Воскресенье, 5 апреля 2020

В Пружанах почтили память воинов-интернационалистов

689

15 лютага трыццаць адзін год таму закончылася вайна ў Афганістане, якая зацягнулася амаль на дзесяць гадоў. У гэты дзень у многіх кутках былога Савецкага Саюза згадваюць пра гэтыя падзеі. Традыцыйна памятны мітынг прайшоў і ў скверы па вуліцы Тармасава.


Адкрываючы мітынг, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец падкрэсліў важнасць захавання памяці пра подзвіг і мужнасць воінаў-інтэрнацыяналістаў. «Нягледзячы на даўніну падзей, яны працягваюць хваляваць беларускае грамадства, адгукацца болем у сэрцах тых, хто страціў на гэтай вайне сына, мужа ці бацьку. На жаль, трагічныя гістарычныя падзеі не сталі ўрокам для іншых: пытанне захавання міру застаецца актуальным і сёння, — зазначыў Мікалай Пятровіч у сваёй прамове. — Невыпадкова асновай сучаснай беларускай знешняй палітыкі з’яўляецца міралюбнасць, нейтралітэт і добрасуседства. Сённяшняе пакаленне з павагай схіляе галовы перад памяццю тых, хто не вярнуўся з вайны, і з павагай ставіцца да тых, хто яе прайшоў: вайна ў Афганістане не проста пакінула рубцы ў памяці каля трыццаці тысяч нашых землякоў, якія праз яе прайшлі, але і забрала жыцці каля 800 беларусаў».


Сярод загінуўшых у Афганістане і 14 ураджэнцаў Пружаншчыны. Забыць пра іх не даюць у тым ліку і члены раённага савета ветэранаў вайны ў Афганістане: летась намаганнямі гэтай грамадскай арганізацыі ў Палацы культуры з’явіўся пакой баявой славы. Як запэўніў старшыня РА ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В.М.Гарахавіцкі, афганцы — дастойныя пераемнікі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — сёння на ўласным прыкладзе выхоўваюць у падрастаючага пакалення любоў да Радзімы. Шчырыя словы ўдзячнасці выказаў ён тым, хто прайшоў афганскую вайну, не зламаўся і знайшоў сябе ў мірным жыцці.


Страшныя лічбы страт, здавалася б, ужо засталіся ў гісторыі. Але раны ўдзельнікаў вайны і людзей, якія страцілі сваіх таварышаў і родных, не загойваюцца і да сённяшняга дня. І нягледзячы ні на што, паводле слоў воіна-інтэрнацыяналіста А.І.Мозерава, ветэраны афганскай вайны змаглі зберагчы повязі ваеннага братэрства і замацаваць іх у мірным жыцці, не забыць пра салідарнасць і ўзаемадапамогу. «15 лютага нельга назваць святам: гэта хутчэй дзень памяці, патрэбны для таго, каб аддаць даніну павагі тым, хто загінуў на чужыне. І пра гэтую дату нельга забываць», — заклікаў Аляксандр Іванавіч.


Удзячнасць ветэранам вайны ў Афганістане выказала і маладое пакаленне. Ад яго імя слова трымаў намеснік старшыні раённага маладзёжнага парламента навучэнцаў Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Назар Ярмашук. Малады чалавек запэўніў, што моладзь абяцае зрабіць усё неабходнае для таго, каб не перарывалася сувязь пакаленняў. Гэта неабходна для таго, каб людзі памяталі пра падзеі гістарычнага мінулага і маглі здабываць з яго ўрокі.


Прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці, сілавых структур і іх ветэранскіх арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў горада ўсклалі вянкі і кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам.
Памяць загінуўшых ушанавалі мінутай маўчання. Пазней у Свята-Аляксандра-Неўскім храме прайшла паніхіда па памерлых.
Марына Вакульская. Фота аўтара.