Понедельник, 13 июля 2020

Как живется и работается молодым специалистам в глубинке? Журналисты заглянули в лысковскую амбулаторию

873

Урач агульнай практыкі Раман Віктаравіч Жухевіч прызнаецца, што падчас размеркавання ва ўніверсітэце асаблівых пераваг не аддаваў гораду ці сялу: кваліфікаваная медыцынская дапамога патрэбна ўсім. І вось у жніўні мінулага года малады спецыяліст прыступіў да работы ў Лыскаве. Акрамя яго, невялікі калектыў мясцовай амбулаторыі папоўніўся яшчэ адным маладым спецыялістам: Анастасія Аляксандраўна Наўгародская — памочнік урача.

— У зоне абслугоўвання Лыскаўскай амбулаторыі 15 населеных пунктаў. Калектыў медработнікаў невялікі — усяго тры чалавекі. На нашым участку пражывае каля 1300 чалавек, з іх 102 — пацыенты ва ўзросце да 18 гадоў, прычым шасцёра — да года, — расказвае загадчык амбулаторыі Раман Жухевіч. — Вельмі дапамагае  Ніна Васільеўна Якаўчук — медсястра ўжо са стажам. Яна тут — чалавек мясцовы, таму знаёма з кожным нашым пацыентам. А мы з памочнікам пакуль абжываемся.

Раман Жухевіч родам з Жабінкі. Дыплом па спецыяльнасці «лячэбная справа» атрымаў у Гомельскім медыцынскім універсітэце. У Лыскава прыехаў не адзін — разам з жонкай Валерыяй. Валерыя Віктараўна — таксама ўрач агульнай практыкі, яе накіравалі на работу ў Ружаны. У аграгарадку мясцовая гаспадарка выдзеліла сям’і жыллё.

— Хаця мы з жонкай і гарадскія, але жыццё на сяле нас не напалохала. Тым больш, што я знаёмы практычна з усёй вясковай работай: і дровы секчы ўмею, і агарод капаць. Некаторыя з маіх навыкаў, дарэчы, ужо і спатрэбіліся: напрыклад, кацёл у нас на дровах.

Калі што і сапсавала гара-джанам уражанне пра сельскае жыццё, дык гэта транспартнае злучэнне. Яно стварае пэўныя нязручнасці.

— Мне прасцей — у мяне работа на месцы. А вось жонцы трэба дабірацца ў Ружаны кожны дзень, што вельмі праблематычна. І справа не ў тым, што шмат часу забірае дарога: няма на чым даехаць.

Клопатаў у вясковага доктара — хоць адбаўляй! Асаблівасць работы ў сельскай амбулаторыі — шматпрофільнасць. Хаця ў цэлым адрозненняў урачэбнай дзейнасці ў амбулаторыі і гарадской бальніцы, за выключэннем абмежаванай колькасці даступных ва ўмовах амбулаторыі даследаванняў, Раман Віктаравіч не бачыць.

— Да нас пацыенты прыходзяць з такімі ж праблемамі, як і ў горадзе: кожнага другога непакоіць артэрыяльны ціск, кожнага трэцяга — сэрца. Таксама стараешся прывучаць людзей да здаровага ладу жыцця. А здараецца, што хворым патрэбны не толькі лекі: людзей, як вядома, акрамя правільна назначанага лячэння, яшчэ і словы добрыя ставяць на ногі.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.