Пятница, 29 мая 2020

Водитель-почтальон Анатолий Семенчук: «Раённыя будні» любимая газета сельчан

462

«Тэлефаную па просьбе жыхароў вёсак Носкі і Залессе. Вельмі хацелася б расказаць пра нашага паштальёна Анатоля Семенчука. Не, не хочам сказаць нічога дрэннага пра яго папярэднікаў Ірыну Хоміч ці Юрыя Мядзведзя: гэта таксама цудоўныя, ветлівыя работнікі. Але настолькі добрага, шчырага, спагаднага чалавека, як Анатоль Фёдаравіч, рэдка сустрэнеш. Яго «паштовае аддзяленне» на колах замяняе нават магазін: па нашай просьбе ён хіба што толькі хлеба не прывозіў. А так у яго машыне ёсць усё: ад шакаладу і насення да камбікармоў і мукі…»
Стараста гэтых населеных пунктаў Людміла Уладзіміраўна Ляўчук настолькі пераканаўча расказвала, з якой дабрынёй і цеплынёй гэты чалавек ставіцца да людзей, што мы проста вымушаны былі пазнаёміцца з ім.


Сустрэцца з карэспандэнтамі Анатолю Фёдаравічу было зручней напрыканцы свайго рабочага дня, калі ён на машыне ўжо вяртаецца на Пружанскі ўчастак. Да слова, рабочы тыдзень вадзіцеля-паштальёна Хараўскога аддзялення паштовай сувязі пачынаецца ў аўторак і заканчваецца ў суботу.
Працягласць штодзённага маршруту мотадастаўкі, на якім працуе Анатоль Семянчук, складае каля 120 кіламетраў. У яго ўваходзіць 12 населеных пунктаў: Смаляніца, Навасёлкі, Комлішча, Росахі, Піняны, Носкі, Залессе, Бортнавічы, Жагалы, Стасюкі, Хвалявічы і Скорцы. Большая частка кліентаў — пенсіянеры. Гэтая акалічнасць вызначае асаблівасці абслугоўвання жыхароў гэтай зоны.
— Людзям пажылога ўзросту, якія жывуць у аддаленых вёсках, іншы раз складана набыць некаторыя рэчы, заплаціць за камунальныя паслугі: трэба дабірацца як мінімум у цэнтр сельсавета. Вось і прыходжу на дапамогу: сёння мотадастаўка «Белпошты» — гэта і паштовыя паслугі, і банк, і магазін.

Анатоль Фёдаравіч не проста раскладвае карэспандэнцыю па паштовых скрынях — заходзіць у кожны дом: каму перыядычныя выданні аддасць асабіста ў рукі, каму пенсію прынясе, каму тавар, у тым ліку пад заказ, прывёз, у каго аплату за святло ці вываз смецця прыняць трэба.
— На сённяшні дзень ужо магу па памяці сказаць, у якім доме хто жыве. Нават больш за тое, і без папярэдніх заказаў ведаю, каму і калі трэба прывезці муку, алей, шакаладку ці, напрыклад, мяшок камбікорму.
Штомесячная пошта на колах, якой загадвае мужчына, толькі тавараў штомесяц прадае на суму каля трох тысяч рублёў.
У працоўным графіку Анатоля Семенчука серада і субота — дні павышанай нагрузкі: у гэтыя дні выходзіць «раёнка».
— Без перабольшання, «Раённыя будні» — самая любімая газета ў вяскоўцаў, — зазначае суразмоўца. — Свежыя мясцовыя навіны хочуць ведаць амаль у кожным доме: на маім маршруце выпісваюць каля 150 экзэмпляраў «раёнкі», а гэта кожны чацвёрты жыхар.

Варта зазначыць, што кліенты цэняць Анатоля Фёдаравіча за чалавечыя якасці, а кіраўніцтва — за дзелавыя. Летась па выніках як першага, так і другога паўгоддзяў вадзіцель АПС «Харава» станавіўся пераможцам прафесійнага спаборніцтва «Лепшы па прафесіі», якое праводзілася паміж работнікамі Бярозаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі (у разлік бяруцца аб’ёмы выручкі ад рэалізацыі тавараў, аказаных паслуг, наяўнасці заўваг ці скаргаў і іншае). І гэта пры тым, што стаж работы ў паштовай галіне ў А.Ф.Семенчука толькі шэсць гадоў: родам з Андрыянаўкі, працоўную біяграфію ён пачаў у родным калгасе «Іскра», затым працаваў на Пружанскім КБМ, пакуль той не ліквідавалі.
Пра свае працоўныя дасягненні, за якія ў тым ліку, дарэчы, за ім нядаўна замацавалі новы аўтамабіль «ГАЗ Собаль», Анатоль Фёдаравіч гаворыць сціпла:
— На Хараўскім АПС добра працую не адзін я: па выніках работы за апошняе паўгоддзе аддзяленне аказалася самым рэнтабельным на Бярозаўскім рэгіянальным вузле паштовай сувязі, а начальнік аддзялення Жана Анатольеўна Крыштафовіч у прафесійных спаборніцтвах таксама была сярод прызёраў. Што да мяне, ніякіх сакрэтаў, як выклікаць прыхільнасць у абслугоўваемага насельніцтва, няма. Лічу, што трэба проста сумленна выконваць сваю работу, уважліва ставіцца да людзей, іх патрэб, калі ўжо абраў такую галіну дзейнасці, у якой без кантактаў з людзьмі аніяк.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.