Четверг, 2 апреля 2020

«Максишар»: «Самому старшему клиенту исполнилось 70!»

320

Пра Вольгу Барысевіч зараз ведаюць многія гараджане, якія скарысталіся яе паслугамі. За мінулы год, што дзейнічае яе павільён «Максішар», у якім прапануюцца розныя ўпрыгожанні для святаў, прадпрымальніца паспела выканаць нямала заказаў на вырабы з паветраных шароў і іншых матэрыялаў.


Ідэю свайго бізнесу Вольга Ігараўна выношвала доўга. Спачатку яна захаплялася аэрадызайнам, які асвоіла дасканала падчас адпачынку па доглядзе дзіцяці. Усё гэта было на аматарскім узроўні, тым больш, што жанчына дагэтуль атрымала зусім іншую прафесію. Але паспрабавала наладзіць цудоўныя святы для сваіх двух сыноў, потым па такую ж дапамогу звярнуліся сяброўкі. Атрымалася! З улікам попыту, што ўзнік на яе ідэі, Вольга задумалася пра тое, каб адкрыць уласную справу і аказваць паслугі больш шырокаму колу спажыўцоў.
— Напэўна, гадоў пяць я сумнявалася, не верыла ў тое, што нешта ажыццявіцца з маіх задумак,— успамінае Вольга Барысевіч.— Пакуль не сустрэла інфармацыю пра дзяржаўную падтрымку пачынаючых прадпрымальнікаў.
Жанчына звярнулася па кансультацыю ў раённую службу занятасці і атрымала падтрымку сваіх ідэй. Адразу наведвальніцы расказалі пра ўмовы субсідзіравання, згодна з якімі атрымальнік дзяржаўнай фінансавай падтрымкі павінен пасля адкрыцця ўласнай справы на працягу года з’яўляцца індывідуальным прадпрымальнікам і не менш за паўгода актыўна працаваць. Неабходна рыхтаваць і справаздачы, але, як зазначае Вольга Ігараўна, гэта для яе нескладана. Улічыла, што «стартаваць» дапамогуць атрыманыя грошы. А каштоўныя веды саіскальнікам субсідзіравання даюць на навучальных курсах. Падчас такой вучобы — ніякага фармальнага падыходу: спецыялісты навучальнага цэнтра расказалі будучым прадпрымальнікам пра асаблівасці падатковага заканадаўства ў гэтай сферы, дапамаглі выбраць аптымальны від дзейнасці або падатку, навучылі, як правільна весці бухгалтэрыю… У дадатак, аказалася, што курсы — гэта цудоўная магчымасць атрымаць новыя знаёмствы і падзяліцца вопытам.
У выніку індывідуальная прадпрымальніца атрымала больш за 3000 рублёў дзяржаўнай падтрымкі. Для пачатку сваёй справы ёй спатрэбіліся мэбля і матэрыял для першай прадукцыі, касавы апарат, тэрмінал для безнаяўных разлікаў. Трэба было вырабіць электронны ключ. Безумоўна, спатрэбіліся і ўласныя капіталаўкладанні, бо арганізацыйных пытанняў давялося вырашаць нямала. Але Вольга разумела і тое, што выдзеленую суму не трэба вяртаць, галоўнае — выкарыстаць грошы менавіта на ўказаныя мэты.
У выніку старт сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці Вольга Барысевіч перажыла лёгка. Лічыць, што за год не сустрэла якіх-небудзь непераадольных складанасцей, з-за чаго магло ўзнікнуць жаданне «апусціць рукі» і адмовіцца ад далейшай дзейнасці. Наадварот, планаў на перспектыву стала яшчэ больш. Пры гэтым да яе па заказы звяртаюцца не толькі маладыя мамы. Вясёлым кампазіцыям і букетам з шароў радуюцца пажылыя людзі: самаму старэйшаму з кліентаў-юбіляраў споўнілася 70 год. Некаторыя прапануюць уласныя ідэі, але большасць заказчыкаў поўнасцю давярае дызайнеру. Нямала ўжо і пастаянных спажыўцоў яе паслуг.
Многія буйныя сталічныя агенцтвы па арганізацыі святаў некалі таксама пачыналі з адной паслугі, напрыклад, па ўпрыгожанні залы. Хочацца спадзявацца, што і Вольга зможа прайсці гэты шлях.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).