Среда, 30 сентября 2020

Утром 24 февраля за рулем ехали в основном женщины

770

Кантроль працоўнай дысцыпліны цяпер вядзецца дастаткова строга. Як вынік, у рабочыя дні рэдка можна сустрэць нецвярозага чалавека, які сеў за руль аўтамабіля. Сапраўды, рэгулярныя праверкі алкатэстарам на прадпрыемстве пагражаюць пазбаўленнем не толькі вадзіцельскага пасведчання, але і месца працы.
Аднак падобнае ўстрыманне для некаторых становіцца падставай «расслабіцца» ў выхадныя дні. З-за чаго апошнім часам назіраецца рэзкі рост «п’яных» аварый, якія рэгіструюцца менавіта ў суботу і нядзелю. Напрыклад, у абласным цэнтры напачатку года менавіта ў выхадны дзень быў затрыманы таксіст, у крыві якога было 3,4 праміле алкаголю. Як ён патлумачыў, не змог адмовіць сабе ў «адной-другой бутэлечцы піва».


Іншы брэстаўчанін паведаміў супрацоўнікам ДАІ, што ён выпіў «толькі 100 грамаў спіртнога», але раптоўна спатрэбілася паехаць на машыне. У салоне інспектары знайшлі некалькі пустых бутэлек з-пад спіртнога, а ў крыві затрыманага выявілі 3,2 праміле алкаголю.
На дарогах Пружаншчыны такія гісторыі таксама не рэдкасць. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца «п’яная» аварыя на пад‘ездзе да Слабудкі ў мінулыя выхадныя. Аўтамабіль, якім кіраваў жыхар раёна, некалькі разоў перавярнуўся і, на шчасце, не закрануў нікога з навакольных. У крыві пацярпелага вадзіцеля было каля 2 праміле алкаголю.

Каб спыніць гэту тэндэнцыю і ў чарговы раз нагадаць удзельнікам дарожнага руху, што за кіраванне ў нецвярозым стане прадугледжана сур’ёзная адказнасць, раніцай у першы дзень пасля выхадных (на якія таксама прыпала і адзначэнне мужчынскага свята — Дня абаронцаў Айчыны) супрацоўнікі раённага аддзялення ДАІ разам з урачом-нарколагам Пружанскай ЦРБ В.В.Смаль правялі рэйд. За дзве гадзіны было праверана некалькі дзясяткаў вадзіцеляў. Ні ў аднаго мужчыны за рулём «трубка» не паказала ўтрыманне алкаголю ў крыві. Але, як зазначаюць інспектары, гэта не азначае, што ў Пружанскім раёне мужчыны вядуць цвярозы лад жыцця. Справа ў тым, што раніцай 24 лютага за рулём больш за дзве трэці аўтамабіляў сядзелі жанчыны. А мужчыны — у якасці пасажыраў.
— Хаця б так, што гарантуе адсутнасць нецвярозых за рулём,— гаворыць старшы інспектар ДПС Сяргей Мышкевіч.


Супрацоўнікі ДАІ таксама звярталі ўвагу на веласіпедыстаў і пешаходаў. І вось тут усё было не так адназначна. Некаторыя ехалі на неабсталяваных належным чынам веласіпедах, за што атрымлівалі папярэджанне. Быў спынены і пешаход, які ішоў па даволі мудрагелістай траекторыі. Як высветлілася, у крыві мужчыны было 3,5 праміле алкаголю. А ішоў ён, як паведаміў затрыманы, на работу, дзе працуе зваршчыкам. Інспектары адправілі небараку дадому.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).