Пятница, 29 мая 2020

Как пружанцы противостоят коронавирусу? Спокойствие и гигиена

958

Каранавірус даволі моцна ўскалыхнуў грамадства. Здаецца, мы проста забыліся пра тое, што існуюць і іншыя, не менш, а часам і больш, сур’ёзныя хваробы. І, нягледзячы на заклік захоўваць спакой, сітуацыя ўсё ж непакоіць многіх.
Як ставяцца пружанцы да навін пра каранавірус? Ці змяніў ён асабістыя звычкі ў плане гігіены? З такімі пытаннямі мы выйшлі на вуліцы горада.


Наталля:


– Адно з асноўных правіл гігіены – рэгулярнае мыццё рук. Яго я выконваю заўсёды, нягледзячы на тое, спакойная сітуацыя з захворваннямі ці ёсць нейкія абвастрэнні. Таксама заўсёды карыстаюся антысептыкамі.
Да сітуацыі з каранавірусам стаўлюся спакойна, наша сям’я жыве, што называецца, у штатным рэжыме. Штогод у Беларусі фіксуюцца сезонныя захворванні. Ад грыпу, вострых рэспіраторных інфекцый пакутуе таксама шмат людзей. Таму варта прытрымлівацца «рэспіраторнага этыкету» і клапаціцца пра ўласнае здароўе. А панікаваць не варта.

Марыя і Паліна:


– Што тычыцца правіл гігіены, то мы заўсёды мыем рукі!
Думаецца, што галоўнае цяпер – не «накручваць» сябе дурнымі думкамі. Але некаторыя нязручнасці, змяненні сваіх планаў, зразумела, з‘явіліся. Напрыклад, у нашых сябровак адмянілі спаборніцтвы па кросе. Жадаем усім пружанцам моцнага здароўя!

Мікалай:


– Па прычыне распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі, канечне ж, большую ўвагу стаў надаваць гігіене. Цяпер я часцей мыю рукі, стараюся яшчэ больш сачыць за сабой. Лічу, што добрыя сродкі для гігіены – тыя самыя антысептыкі.
Ці сутыкнуўся з нейкімі праблемамі ў сувязі з вірусам? Асабіста я – не, але сын павінен быў ехаць у Амерыку, і яму адмовілі ў адкрыцці візы.

Уладзімір:


– Зразумела, што каранавірус у нечым змяніў стаўленне да жыцця ў маёй сям’і. Мы сталі больш сур’ёзна адносіцца да некаторых рэчаў. Але ў нас малое дзіця, так што захаванне гігіены і было абавязковым правілам. І раней, і зараз мыем рукі, сочым за здароўем малога. Цяпер вось стараемся менш кантактаваць з людзьмі. У магазін, зразумела, жонка ходзіць. А на працы «развучылі» прывітанне без паціскання рук. Гэта, зразумела, больш для жарту. Ведаеце, мы столькі ўсяго перажылі: і свіны, і птушыны грып. Не варта паддавацца панічным настроям. Проста выконваць усе рэкамендацыі і берагчы сябе.

Дзяніс:


– Варта прызнаць, што з’яўленне віруса ў нечым змяніла наша жыццё. Напрыклад, мама збіралася ў Германію, у госці да сястры, але цяпер мяжа закрыта.
Пакуль з-за сітуацыі з каранавірусам асабіста за сябе не хвалююся. Хіба што рукі пачаў мыць часцей, у машыне трымаю дэзынфекцыйныя сурвэткі. Але захворванне ў большай ступені атакуе пажылых, таму хвалююся хутчэй за родных і блізкіх.

Сяргей:


– Гэта ж і без віруса вядома і лагічна: перад прыёмам ежы трэба мыць рукі, вярнуўся з вуліцы — таксама памыць рукі. Нейкімі спецыяльнымі дэзсродкамі пакуль не карыстаўся.
Я працую ў школе, і, вы ведаеце, калектыў насцярожана ставіцца да развіцця падзей. Магчыма таму, што многа рознай інфармацыі, у тым ліку і негатыўнай, ідзе з розных СМІ. Вучні, як і ўсе дзеці, не вельмі асэнсоўваюць, а дарослыя людзі хвалююцца, і гэта зразумела, бо пандэмія ахоплівае вялікія плошчы па ўсім свеце.
Але думаю, што страх — гэта невядомасць. Мы ж сочым за статыстыкай і ведаем, што людзей, якія прыбываюць у краіну з небяспечных рэгіёнаў, абследуюць медыкі. Ведаем, што самім варта звяртацца да іх у выпадку з‘яўлення сімптомаў хваробы. У нашай навучальнай установе, як і паўсюль, праводзяцца санітарныя мерапрыемствы згодна з нормамі. Самі праводзім тлумачальную работу.
Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна
Фота Сяргея Талашкевіча.