Воскресенье, 20 сентября 2020

Жители Шерешево Николай и Галина Хведуны отпраздновали бриллиантовую свадьбу!

722

Свята 8 Сакавіка для шарашэўскай сям’і Мікалая і Галіны Хведуноў мае асаблівы сэнс: менавіта ў гэты святочны вясновы дзень 60 гадоў таму яны вырашылі стаць мужам і жонкай – і падалі заяву ў ЗАГС. Праз два дні нарадзілася іх сям’я, якая прайшла ўсе выпрабаванні часам і праз гады “заззяла”, як той брыльянт, агранены дабром, клопатам, узаемаразуменнем і каханнем.

На лаканічнае пытанне: як пражыць разам 60 гадоў у згодзе, юбіляры адказваюць з жартам:
— Куды дзенешся з падводнай лодкі? А калі сур’ёзна, то побач з родным чалавекам нават не заўважаеш, як час ляціць. Здаецца, толькі нядаўна была тая лёсавызначальная сустрэча. А гэта ж ішоў ажно 1960 год…


Галіна, ураджэнка вёскі Абруб, толькі вярнулася з Украіны, куды кожны год выязджала на заробкі, і ўладкавалася на працу паляводам у калгас “Перамога”. Мікалай, жыхар Лазоўкі, прыехаў у водпуск з цаліны, на якую падаўся пасля заканчэння вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі ў Баранавіцкім раёне.
— На цаліне працаваў то трактарыстам, то камбайнерам. І перад новай пасяўной вырашыў наведаць родных. А тут чую, што ў суседнім Абрубе вяселле гудзе. Што моладзі рабіць? Збірацца пад вокнамі, каб маладых разгледзець, а заадно і на танцы заскочыць. А там сярод іншых дзяўчат бачу: ззяе вачыма такая прыгажуня, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць: высокая, статная, чорныя бровы паўмесяцам, — успамінае хвалюючыя моманты жыцця Мікалай Хвядун.
“Не ўздумай! Гуляй яшчэ: ты ж малады!” — павучаў потым закаханага сына, які вырашыў умомант скончыць з халасцяцкім жыццём, бацька. “Калі кахаеш — жаніся”, — настойліва пярэчыла яму маці. Ва ўнісон з ёй тое ж самае напявала сэрца юнака…
Праз два тыдні Мікалай завітаў у сваты. 10 сакавіка адбылася сціплая вясельная вечарына, а ўжо 11-га маладыя “адчалілі” ў Казахстан…
Аднак праз год Галіна вярнулася, паколькі Мікалай Мікалаевіч вырашыў, што іх першынцу трэба нарадзіцца на малой радзіме.
— Тут бацькі, сваякі. Заўсёды маглі дапамагчы, — тлумачыць мужчына.
Сам ён пасля рэарганізацыі саўгаса, дзе працаваў памочнікам брыгадзіра трактарнай брыгады, таксама прыехаў дамоў і адразу паступіў у Пружанскі тэхнікум, пасля заканчэння якога свае веды і навыкі механіка прыкладаў у сельгастэхніцы, ДЭУ-140 і іншых арганізацыях і гаспадарках раёна.
А Галіне Пятроўне давялося працаваць і ў полі, і ў Шарашоўскай бальніцы санітаркай, і ў доме інвалідаў сястрой-гаспадыняй.
— І на ўласнай сядзібе завіхалася амаль без адпачынку: трох сыноў трэба было гадаваць. Праўда, бязлітасны лёс забраў у мяне двух дзяцей. Цяжкая хвароба скасіла аднаго ў 38, другога ў 53 гады, — цяжка ўздыхае пажылая жанчына. — Але жыццё працягваецца. Ёсць дзеля каго яшчэ нам жыць: дзевяць унучак у нас з Мікалаем, дзевяць праўнукаў. А ўнучкі ўсе — як на падбор: настаўніца, юрыст, музыкант, ваеннаслужачая… Усе прыгожыя, адукаваныя, выхаваныя. Сын Аляксей, наша галоўная апора, пасля службы ў войску таксама без справы не сядзіць — працуе ў Лядовым палацы.
Менавіта дзеля дабрабыту сваіх нашчадкаў Мікалай і Галіна Хведуны ажно да сямідзесяці гадоў трымалі і кароўку, і парасят. Сёння па іх падворку, які надзейна ахоўваецца старым, але адданым сабакам, шпацыруюць толькі курачкі-нясушкі…
— Як кажуць: цярпенне і праца ўсё ператруць… Як мы з малых гадоў працавалі і не цураліся ніякай работы, так і дзяцей сваіх, і ўнучак вучылі ніколі не ленавацца і рабіць сваю справу годна, нават з апошніх сіл… Толькі тады, азіраючыся на пражытае жыццё, можна будзе смела сказаць: “Не жыццё, а брыльянт…”
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).