Воскресенье, 5 апреля 2020

Знакомьтесь: сын офицера и внук офицера подполковник Кирилл Шевченко

612

Я ведала яго яшчэ гарэзлівым, вясёлым хлапчуком, здольным на даволі неардынарныя ўчынкі. У самых складаных сітуацыях ён праяўляў смеласць, непахіснасць пазіцыі і цвёрдасць характару… Сёння, праз чвэрць стагоддзя, перада мной — сапраўдны мужчына, якому, прызнацца, вельмі пасуе афіцэрская форма. Перадсвяточная гутарка з падпалкоўнікам Шаўчэнкам Кірылам Усеваладавічам, які служыць ва Упраўленні тэрытарыяльнай абароны Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, атрымалася лёгкай і нязмушанай, якой і павінна быць паміж старымі сябрамі.


— Дазвольце звярнуцца! Таварыш падпалкоўнік, ёсць такая прафесія…
— Радзіму абараняць… Лічу, што гэта самы высакародны і годны для мужчыны занятак. Не буду арыгінальным, калі скажу, што з ранняга дзяцінства я – сын афіцэра і ўнук афіцэра — марыў стаць ваенным. Так, я бачыў усе нягоды і складанасці бацькавай службы: частыя пераезды (з Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі да Паўночнай групы войскаў у Польшчы), бясконцыя камандзіроўкі, работу ў выхадныя і святочныя дні, нарэшце, матчыну адзіноту, калі мы з братам у адсутнасць таты станавіліся для яе галоўнай падтрымкай. Але перапыніць дынастыю афіцэраў Шаўчэнкаў я не мог сабе дазволіць.
— Кірыл, прызнайся, напэўна, любіў прымяраць татаву форму?
— А як жа! Бацькоўскія мундзір і фуражка заўсёды мне пасавалі. Я табе больш скажу: кабура і партупея былі неад’емнай часткай маёй дзіцячай амуніцыі. Татаву кабуру па начах я нават хаваў пад падушку — на выпадак, калі ноччу на Радзіму вораг нападзе.
— Сапраўды, гэта важны аргумент на карысць таго, што ваенны вектар у тваім жыцці быў наканаваны з самага пачатку…
— Менавіта так. Таму ў 1998 годзе адразу пасля заканчэння СШ № 5 я паступіў у Ваенную акадэмію РБ па спецыяльнасці “Камандная тактычная артылерыя”. Быў размеркаваны ў 111 артылерыйскі гвардзейскі полк, які дыслацыраваўся ў самой цытадэлі Брэсцкай крэпасці. Каб не стамляць чытачоў, коратка скажу: службу праходзіў на ўсіх лінейных пасадах — ад камандзіра ўзвода да начальніка штаба гаўбічнага самаходнага артылерыйскага дывізіёна 2С3 “Акацыя”, а таксама артылерыйскага дывізіёна 2С1 “Гваздзік”.
— Калі не памыляюся, ты быў яшчэ начальнікам разведкі 1199 рэактыўнага артылерыйскага палка?
— Быў. Але па ходзе службы разведчыку давялося памяняць профіль. Цяпер мая служба — тэрытарыяльная абарона краіны.
— Што сабой уяўляе твой звычайны працоўны дзень?
— Больш правільна сказаць суткі. І не праца ў мяне, а служба. Афіцэр кругласутачна стаіць на варце Радзімы. Нават калі знаходзіцца дома, разам з сям‘ёй, то заўсёды павінен быць гатовы да нечаканасцей. Патлумачу: тэрытарыяльная абарона — гэта дадатковы рэзерв арміі, які дазваляе з’яднаць і мабілізаваць насельніцтва краіны ў выпадку ўзнікнення пагрозы, прыцягнуць мясцовыя рэсурсы для агульнай справы. Наша ўпраўленне каардынуе дзейнасць дзяржаўных і ваенных органаў кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў.
— З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца?
