Вторник, 22 сентября 2020

Сегодня сотрудники милиции отмечают профессиональный праздник

757

У актавай зале райаддзела міліцыі, дзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае прафесійнаму святу вартавых правапарадку, літаральна не было свабодных месцаў. І сабраліся тут, каб атрымаць заслужаныя віншаванні, не толькі супрацоўнікі райаддзела міліцыі і ветэраны РАУС, але і калегі з іншых сілавых структур, прадстаўнікі мясцовых органаў улады.

Намеснік начальніка РАУС Ю.А.Неміровіч і старшыня райсавета ветэранаў РАУС М.М.Замковіч у музеі райаддзела ўнутраных спраў.

На пачатку ўрачыстасці старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец вітаў цяперашніх супрацоўнікаў райаддзела і яго ветэранаў. Ён адзначыў прафесіяналізм праваахоўнікаў і іх вялікі ўклад у стварэнне камфортных умоў для жыцця ў нашым рэгіёне.

А.В.Гук уручае ўзнагароду М.П.Стэпусюку за дапамогу ў раскрыцці злачынстваў .

— Вы — непераадольны бар’ер для злачыннасці, для асацыяльных праяў у дзяржаўных інстытутах — эканоміцы, сям’і і быце,— падкрэсліў Мікалай Пятровіч.— І хаця праваахоўнікі не прымаюць непасрэдны ўдзел ва ўзвядзенні жылых дамоў, выпуску прамысловай ці харчовай прадукцыі, нашаму грамадству патрэбна ваша служба, каб адчуваць за сабой трывалую абарону і верыць у захаванасць нашага дома, родных і блізкіх.

Таксама старшыня райсавета дэпутатаў уручыў Граматы і Падзячныя пісьмы супрацоўнікам міліцыі за высокія дасягненні і добрыя паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці.

Прыемную традыцыю ўзнагароджання лепшых працягнуў начальнік райаддзела ўнутраных спраў   А.В. Гук. Ён выказаў падзяку ветэранам за створаны імі падмурак цяперашняй службы, за закладзеныя традыцыі, якія сучасныя міліцыянеры шануюць і развіваюць.

— Пружанская міліцыя можа па праве лічыцца кузняй кадраў: многія нашы калегі служылі ў абласным упраўленні ўнутраных спраў, прычым на даволі высокіх пасадах, — зазначыў Аляксандр Васільевіч.— Некаторыя кіраўнікі або адказныя спецыялісты пружанскіх прадпрыемстваў таксама прайшлі міліцэйскую школу.

Узнагароду атрымлівае супрацоўнік міліцыі Д.В. Касцюк.

Граматы, Падзячныя лісты і юбілейныя медалі атрымалі прадстаўнікі практычна ўсіх службаў, не абмінуў   А.В. Гук увагай ветэранаў РАУС і калег з іншых сілавых структур, а таксама тых ведамстваў, якія актыўна супрацоўнічаюць з пружанскай міліцыяй у вырашэнні розных сацыяльных пытанняў і ў прафілактычнай дзейнасці.

Са словамі віншавання выступілі таксама старшыня раённага савета ветэранаў РАУС М.М.Замковіч, які пажадаў трымаць «гонар мундзіра» на высокім узроўні, і протаіерэй Ігар Мрыхін, які выказаў упэўненасць, што супрацоўнікі ў пагонах і далей будуць служыць не для сябе, а для людзей.

Святочную атмасферу ў зале дапамагалі ствараць артысты арт-гурта «Родники», а таксама юныя спявачкі Дар’я Аляксейчык, Настасся Басак, Антаніна Уродніч і Рэната Калюта. Выступоўцы змаглі сапраўды «запаліць» аўдыторыю, у выніку чаго ім падпявалі і ветэраны, і службоўцы, а кожны нумар зрываў шквал апладысментаў.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).