Среда, 23 сентября 2020

Заместитель директора колледжа Маргарита Янушкевич: «Главная задача воспитателя — видеть человека»

785

На апошнім пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама былі агучаны дадзеныя аб росце зарэгістраваных на тэрыторыі раёна правапарушэнняў і злачынстваў. Сярод прычын гэтай сумнай дынамікі названы, у прыватнасці, пралікі ў арганізацыі выхаваўчай работы.
Як мэтазгодней — пугай ці пернікам — выхоўваць навучэнцаў каледжа, каб яны як мага радзей траплялі ў лік правапарушальнікаў? Пра гэта мы пагутарылі з намеснікам дырэктара каледжа М.А.Янушкевіч.


— Маргарыта Аляксандраўна, усім вядома, што ёсць маладыя людзі, якіх можна стымуляваць з дапамогай заахвочванняў, і ёсць тыя, хто разумее толькі “пугу” — пакаранне. Чаму аддаяце перавагу Вы ў сваёй рабоце з дзецьмі, якія прыйшлі да вас з розных школ раёна, прычым многія са сваёй псіхалагічнай “спадчынай”?
— Адразу заўважу: нашы выхаванцы — ужо не дзеці, гэта практычна дарослыя людзі, адказваць за якіх, тым не менш, даводзіцца нам. Але мы адказнасці з сябе не здымаем і не жадаем перакладаць яе на іншыя плечы… Мы таксама не цешым сябе ілюзіямі — у маладзёжным асяроддзі правапарушэнні былі, ёсць і будуць (у пэўным сэнсе гэта наканавана асаблівасцямі псіхалагічнага развіцця моладзі, якая набывае жыццёвы вопыт). Наш абавязак – мінімізаваць іх. Статыстыка нас не палохае: мы спакойна прымаем у нашы шэрагі нават тых дзяцей, якія маюць патрэбу ў iндывiдуальнай прафiлактычнай рабоце (ІПР). Успрымаем іх як звычайных навучэнцаў і, спалучаючы павагу і патрабавальнасць, імкнёмся развіваць і выкарыстоўваць іх станоўчыя рысы.
— Гэта значыць, працуеце на апярэджанне правапарушэнняў? А калі навучэнец усё ж банальна прагульвае заняткі?
— Калі навучэнец учыняе правапарушэнне, мы згодна з нашай, ужо праверанай выхаваўчай сістэмай, запрашаем яго на размову. Пазней запрашаем бацькоў, але пры гэтым ніколі не вінавацім іх, што яны, маўляў, не так выхоўваюць дзяцей. Мы — партнёры, праблемы падлеткаў — гэта нашы агульныя з імі праблемы. Бацькі, якія гатовы дапамагчы свайму дзіцяці, заўсёды адгукаюцца на нашы просьбы, тэлефанаванні.
— Няўжо няма такіх, хто з цяжкасцю паддаецца выхаванню?
— Ёсць тыя, хто з-за сваёй непаспяховасці не гатовы стаць спецыялістам. Але тут наша адміністрацыя сутыкаецца з парадоксам: з аднаго боку, мы не маем маральнага права выдаваць дыпломы людзям, якія ў далейшым будуць выконваць сваю работу дрэнна. З другога — па пэўных прычынах не можам так проста адлічыць навучэнцаў, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа. Хоць лічым, што адлічэнне — гэта вымушаная, але не самая кепская мера выхавання, якая ў тым ліку фарміруе ў чалавеку адказнасць за свае ўчынкі. Бывалі выпадкі, калі нашы навучэнцы пасля адлічэння паступалі на наступны год зусім іншымі людзьмі, з іншым, больш адказным, стаўленнем да жыцця. Яны прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх нашых мерапрыемствах, больш не парушалі дысцыпліну і паспяхова завяршалі вучобу.
— Хочаце сказаць, што навучэнцы, з якімі вядзецца iндывiдуальная прафiлактычная работа, у некаторым родзе знаходзяцца ў асаблівым становішчы? Як, у такім выпадку, з імі спраўляецеся?
— Напрыклад, працуем па прынцыпе “аднагодак — аднагодку”. Гэта правільна. Хочаш навучыцца сам — раскажы іншаму. Напрыклад, калі наш выхаванец парушыў закон па артыкуле 17.3 КоАП “Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва”, мы прапануем яму арганізаваць мерапрыемства на тэму шкоды алкаголю. Зразумела, пры падтрымцы педагогаў правапарушальнікі збіраюць матэрыялы, складаюць памяткі і выступаюць перад навучэнцамі. Гэта вельмі добра спрацоўвае. Літаральна на днях адзін правапарушальнік выступаў у сваім інтэрнаце і гатовы выступіць для іншых. Вядома, ёсць навучэнцы, якія проста не гатовы да публічных выступленняў. Мы іх не прымушаем, таму што гвалтоўным спосабам перавыхаваць чалавека немагчыма. Тут вельмі важны індывідуальны падыход: прыдумваем для іх іншую праграму. У любым выпадку мы павінны заахвочваць чалавека за поспехі і выпраўленне.
