Среда, 3 июня 2020

Стартовала льняная посевная

519

Пад сёлетнюю пасяўную Пружанскі льнозавод набыў два новыя пасяўныя агрэгаты нямецкай фірмы «AMAZONE». Вылучаюцца яны высокай прадукцыйнасцю, выконваюць адначасова некалькі аперацый і, да таго ж, адразу прыкачваюць пасевы. Даручана працаваць з новымі пасяўнымі агрэгатамі механізатарам Ю.У.Бушко і А.П.Сахаруку .


Лён быў і застаецца важнейшай тэхнічнай культурай у Рэспубліцы Беларусь. І невыпадкова кветкі гэтай расліны размешчаны на Дзяржаўным гербе нашай краіны. Пытанням павышэння эфектыўнасці льнаводчай галіны надаецца ўвага на самым высокім узроўні. Неаднойчы праводзіліся нарады, прысвечаныя развіццю льнаводства, з удзелам Прэзідэнта А.Р.Лукашэнкі.
Пружаншчыну таксама нельга ўявіць без квітнеючых ільняных палеткаў. У нашым раёне вырошчваннем ільну-даўгунцу і забеспячэннем сябе ўласнай сыравінай на працягу многіх гадоў займаецца ААТ «Пружанскі льнозавод».
Лён — культура патрабавальная, якая не любіць спякотнага лета. Дарэчы, гэта пацвердзілася ў 2015, 2016, 2018 гадах, калі ўраджайнасць ільновалакна не радавала працаўнікоў перапрацоўчага прадпрыемства. Мінулы год у гэтым плане быў больш спрыяльным для льнаводаў. Сіламі механізаванага атрада завода на сезон перапрацоўкі было нарыхтавана каля 13 тысяч тон трасты пры ўраджайнасці 15 ц ільновалакна з гектара.
І гэта пры тым, што мінулым летам ураганныя вятры знішчылі працу соцень людзей. Стыхія абрынулася на ўкла-дзеныя на полі стужкі лёну, раскідала, скруціла іх так, што месцамі атрымаліся высокія валы. Ужо тады было зразумела, што з пашкоджаных участкаў, а гэта больш за чатыры сотні гектараў, не будзе ніякай карысці.

Сёлета, як і ў мінулым годзе, льнозавод плануе пасеяць лён на плошчы 2890 гектараў. Прычым 346 гектараў пасеваў бу-дзе размешчана на тэрыторыі Кобрынскага і Бярозаўскага раёнаў.
— Каб атрымаць добры ўраЛьноджай ільну-даўгунцу, неабходна дакладна выканаць шэраг важных патрабаванняў, — перакананы дырэктар ільнозавода М.С.Жогал. — Правільна падабраць глебы, строга вытрымаць тэрміны сяўбы і ні на крок не адыходзіць ад тэхналогіі пры вырошчванні лёну, а таксама пры яго ўборцы.
Правільна падабраная глеба — першы крок да эфектыўнай вытворчасці. Найбольш прыдатнымі для сяўбы лёну лічацца дзярнова-падзолістыя, лёгка- і сярэднесугліністыя глебы. На пясчаных і супясчаных глебах, якія падсцілаюцца пяском і дрэнна ўтрымліваюць вільгаць, лён часта падгарае.
Сёлетняя льняная пасяўная пачалася раней, чым у мінулым годзе.
— Пасеяць лён, калі будуць спрыяльныя ўмовы надвор’я, мы можам на працягу двух тыдняў, — гаворыць Мікалай Сцяпанавіч.
Адзін са шляхоў інтэнсіфікацыі льнаводства — выкарыстанне новых гатункаў — высокапрадукцыйных, устойлівых да палягання і хвароб. Як і мінулыя гады, сёлета большасць плошчаў будзе занята гатункамі французскай селекцыі, якія добра сябе зарэкамендавалі ў нашых умовах. Яны вылучаюцца добрым ураджаем і высокім выхадам доўгага валакна. Са станоўчага боку зарэкамендаваў сябе і гатунак айчыннай селекцыі «грант».
Як і ў мінулыя гады, пасевы лёну адразу прыкачваюцца. Гэта дае магчымасць дабіцца раўнамернасці ўсходаў, а таксама дапамагае загнаць у глебу камяні, дзякуючы чаму яны пасля не перашкаджаюць пры церабленні.

Пасяўная кампанія на льнозаводзе хуткаплынная. Пакуль жа яна толькі набірае разгон.

Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).