— Цяжка быць заўсёды на крок наперадзе ўмоўнага праціўніка. Але, думаю, значна цяжэй даводзіцца нашым сем’ям, каханым жанчынам, на плечы якіх кладуцца ўсе цяжкасці побыту, цяжка і дзецям, якія цярпліва чакаюць тату дадому…
— І пры гэтым, упэўненая, таксама, як калісьці іх бацька, мараць стаць афіцэрамі…
— У маім выпадку не зусім так: старэйшы сын, адзінаццацігадовы Фёдар, — сфарміраваны пацыфіст, якога цікавяць зусім іншыя, “высокія”, матэрыі. А вось малодшы, васьмігадовы Давід, сапраўды, ужо амаль гатовы абітурыент для Сувораўскага ваеннага вучылішча. Ён, спадзяюся, і стане годным прадаўжальнікам нашай сямейнай дынастыі.
— Увогуле якія асаблівыя якасці характэрны для чалавека, гатовага стаць вайскоўцам? Каму б ты мог парэкамендаваць сваю прафесію?
— Прафесія афіцэра падыходзіць усім маладым людзям, якія любяць Радзіму і хочуць прынесці ёй як мага больш карысці. Якія не баяцца імгненных цяжкасцяў і ўмеюць дамагацца свайго. Рашучым, мужным, з пачуццём павышанай адказнасці перад людзьмі, сям’ёй і, вядома ж, перад самім сабой. Даў слова — трымай! І рыхтуйся выконваць тое, што табе даручылі, з усіх сіл. Між іншым, уменне падпарадкоўвацца — заклад будучага добрага кіраўніка і камандзіра.
— Прабач за сяброўскую іронію, але за гэтымі апісаннямі пазнаю вельмі “паслухмянага” хлопчыка Кірыла… Дарэчы, памятаю, што ў свой час ты асвоіў ігру на скрыпцы, а таксама скончыў мастацкую школу. Ці знайшлося ў войску прымяненне тваім творчым здольнасцям?
— Ну, на скрыпцы мне пакуль яшчэ не даводзілася граць, а вось уменне маляваць дапамагло, у прыватнасці, у рабоце над складаннем тактычных картаў. Наогул ёсць такое паняцце, як высокая штабная культура. Без перабольшання, такія яе творчыя складнікі, як каліграфічны почырк, красамоўства, творчае мысленне, уласцівыя ўсім маім калегам.
— А наколькі ваенная служба здольна змяніць чалавека?
— Служба ў войску, нават тэрміновая, цалкам змяняе светапогляд, спрыяе станаўленню цвёрдага характару, баявога духу, у цэлым усебакова развівае асобу, яе кругагляд. Прайсці шлях салдата, лічу, павінен кожны юнак. Да нас хлопцы прыходзяць “з малаком на вуснах”, а сыходзяць сапраўднымі мужчынамі. Гэтых прыгажуноў, гатовых пастаяць адзін за аднаго, нават не пазнаюць бацькі. Ганарацца імі! Радасна назіраць за іх ростам. Асабіста мне ваенная падрыхтоўка дала дакладнае разуменне ўласных моцных і слабых бакоў, навучыла дзейнічаць спакойна ў складаных сітуацыях.
— Ці былі моманты, калі табе было страшна і ты шкадаваў аб абранай прафесіі?
— Страшна не было. А цяжкасці былі заўсёды. Але я з самага пачатку быў гатовы да рознага роду выпрабаванняў, таму ніколі не шкадаваў аб абраным шляху.
— Як ты лічыш, ці падобныя сённяшнія беларускія афіцэры на афіцэраў старой загартоўкі, напрыклад, як твой бацька ці дзядуля?
— Уінстан Чэрчыль неяк сказаў: “Чым даўжэй вы глядзіце назад, тым далей бачыце наперад”. Вялікая колькасць нашых афіцэраў прайшла слаўную савецкую школу і з задавальненнем перадае нам свой вопыт. Не скарыстацца ім было б глупствам, бо мэты і задачы ў нас аднолькавыя — абараняць Радзіму.
Я не змог бы добра выконваць свае абавязкі, калі б не прыслухоўваўся да парад бацькі. Больш за тое, калі, не дай Бог, нешта здарыцца, бацька будзе стаяць са мной у адным страі. Былых афіцэраў не бывае…
Гутарыла Алена Зялевіч