Среда, 23 сентября 2020

В Пружанах отпраздновали Масленицу

892

Нягледзячы на тое, што Масленіцу святкавалі і зіму
праводзілі ў Пружанах у першы вясенні дзень, надвор’е ўсё-такі выдалася не веснавым. З самага ранку пайшоў дождж, які да пачатку святкавання толькі ўзмацніўся. Але капрызы надвор’я не спалохалі пружанцаў і гасцей горада, якіх на гарадской плошчы сабралася нямала.

Напэўна, кожны спадзяваўся, што нехта ў «нябеснай канцылярыі» ўсё-такі заўважыць, як могуць весяліцца пружанцы, і паверне рубільнік на «сонечна і цёпла». Забягаючы наперад,            адзначым, што арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства гэта ўдалося: плошча літаральна бурліла энергіяй.

Песнямі і танцамі гледачоў радавалі  самыя лепшыя калектывы: аматарскія аб’яднанні «Дзявочнік» з Мокраўскага СДК, «Смаляначка» і вакальны гурт «Валыняначка» з Навасёлкаўскага СДК, гурты «Каханачка» і «Бабіна лета» з Аранчыцкага дома фальклора, «Надзея» са Сланімцоўскага клуба-бібліятэкі, «Святліца» з Белавусаўшчынскага СДК. А таксама самыя выбітныя выступоўцы раёна, сярод якіх Кацярына Цяжолава, Наталля Кулік і многія іншыя.

Пад народныя музыку і спевы тыя, хто быў бліжэй да сцэны, і спявалі, і танцавалі. Не засталіся па-за ўвагай і жадаючыя паказаць сваю сілу і спрыт.

Безумоўна, у цэнтры ўвагі быў масленічны слуп, які быў атакаваны літаральна адразу пасля ўсталявання.

І хаця не ўсе спробы залезці на самы верх былі ўдалымі, усё-такі прызы знайшлі сваіх уладальнікаў пры самай актыўнай падтрымцы гледачоў.

Таксама хапала жадаючых паўдзельнічаць і ў іншых сілавых выпрабаваннях, асабліва ў падыманні гіры. Тут не абышлося без асабістых рэкордаў, некаторым удавалася зрабіць па 30-40 штуршкоў. Пры гэтым сярод             удзельнікаў былі не толькі маладыя людзі, але і іх настаўнікі. Так, выкладчык каледжа Аляксандр Мацаюк зрабіў 80 штуршкоў гіры вагой 24 кг, чым выклікаў авацыі публікі.

Гарачыні ў святочную атмасферу дабаўлялі і філіялы райспажыўтаварыства, работнікі якіх прыгатавалі для гасцей свята нямала прысмакаў. 

Побач з асноўным святкаваннем на плошчы каля Палаца культуры было арганізавана мерапрыемства, прысвечанае Адзінаму дню бяспекі. Усе дзяржаўныя органы прынялі ўдзел у навучанні насельніцтва асновам бяспекі жыццядзейнасці. Выратавальнікі, супрацоўнікі хуткай медыцынскай дапамогі, дзяржаўтаінспекцыі, райгазу, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама валанцёры раённай суполкі Таварыства Чырвонага Крыжа і члены Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных аб’ядналіся з мэтай папярэджання гібелі людзей ад знешніх прычын.

Кожны з арганізатараў акцыі даводзіў да яе ўдзельнікаў разнастайныя пытанні бяспекі: як правільна выклікаць экстранныя службы, дзе бяспечна пераходзіць дарогу, як прызвычаіць сябе да здаровага ладу жыцця і аказаць першую дапамогу. Тыя, хто прымаў актыўны ўдзел, атрымлівалі маляўнічыя буклеты, узнімалі сабе настрой у конкурсах, сядзелі за рулём спецтэхнікі. І ніякае надвор’е не перашкодзіла атрымаць задавальненне і новыя веды.

Больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_270647123

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).