Суббота, 5 декабря 2020

У «Палацыку» праходзіць выстава мастачкі Святланы Валасюк

735

Кожны, хто прыйшоў у мінулую пятніцу ў “Пружанскі палацык”, атрымаў магчымасць не толькі дакрануцца да магічных мастацкіх твораў, але і пазнаёміцца з жанчынай, якая стварыла гэтую прыгажосць. У музеі-сядзібе адкрылася выстава жывапісу Святланы Валасюк “Узроўні”.


Мастачка нарадзілася ў г. Жабінка. Скончыла факультэт мастацтваў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Зараз жыве і працуе ў Кобрыне.


Як распавяла на адкрыцці сама Святлана, малюе яна з самага дзяцінства і не ўяўляе без гэтага свайго жыцця. Сёння мастачка займаецца жывапісам, графікай, батыкам і камп’ютарнай графікай. Свае вобразы і іх сутнасць шукае ва ўсім, што акружае, — у людзях, прыродзе, кнігах, музыцы… Рэгулярна ўдзельнічае ў выставах і пленэрах, шмат падарожнічае — усё гэта прыносіць значную частку ўражанняў і натхнення, без якіх творчы працэс немагчымы.
Увогуле музейны салон ледзь змясціў усіх аматараў прыгажосці, уражаных творчасцю, пранікнёнай пяшчотнымі вобразамі кветак, летуценняў, мараў ды сноў…


Адметна, што адкрыццё выставы прыпала на Дзень роднай мовы. А мова бацькаўшчыны, як зазначыла сама мастачка, дае моцны імпульс для творчасці, больш за тое, містычна ўздзейнічае на яе лёс. Таму вельмі дарэчы быў невялікі канцэрт-падарунак мастачцы і прысутным ад выхаванцаў Ліноўскай школы мастацтваў.


— Кожны чалавек штодзень на працягу ўсяго жыцця асвойвае нешта новае, — адзначыла напрыканцы імпрэзы мастачка, — і ўвесь час нечаму вучыцца, толькі кожны раз на іншым узроўні. Таму мае творчыя работы – гэта і ёсць узроўні майго пазнання і існавання. Жадаеце іх уведаць, калі ласка, запрашаю!
Выстава будзе экспанавацца па 22 сакавіка.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).