Вторник, 24 ноября 2020

Общество спасения на водах провело отчетное собрание. Возможно купание будет разрешено еще в нескольких водоемах

433

На сходзе раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах, якое прайшло напрыканцы мінулага тыдня, традыцыйна былі падведзены вынікі работы за мінулы год і вызначаны задачы, над якімі давядзецца працаваць сёлета.
За актыўную прафілактычную работу, прыцягненне новых членаў у суполку і адсутнасць фактаў парушэння правілаў паводзін ля вады работнікамі арганізацый быў адзначаны шэраг старшыняў пярвічак і асобныя члены таварыства.

Граматы і падзячныя лісты абласнога савета арганізацыі старшыня раённай суполкі таварыства Ю.М.Амельянчук уручыў намесніку старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновічу, намесніку дырэктара каледжа М.А.Янушкевіч, галоўнаму спецыялісту малочнага камбіната А.М.Карсюк.


Раённымі ўзнагародамі і каштоўнымі падарункамі была адзначана работа педагога Хараўской СШ А.А.Фядотавай, начальніка Пружанскага ВПС Т.Ф.Ільяшэвіч і следчага РАСК В.А.Лабінскага.

Як зазначыў старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Ю.М. Амельянчук, 2020-ы — адметны год у існаванні гэтай арганізацыі: сёлета раённай суполцы спаўняецца 15 гадоў. За мінулы час удалося дасягнуць даволі сур’ёзных вынікаў у прафілактычнай рабоце.
— У гісторыі нашага раёна быў час, калі амаль штогод рэгістравалася больш за паўтара дзясятка выпадкаў трагічнай гібелі людзей на вадаёмах Пружаншчыны,— падкрэсліў Юрый Міхайлавіч.— А зараз два-тры такія факты лічацца сапраўдным бедствам.
У мінулым годзе на тэрыторыі раёна ў вадзе загінула два чалавекі — жыхар Столінскага раёна і грамадзянін Казахстана. Абодва мужчыны былі моцна п’яныя: у іх крыві было выяўлена адпаведна 3,8 і 4,4 праміле алкаголю. Менавіта распіццё спіртных напояў на пляжы і купанне пасля такога застолля з’яўляюцца апошнім часам асноўнай прычынай гібелі людзей. За мінулы год за падобныя правапарушэнні супрацоўнікі міліцыі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 33 чалавекі. Над прафілактыкай гэтай заганы павінны працаваць усе члены раённага таварыства ў шчыльнай звязцы з праваахоўнымі органамі і работнікамі МНС.
Не менш значным фактарам, які спрыяе змяншэнню колькасці тапельцаў старшыня мясцовай арганізацыі ТВВОД лічыць павелічэнне колькасці членаў добраахвотнай суполкі. На сённяшні дзень яна аб’ядноўвае амаль 5000 чалавек, гэта значыць, што ў яе шэрагах зараз кожны дзясяты жыхар Пружаншчыны. Членам таварыства неабходна не толькі самім захоўваць элементарныя правілы паводзін на вадзе, але і навучыць іншых, каб увогуле спыніць сумную статыстыку. Пэўныя зрухі ў гэтым ёсць. Напрыклад, па выніках работы за мінулы год пружанская арганізацыя сярод 21 аналагічнай у вобласці заняла пятае месца.
Аднак, на думку намесніка старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіча, які прыняў удзел у сходзе, пружанская суполка можа стаць і першай, калі вырашыць шэраг стрымліваючых такое развіццё пытанняў. Напрыклад, трэба зрабіць больш празрыстым выдаткаванне сабраных членскіх узносаў. Летась было сабрана больш за 5 тысяч рублёў, але ніхто дакладна не змог адказаць на пытанне, канкрэтна колькі на якія мэты было расходавана? Вядома толькі, што яны пералічваліся ў вобласць, адкуль паступае прафілактычная літаратура, відэастужкі і прыязджаюць вадалазы для абследавання акваторый дазволеных месцаў купання.
— Лічу, што трэба ўдасканаліць механізм расходавання ўзносаў, тым больш, што сёлета плануецца пашырыць спіс вадаёмаў у раёне, дазволеных для купання,— зазначыў Руслан Васільевіч.— Мяркуецца ўключыць у іх так званы басейн у Пружанах, вадаёмы ў г.п.Шарашэва, у в.Магілёўцы, а таксама побач з аграгарадкамі Клепачы і Кабылаўка, даводзячы такім чынам агульную колькасць да дзесяці.
На думку намесніка старшыні райвыканкама, неабходна ўдасканаліць работу праваахоўных органаў, зрабіць рэйды па вадаёмах рэгулярнымі або заахвочваць грамадзян паведамляць пра выпадкі распіцця спіртных напояў на пляжах.
Таксама перад удзельнікамі сходу выступілі намеснік начальніка РАНС А.А.Зарэцкі і старшы інспектар РАУС А.В.Кунцэвіч, якія давялі сваю статыстыку і паабяцалі наладзіць больш шчыльнае ўзаемадзеянне з таварыствам выратавання на водах.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).