— Я правільна разумею, вы ствараеце для яго так званую “сітуацыю поспеху”?
— Так. Ён выступіў — і яго ацанілі, пахвалілі. Малады чалавек пачынае разумець, што вось яно — яго сапраўднае жыццё. І пачынае выпраўляцца. Часцяком сваімі дрэннымі паводзінамі непаўналетнія хочуць проста звярнуць на сябе ўвагу. Вельмі добра зарэкамендаваў сябе наш праект па самакіраванні. Для праблемных юнакоў і дзяўчат ён дае выдатную магчымасць раскрыць свае лідарскія якасці. У нас ёсць старасты паверхаў, старасты інтэрнатаў, старшыня савета інтэрнатаў, старасты сектараў. Яны вучацца кіраваць сваімі аднагодкамі. Гэта вельмі складана і ў той жа час цікава. У такой сумеснай садружнасці навучэнцы з ІПР атрымліваюць станоўчы сацыяльны вопыт. За любое паспяховае дзеянне мы не стамляемся ім паўтараць: “Ты разумны! Ты малайчына!”
— Напэўна, поспехі былых правапарушальнікаў радуюць не менш, а, можа, нават больш, чым поспехі астатніх.
— Так і ёсць. Нашы навучэнцы выдатныя. Танцоры, спевакі, спартсмены — ёсць з кім зарабляць дыпломы. З самага пачатку мы вывучаем іх схільнасці і дапамагаем ім раскрыць свой патэнцыял.
Таксама стараемся прыцягваць праблемных навучэнцаў у валанцёрскія атрады. Да прыкладу, летам нашы валанцёры былі задзейнічаныя ў рамонце навучальных корпусаў, інтэрнатаў і добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторый. Таксама некалькі разоў яны наведвалі сацыяльны прытулак, каб падтрымаць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Вялікай папулярнасцю ў нашых складаных выхаванцаў карыстаюцца традыцыйныя сустрэчы са святарамі раёна на духоўна-маральную тэматыку. Вельмі многія нашы навучэнцы з’яўляюцца так званымі пасіўнымі вернікамі, і падобныя гутаркі дапамагаюць ім зразумець больш глыбока хрысціянскае вучэнне. З задавальненнем мы супрацоўнічаем з маладзёжнымі брацтвамі і бібліятэчнай сістэмай раёна, з радасцю адгукаемся на ўсе іх прапановы па сумеснай рабоце.
— Як бачым, дзеля дабрабыту навучэнцаў каледжа розныя суб’екты прафілактыкі сёння аб’ядналі свае намаганні. Пры гэтым менавіта вашых педагогаў і, у прыватнасці, Вас як намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце абвінавачваюць у тым, што недапрацоўваеце ў гэтым накірунку. Напэўна, крыўдна чуць падобнае?
— Заяўляю з усёй адказнасцю: нашы педагогі — рэдкія энтузіясты. Яны захоплены сваёй работай і вельмі адказна займаюцца са складанымі падлеткамі. На жаль, сёння важным доказам работы з’яўляецца «даведзенае да розуму» папяровае справаводства. І чым далей, тым больш папер патрабуецца запаўняць. Калі яшчэ гады тры таму мы маглі проста па тэлефоне запрасіць бацькоў прыехаць да нас, то зараз абавязаны кожнае сваё дзеянне запратакаліраваць: напісаць ліст, зрабіць копію і пакласці яе ў асабістую папку. Уласна я пішу па некалькі справаздач у дзень у розныя інстанцыі. Як Вы лічыце, гэта дапамагае ў справе выхавання дзяцей?
— Думаю, гэта дапамагае памнажаць колькасць прафілактычных мерапрыемстваў у шкоду іх якасці.
— Так і ёсць. Сёння педагогам літаральна не хапае часу для правядзення эфектыўнай інды-відуальнай і групавой работы з маладымі людзьмі. У той жа час, кожны навучэнец павінен атрымліваць задавальненне ад мерапрыемстваў, якія па вызначэнні павінны быць цікавымі і пазнавальнымі. Толькі тады будзе вынік.
Гутарыла Алена Зялевіч.