Вінаградава, дзе невядомы падпаліў сухую траву і агонь ахапіў вялікую плошчу. З вогненным здарэннем удалося справіцца без сур’ёзных наступстваў, аднак так бывае не заўсёды, пра што сведчыць сумная статыстыка папярэдніх гадоў.


Але ж ці вучыць яна нашых землякоў? У гэтым мы паспрабавалі разабрацца, калі праехаліся па некалькіх вёсках Хараўскога сельсавета разам са старшым інспектарам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вольгай Ліпко і старшынёй мясцовага сельвыканкама А.Р.Пстыга.

20 сакавіка трагедыя здарылася ў Магілёўскім раёне. 70-гадовы вясковец спальваў расліннае смецце на сваім участку, ад чаго загарэлася сухая трава. Мужчына спрабаваў утаймаваць агонь, але яму не хапіла сіл, і ён загінуў.

Як толькі заехалі ў аг.Калядзічы, то адразу ўбачылі на адной з вуліц дым, які ўздымаўся ў неба. Мясцовы жыхар якраз дапальваў кучу смецця, якое прыбраў на сваім участку. Трэба сказаць, што пажылы мужчына знаходзіўся каля вогнішча, кантралюючы працэс. Вось толькі пры сабе ён не меў ніякіх першасных сродкаў тушэння, у прыватнасці, рыдлёўка і ёмістасці з вадой. Раз-пораз сухая трава вакол кастра займалася агнём, але гаспадар паспяваў спраўляцца з ім. На гэта ён звярнуў і нашу ўвагу, апраўдваючы тое, што не прыгатаваўся, як таго патрабуюць правілы спальвання смецця на прысядзібных участках. Вось толькі сумніўна, што так жа паспяхова ён змог бы справіцца пры рэзкім парыве ветру. А за некалькі метраў побач стаіць апора з паветранымі лініямі электраперадач. Некалькі гадоў таму пажылая жыхарка в.Палонна-Забалацце, напэўна, таксама меркавала, што зможа ў любым выпадку ўтаймаваць агонь, калі падпаліла сухую траву на сваім агародзе. Пасля ліквідацыі пажару на папялішчы выратавальнікі знайшлі цела загінуўшай гаспадыні.


Потым мы наведалі яшчэ некалькі сядзіб, дзе таксама спальвалі смецце. Некаторыя толькі сабралі ў кастрышча кучы непатрэбнага, збіраючыся яго запальваць. І паўсюдна здзіўляла рэакцыя гаспадароў, якія прасілі работніка МНС не накладаць штраф, матывуючы тым, што смецце неяк трэба ўтылізаваць.

Ва ўсіх выпадках Вольга Васільеўна тлумачыла, што няма ніякай забароны для спальвання смецця на сваім прысядзібным участку, галоўнае — захоўваць меры перасцярогі.

У дачыненні да тых, хто ігнаруе дзеючыя правілы і рэкамендацыі, складаюцца адміністрацыйныя пратаколы.
Нагадаем, што, згодна з арт.15.58 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, за развядзенне кастроў у забароненых месцах і з парушэннем мер бяспекі можна атрымаць штраф у памеры да 12 базавых велічынь.


Падчас нашага абследавання пратаколаў не складалася, хаця і шэраг парушэнняў быў выяўлены. Найбольш такіх недахопаў мы ўбачылі ў в.Вашчынічы, дзе на многіх прысядзібных участках уздымаліся слупы дыму. І практычна ўсюды гаспадары абяцалі адразу ўхіліць усе парушэнні правілаў бяспекі. Як і мясцовы жыхар, які расклаў касцёр побач са сціртай саломы, якраз у цэнтры сухога травастою. Мужчына запэўніваў інспектара МНС, што «толькі на секунду адышоў ад агню», каб памяняць вядро з вадой, бо ўзяў не тую ёмістасць. І абяцаў, што ніякай трагедыі не дапусціць.


Хочацца, каб жыхары нашага раёна ставіліся да выпальвання расліннага смецця больш адказна. Гэта, у першую чаргу, у іх інтарэсах: агонь па сухой траве нават пры невялікім ветры распаўсюджваецца намнога хутчэй за хуткасць аўтамабіля, напрыклад, пажарнай машыны…

Варта памятаць
Спальваць смецце на сваім участку можна толькі ў зацішнае надвор’е.
Касцёр можна ладзіць не бліжэй за 10 метраў ад пабудоў, 20 м — ад лесу і 30 м — ад сціртаў саломы.
Трэба пастаянна знаходзіцца каля вогнішча і мець пры сабе рыдлёўку і ёмістасць з вадой.
Спальваць смецце неабходна патроху, каб вышыня полымя была не больш за паўметра.
Не рэкамендуецца спальваць пластыкавыя бутэлькі, шыны і іншыя прадметы, якія пры гарэнні выдзяляюць атрутныя рэчывы.
Нельга пакідаць касцёр на нач, перад надыходам цемры трэба поўнасцю заліць вуголле і пераканацца ў адсутнасці тлення.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).