Среда, 30 сентября 2020

Мобильная группа райисполкома провела мониторинг условий труда на строительных объектах

1 112

На мінулым тыдні мабільная група райвыканкама па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі наймальнікам у сферы аховы працы звярнула ўвагу на ўмовы, у якіх працуюць зараз пружанскія будаўнікі. І не ўсюды знайшла сітуацыю з аховай працы ідэальнай. Хаця, як адзначае галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ж.М.Клімец, на фоне іншых галін будаўнічыя прадпрыемствы ў нашым раёне выглядаюць узорна.


— Летась не было зарэгістравана ніводнага няшчаснага выпадку на будаўнічых пляцоўках мясцовых механізаваных калон і ААТ «Рамбуд»,— паведамляе Жанна Мікалаеўна.— Шэраг арганізацый увогуле можна прыводзіць у якасці прыкладу па аб’ёмах рэалізуемых мерапрыемстваў.


Безумоўным лідарам у гэтым накірунку з’яўляецца ПМК-21, нават база гэтай калоны неаднаразова прыцягвала ўвагу на абласным узроўні. Блізка «падбіраецца» і ПМК-29, дзе таксама апошнім часам вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі арганізацыі. Адказнае стаўленне да аховы працы і на саміх будаўнічых пляцоўках бачна на прыкладзе будуемага гэтым прадпрыемствам жылога дома па вул. Кастрычніцкай. Яшчэ да пачатку ўладкавання падмурка тут было праведзена пэўнае добраўпарадкаванне са стварэннем часовай дарогі з бетонных пліт. На думку членаў мабільнай групы, гэта апраўдана не толькі з пункта гледжання стварэння нармальных умоў работнікам, але і дзеля эканоміі сродкаў і часу. Не трэба траціць сілы і рэсурсы на выцягванне з гразі грузавікоў з будаўнічымі матэрыяламі. Адпаведным чынам наладжаны і быт будаўнікоў, для забеспячэння якога ўсталяваны не толькі вагончыкі, але і асобнае памяшканне для сушкі спецадзення і абутку. Тое, што гэта створана не спецыяльна да правядзення маніторынгаў, а выкарыстоўваецца рэальна, прадэманстравалі галоўны інжынер механізаванай калоны А.М.Царык і інжынер па ахове працы В.У.Ткачук. Электраабсталяванне ў належным стане, аптэчкі першай медыцынскай дапамогі запоўненыя патрэбнымі лекамі, у кожнай бытоўцы ёсць бытавыя прыборы і створаны санітарныя ўмовы. Пэўны парадак пануе і ў дакументацыі, што таксама было адзначана членамі мабільнай групы.
Адпаведна пастаўлена работа па ахове працы і непасрэдна на аб’екце, дзе надаецца сур’ёзная ўвага выключэнню рызыкі, якой на будуемых пляцоўках заўсёды нямала.

Аднак па «законе захоўвання энергіі», калі недзе чаго-небудзь зашмат, то ў іншым месцы — недастаткова. Бясспрэчны пастулат быў пацверджаны ў рэальнай сітуацыі, калі маніторынг закрануў тую частку другога жылога дома, якая ўзводзіцца сіламі ПМК-22. У членаў групы ўзнікла нямала пытанняў да адказнага спецыяліста пляцоўкі, асабліва ў дачыненні да забеспячэння бяспекі працаўнікоў. Дрэнны стан драўляных лесвіц, адсутнасць агароджы на адкрытых участках, дзе, у дадатак, не ўсе работнікі выкарыстоўваюць выдадзеныя сродкі індывідуальнай абароны. Пры гэтым адказнасць за выяўленыя недахопы нясе не толькі непасрэдны выканаўца работ, але і генеральны падрадчык, у прыватнасці, ААТ «Рамбуд», аб чым быў праінфармаваны майстар гэтай арганізацыі С.С.Кніга. Хаця да яго ўчастка — другой паловы жылога дома — у групы амаль што не ўзнікла пытанняў. Хай і не на такім дасканалым узроўні, як у ПМК-29, але і гэта арганізацыя ўдзяляе істотную ўвагу ўмовам працы сваіх работнікаў.

Варта адзначыць, што ў такой сітуацыі рэкамендацыі па выкараненні выяўленых недахопаў выдаюцца не па ўсім прадпрыемстве, а канкрэтна па вызначаным участку. Пацвярджэннем гэтаму можна назваць будаў-нічую пляцоўку па ўзвядзенні пелетнага завода ў в.Слабудка, дзе работы выконваюцца таксама ПМК-22.

Відавочна, што адказныя работнікі тут надаюць больш увагі выкананню сваіх абавязкаў. Тэрыторыя выглядае прыстойна, работа ідзе няспынна і з захаваннем правілаў бяспекі. Таксама вядзецца і дакументацыя, пытанняў да якой у членаў групы не было.
Абодва майстры — людзі з сур’ёзным працоўным і жыццёвым вопытам, а значыць, добра ведаюць, што ў гэтай справе дробязей няма. І нязначны недагляд можа абярнуцца трагедыяй.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).