Воскресенье, 25 октября 2020

Виктор Хомич: «Я с детства знал, что свяжу жизнь с лесом»

469

“Люблю я лес, адвечны бор, дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі, дзе рассцілаюць елі лапкі і востры пах імкнуць у прастор”, — вось так, менавіта з верша Якуба Коласа, пачынае нашу размову прадстаўнік яшчэ адной “пушчанскай” дынастыі – работнікаў лесу – Віктар Сяргеевіч Хоміч. Гэты малады і вельмі прыгожы чалавек з вёскі Галены толькі год працуе памочнікам ляснічага ў Сухопальскім лясніцтве, а ўжо паспеў заваяваць пэўны аўтарытэт у старэйшых калег.

Пра тое, што свой лёс ён звяжа з лесам, Віктар ведаў з ранняга дзяцінства, таму што перад вачыма заўсёды быў добры прыклад рэдкай адданасці чалавека лясной стыхіі.

— Прадзед,  дзядуля, бацька пражылі ў згодзе з лесам і яго насельнікамі і мне прывілі такую ж любоў. Я маленькім хадзіў з татам у грыбы і ягады. Бацькі мне шмат цікавых гісторый расказалі пра  даўнія часы. Пра тое, як раней работнікі лесу (і мой дзядуля таксама) вязалі венікі для ласёў, капалі тапінамбур для іх. Як сенам і травянымі грануламі, якія ўласнымі сіламі нарыхтоўвалі, звяроў падкормлівалі: зубры вялікімі статкамі збіраліся вакол сваіх “гаспадароў”. Як пешшу абходзілі свае ўгоддзі, якія цягнуліся ажно да мяжы з Польшчай, і, калі заставаліся начаваць у лесе, то ўсталёўвалі вакол стаянкі вогненныя факелы, каб дзікоў адпужваць. Ці ж гэта не рамантыка? —  усміхаецца юнак.

Пэўна, рамантыка, і вельмі прывабная, калі  адразу пасля заканчэння Сухопальскай сярэдняй школы Віктар з лёгкасцю паступіў у БДТУ (г. Мінск), на адным, як прызнаецца, дыханні адвучыўся на лесагаспадарчым факультэце і ўладкаваўся на працу ў Рэчыцкае лясніцтва. А праз год вярнуўся на Пружаншчыну і стаў дапамагаць мясцоваму ляснічаму.

— Работы хапае: сёння пад аховай сухопальскіх леснікоў (а іх у нас шаснаццаць) больш за 10 тысяч гектараў лесу – ад Шарашэва да Хвойніка. Усе разам сочым за станам дрэў, за распаўсюджваннем лясной расліннасці і, вядома, любуемся на звяроў. Вось нядаўна каля вёскі Клятное бачыў, як рысь дарогу перабягала. Не кажу ўжо пра тое, што амаль кожны дзень мы, жыхары пушчанскіх вёсак, назіраем за зубрамі, якія вымушаны выходзіць з лесу на палі: кармавая база для іх, на жаль, не тая, што раней, — кажа малады чалавек.

Але Віктар ні аб чым не шкадуе. Большасць яго аднакласнікаў ужо пераехала ў горад, а ён застаўся.

—  Вёска Галены пусцее, а я зусім не хачу адсюль з’язджаць. У горадзе — бы ў той клетцы, а тут – раздолле і прыгажосць! Для мяне няма больш прывабнага месца, чым наша пушча: толькі выйдзеш з хаты, адразу пачуеш якую-небудзь цікавую птушку. Удыхнешь на поўныя грудзі густога водару смалы, якім струменяць сосны непадалёк ад тваёй хаты, і здаецца, нейкай незямной сілай наліваецца цела. А ў лесе ў кожнага дрэўца свой “спеў”. Любата і спакой. Вось так ідзешь “ласінымі” сцежкамі: пад нагамі шышкі хрумсцяць,  паўсюль шнараць мурашы — і адчуваешь сябе нібы маленькай часцінкай вялізнай экасістэмы. Я прыкіпеў да пушчанскай зямлі…

Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.