Воскресенье, 5 апреля 2020

55 лет идут вместе по жизни Иван Васильевич и Зинаида Павловна Романчуки

429

Наша сустрэча з сям’ёй Раманчук падчас апошняй паездкі па Ружаншчыне была абсалютна незапланаванай. Зрабіць Івана Васільевіча і Зінаіду Паўлаўну героямі чарговага журналісцкага артыкула параілі іх жа аднавяскоўцы. «Працавітыя, старанныя, паважаныя людзі ў Лыскаве…» — аргументаў, якіх нам прывялі, было дастаткова, каб завітаць у вясковую хату, дзе вось ужо больш за паўстагоддзя жыве гэтая сям’я.


Іван Васільевіч вырас у вёсцы Груск, што ў некалькіх кіламетрах ад Лыскава. А вось Зінаіда Паўлаўна тут пражыла ўсё сваё жыццё. Як гэта часта бывае, звяла іх работа.
— Калі прыйшоў з арміі, трэба было працаўладкавацца. Пайшоў на мясцовую пякарню, дзе мне прапанавалі месца загадчыка. Да слова, выпечка з Лыскаўскай пякарні ніколі не залежвалася на прылаўках, таму хлеб пяклі ў тры змены, у кожнай з якіх было па тры чалавекі, — расказвае пенсіянер. — Зіна працавала пекарам. Дзяўчат, вядома, хапала, але менавіта яна прыцягнула маю ўвагу. І, як бачыце, не памыліўся з выбарам: ужо столькі гадоў мы разам!
Калі стварылі сям’ю, Зінаіда і Іван вырашылі не шукаць лепшай долі ў невядомых краях — засталіся на малой радзіме. Дарэчы, сёлета муж і жонка адзначаюць 55-годдзе сумеснага жыцця.
— Пакуль мы сышліся, не стала таты, — тлумачыць субяседніца. — Пакідаць маму адну не сталі, пайшлі жыць да яе, ды так і засталіся ў бацькоўскай хаце.
Праўда, давялося памяняць некалькі працоўных месцаў. Зінаіда Паўлаўна працавала санітаркай у Магілявецкай псіхіятрычнай бальніцы, на пенсію пайшла з Лыскаўскай амбулаторыі. Іван Васільевіч таксама пайшоў у мясцовы калгас: спачатку быў брыгадзірам, затым — начальнікам малочнатаварнага комплексу ў Гуце.
— Гэта сёння, лічы, усё механізавана, а раней даводзілася працаваць да сёмага поту сваімі рукамі. А колькі сіл ішло на апрацоўку земляў, якія замацоўваліся за фермамі!
Мяркуючы па дасягненнях гэтага чалавека, ён аддаваўся рабоце цалкам. Ферма ў Гуце заўсёды была сярод перадавікоў не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. Нямала ўзнагарод і ў асабістай скарбонцы дасягненняў Івана Васільевіча: тут не толькі шматлікія граматы, але і ордэн Дружбы народаў. Перадавік пастаянна займаў ганаровае месца на Дошцы гонару.
За няхітрымі сельскімі клопатамі непрыкметна праляцелі гады. Урбанізацыя пакінула свой след і ў гэтай вёсцы. Пенсіянеры з асаблівай настальгіяй згадваюць свае працоўныя будні, зазначаюць, што разам з імі заўважна пастарэла і роднае Лыскава.
— І колькасць насельніцтва істотна паменшылася, і моладзь параз’язджалася. Вунь школу і тую закрылі: кажуць, у Лыскаве няма каму там вучыцца.
Дарэчы, што да Раманчукоў, яны выгадавалі двух сыноў. Адзін з іх жыве ў Гараднянах, шчыруе ў мясцовай гаспадарцы. Другі застаўся ў Лыскаве, працуе егерам. На радасць бабулі і дзядулі выраслі ўнукі, падрастаюць праўнукі.
За сваё доўгае жыццё пенсіянеры так напрацаваліся, што з усёй сваёй вялікай гаспадаркі, у якой былі конь, каровы, авечкі, свінні, на сённяшні дзень пакінулі толькі курэй ды сабаку. Сёння ў іх адзін са спосабаў забавіць час — чытанне «раёнкі».
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).