Среда, 8 июля 2020

ЗОЖ для всей семьи. Муж и жена открыли секции по фитнесу и боксу

1 056

Са снежня мінулага года ў аздараўленчым комплексе «Пячора» дзейнічае секцыя бокса «GreenClub» для рознаўзроставых груп — ад дзяцей з 5-гадовага ўзросту да дарослых. Вядзе яе Мікалай Грынёў, які ўпершыню ў Пружанах звярнуў увагу на гэты, можна сказаць, сусветна знакаміты від спорту.
А вось ідэя стварэння такой секцыі прыйшла ў галаву… жонцы Мікалая. Маргарыта яшчэ раней адкрыла там жа секцыю фітнесу і сучасных танцаў «Ружовая пантэра». Ідэя была сапраўды геніяльна простая — зрабіць здаровы лад жыцця звычкай для ўсіх членаў сярэдняй беларускай сям’і.
— Напрыклад, мама з дачкой вырашылі займацца фітнесам, а тату і сына можна запісаць на бокс. Такім чынам, усе будуць не толькі атрымліваць задавальненне, але і з карысцю для здароўя бавіць час,— палічыла Маргарыта, калі ўгаворвала Мікалая навучыць свайму захапленню іншых.


Да новай справы Грынёў паставіўся сапраўды аддана. Мікалай сам працяглы час захапляўся боксам, прымаў удзел у спаборніцтвах рознага маштабу, нават міжнароднага. За дасягнутыя поспехі ён атрымаў званне майстра міжнароднага ўзроўню. Таму малады трэнер паставіў перад сабой адразу некалькі задач. Па-першае, даць моладзі новую ідэю, як можна бавіць вольны час, адцягваючы іх ад камп’ютарнай залежнасці ці сацыяльных сетак.
— На трэніроўкі збіраюцца дзеці і падлеткі з розных куткоў горада, якія дагэтуль і не ведалі адзін аднаго. А тут яны змогуць пасябраваць, знайсці аднадумцаў, дамовіцца сустракацца не ў сетках, а ў рэальнасці.


Другая задача — агульнае аздараўленне, бо ёсць бокс прафесійны, а ёсць аматарскі, які дапамагае падтрымліваць агульнафізічны стан цела на належным узроўні і набыць загартоўку ад усялякіх хвароб. І гэта практычна здымае абмежаванні на набор жадаючых займацца такім відам спорту. Ніякіх асаблівых фізічных дадзеных, трэніроўкі ў секцыі бокса нават дзяўчынкі наведваюць з задавальненнем.
Пакуль значная частка трэніровак, якія праводзяцца двойчы на тыдзень і доўжацца па адной гадзіне, траціцца на паляпшэнне фізічных дадзеных выхаванцаў. Зараз у іх асноўны спартыўны інструмент — скакалка, з якой пачыналі ўсе сусветна вядомыя баксёры.
Пасля таго, як юныя баксёры будуць гатовыя да трэніровачных спарынгаў, яны прыступяць… Не, не да баёў, а да вывучэння стратэгіі.
— Гэта на першы погляд здаецца, што галоўнае ў боксе вытрымаць удар і нанесці ў адказ такі, каб праціўнік не выстаяў на нагах,— зазначае пружанскі трэнер па боксе.— Самае галоўнае — распрацаваць такую стратэгію, адказаць на якую праціўнік не зможа і якая ў выніку прынясе поспех.
Таму ўжо зараз, паміж прабежкамі і скокамі, Мікалай Грынёў расказвае сваім вучням гісторыі знакамітых баксёраў, такіх як Мухамед Алі, або Майк Тайсан, разглядае правядзенне розных знакавых паядынкаў і перадае назапашаны тэарэтычны вопыт.
Пагаджаецца настаўнік з тым, што бокс — нятанны від спорту. Патрэбна многае, пачынаючы ад пальчатак і заканчваючы капай і іншымі ахоўнымі сродкамі. Вось толькі ўсе яны адразу не патрэбны, набываюцца па меры неабходнасці паступова, што ў выніку не стварае фінансавых цяжкасцей. Хутка вучням Мікалая спатрэбяцца толькі пальчаткі, бо ён плануе ўсталяваць баксёрскія трэнажоры для пастаноўкі і адпрацоўкі ўдараў. У будучым, калі пяройдуць да спарынгаў, спатрэбяцца і ахоўныя сродкі.
А вось рэалізацыю трэцяй задачы Мікалай Грынёў адклаў пакуль на далёкую перспектыву. Справа ў тым, што ён раней часта наведваў спаборніцтвы, якія таксама ладзяцца ў Беларусі, і не толькі на рэспубліканскім, нават на абласным узроўні. Тады ён абараняў гонар роднага клуба з Бярозы, але зараз жыве ў Пружанах, горадзе, які ніколі не «гучаў» на баксёрскім рынгу. Ці магчыма выправіць гэту несправядлівасць? На думку трэнера, ужо зараз у яго вучнях заўважныя здольнасці, якія ў будучым пры карпатлівай працы змогуць даць шанец прагучаць ім як спартсменам-прафесіяналам.

На здымках: хутчэй перайсці да спарынгаў мараць Кірыл Дыцэвіч і Міша Сцяпанаў; «Да бою заўсёды трэба рыхтавацца адказна»,— вучыць маленькага Васю Тарасевіча трэнер Мікалай Грынёў.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).