Вторник, 14 июля 2020

Уходил, но вернулся. Главный ветврач ОАО «Мурава» о профессии и жизни на Пружанщине

598

Ёсць на суседняй Кобрыншчыне вёска з цудоўнай назвай Грушава. Менавіта тут у 1983 годзе нарадзіўся Вадзім Вайтовіч.
— Бацька працаваў на мясцовым рамонтна-механічным заводзе, а маці — поварам у дзіцячым садку, — успамінае Вадзім Іванавіч.
Як і ўсе вясковыя сем’і, Вайтовічы трымалі на падворку карову і свіней. Вадзім і яго малодшы брат Міхаіл часта бавілі вольны час у бабулі, якая разводзіла коз.


Вадзіма з маленства прыцягвала да сябе навакольная прырода. Хлопчык мог гадзінамі займацца з хатнімі жывёламі, назіраць за жывымі істотамі і раслінамі ў лесе, на палетках і лузе.
Адпаведна ў школьныя гады з’явілася цікавасць да навук прыродазнаўчага цыкла.
— Падчас вучобы ў школе ўдзельнічаў у раённай і абласной алімпіядах па біялогіі, — кажа Вадзім Іванавіч.
Любоў да біялогіі прывяла вясковага юнака ў Пінскі сельскагаспадарчы каледж, пасля заканчэння якога ён адразу паступіў у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
Хутка праляцелі студэнцкія гады, і маладому спецыялісту неабходна было вызначацца з працаўладкаваннем. Спачатку яму прапанавалі працоўнае месца ў вучэбнай гаспадарцы на Магілёўшчыне, але Вадзім аддаў перавагу ААТ «Мурава» на Пружаншчыне.
— ААТ «Мурава» — эканамічна моцная гаспадарка, ды і знаходзіцца яна недалёка ад родных мясцін, — гаворыць Вадзім Іванавіч.
У Мураве, а было гэта ў 2008 годзе, малады ветэрынарны ўрач атрымаў жыллё ў інтэрнаце.
Адпрацаваўшы неабходныя два гады спецыяліст вырашыў вярнуцца на малую радзіму. Але аказалася, што карані, пушчаныя на Пружаншчыне, трымаюць. Другі прыход у ААТ «Мурава» адбыўся ў 2013 годзе, калі Вадзім Іванавіч узначаліў ветэрынарную службу гаспадаркі. Цяпер, здаецца, ён трывала асеў тут, узяў шлюб з мясцовай дзяўчынай. Маладая сям’я атрымала домік з усімі выгодамі і ўжо выхоўвае дачку і сына.
Ветэрынарная служба ААТ «Мурава» налічвае дзесяць ветспецыялістаў. Спраў хапае: у гаспадарцы налічваецца каля 4 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1,6 тысячы кароў.
— Галоўная задача нашай ветэрынарнай службы — захаванасць пагалоўя і ўзнаўленне статка, атрыманне малака класам «экстра», — тлумачыць Вадзім Іванавіч. — На першы план выходзіць прафілактычная работа, хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць.
Цікава, што па шляху старэйшага брата пайшоў і малодшы. Міхаіл Іванавіч цяпер выконвае абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача ў ААТ «Велікасельскае Агра». Так і ідуць побач па жыцці браты Вайтовічы.
Бліц-апытанне


— Што для Вас галоўнае ў жыцці?
— Дабрабыт сям’і.
— Чаго Вы баіцеся?
— Пакуль нічога не баюся.
— Ці верыце Вы ў канец свету?
— Не веру.
— Які мультфільм падабаўся больш за ўсё ў дзяцінстве?
— «Ну, пачакай!».
— Хто Вы па знаку задыяка?
— Рыбы.
— Што Вас выводзіць з сябе?
— Мяне цяжка вывесці з сябе.
— Чым любіце займацца ў вольны час?
— Люблю працаваць на агародзе, у цяпліцы.
— Якая музыка падабаецца?
— Эстрадная.
— Які Ваш любімы пісьменнік?
— Люблю чытаць Васіля Быкава.
— Якое Ваша любімае сямейнае свята?
— 9 Мая.
— Любімая мясціна на зямлі, дзе яна знаходзіцца?
— Гэта вёска Грушава.
— Любімая свойская жывёла?
— Сабака.
— Што больш падабаецца: зіма ці восень?
— Восень.
— Сіні колер або чырвоны?
— Сіні.
— Якую краіну Вам хацелася б наведаць?
— Германію.
— Кніга ці кіно?
— Кніга.
— Мора або горы?
— Мора.
— Адзінота або кампанія?
— Калі як. Часам неабходна пабыць і ў адзіноце.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Дарыць.
— Задавальненне ад працы ці памер зарплаты?
— Задавальненне.
— Калі б выйгралі мільён, што купілі б у першую чаргу?
— Уласны дом.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Напэўна, паўтарыў бы свой жыццёвы шлях. Гутарыў Мікола АРХУЦІК.
Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.