Среда, 8 июля 2020

Ансамбль танца «Ладачкі» атрымаў дыплом І ступені на конкурсе «Запаліць зорку»

485

I Рэспубліканскі конкурс мастацтваў “Запаліць зорку”, які адбыўся нядаўна ў г.Івацэвічы, сабраў лепшых юных артыстаў з Брэсцкай, Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Заззялі на конкурсе і нашы, пружанскія, зорачкі.


Конкурсныя выступленні ў шасці намінацыях (харавыя і сольныя спевы, харэаграфія, мастацкае чытанне, інструментальная музыка і тэатральнае мастацтва) ацэньвала прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі педагогі адукацыйных музыкальных устаноў, заслужаныя дзеячы культуры, лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, кіраўнікі славутых творчых калектываў.
Галоўная мэта фестывалю — падтрымка і папулярызацыя дзіцячай і юнацкай творчасці, выяўленне новых імёнаў і талентаў — была дасягнутая. Дыпломам I ступені быў узнагароджаны ансамбль танца “Ладачкі” (малодшая ўзроставая група), якім кіруе Крысціна Сяргееўна Давідзюк.
Як і іх старэйшыя сяброўкі па харэаграфічным аддзяленні, дзяўчынкі выканалі танец на ўсходнія матывы і зачаравалі сваёй грацыёзнай пластыкай і цудоўнымі касцюмамі журы.
— Немагчыма перадаць словамі тое, што адчувала падчас выступлення кожная з нас! – наперабой дзеляцца ўражаннямі ўсхваляваныя дзяўчынкі. – Яркае святло сафітаў і гучныя апладысменты гледачоў, якія запрашалі нас на сцэну, выклікалі неверагоднае хваляванне. Але мы змаглі! Ура! Вялікі дзякуй нашаму кіраўніку за цярпенне, канцэртмайстру — за падтрымку, ну і, вядома, бацькам — за клопат і веру ў нашу перамогу!
Віншуем юных артыстак з бліскучым вынікам і жадаем новых творчых дасягненняў і перамог!

Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.