Вторник, 11 августа 2020

Серебряная вода — «золотая победа». Об этом и других достижениях учеников Линовской СШ

492

Летась мы знаёмілі вас з вучнямі Ліноўскай СШ, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі і біялогіі Надзеі Рыгораўны Рычко выканалі шэраг навукова-даследчых работ.
Сёлета ўжо іншыя вучні напісалі работы на іншыя тэмы, але, як і год таму, ліноўцы зноў апынуліся ў ліку прызёраў розных конкурсаў і канферэнцый. Ды не, крышачку не так: ёсць і вядомы чытачам вучань, і вядомая ўжо тэма. Давайце аб усім па парадку.
Дзевяцікласнік Антон Барташ летась даследаваў белую піхту — рэдкую для нашай мясцовасці расліну, якая, тым не менш, расце на тэрыторыі Ліноўскага сельсавета.
А сёлета вырашыў працягнуць мінулагодняе даследаванне Кацярыны Антончык і дапамагчы вяскоўцам у барацьбе з мядзведкай (больш падрабязна пра гэты метад чытайце на нашым сайце па спасылцы http://www.budni.by/?p=33725).
— Падчас абароны работы ў Брэсце нам указалі на яе слабыя месцы, і мы вырашылі іх выправіць, тым больш, што менавіта гэтая тэма выклікала найбольшы інтарэс у ліноўцаў, многія з якіх пакутуюць ад шкодніка, — дзеляцца ўражаннямі настаўніца і вучань.
Нагадаем, што спосаб барацьбы з агародным шкоднікам, які прапаноўваюць юныя даследчыкі, — экалагічна бяспечны. І, як паказала няхай і нядоўгая практыка, дзейсны. Больш таго, апрацоўваць агарод (дадаваць какосавае пілавінне разам з яечнай шкарлупінай) можна нячаста, прыкладна адзін раз на шэсць гадоў. Дапрацаванае даследаванне атрымала дыплом на 27-м абласным конкурсе эколага-біялагічных работ.

Дзевяцікласніца Анастасія Шчарбовіч (яе работа таксама адзначана дыпломам І ступені на ўзроўні раёна) з красавіка па кастрычнік вывучала ўмовы росту і выспявання арахісу ў кліматычных умовах нашага раёна.
— Арахіс — культура для нашай мясцовасці нетрадыцыйная, новая. Таму давялося вывучыць і гісторыю паходжання і высветліць марфалагічныя асаблівасці арахісу і агратэхнічныя прыёмы вырошчвання гэтай культуры. Мы вельмі рады, што навучыліся вырошчваць арахіс.
—Мы даказалі, — працягвае Насця, — што пры выкананні пэўных умоў арахіс можна вырошчваць і ў нашай мясцовасці, больш таго – гэта эканамічна выгадна.

А вось работа адзінаццацікласніка Вадзіма Мацукевіча стала пераможцай і раённага, і абласнога этапаў конкурсу “З навукай у будучае”.
— Перадумовай выбару дадзенай тэмы паслужыў той факт, што аднойчы пакаштаваў калодзежную ваду, асвечаную 19 студзеня. Яна па смакавых якасцях адрознівалася ад вады з цэнтральнага водазабеспячэння і, па словах знаёмых, захоўваецца цэлы год. Мяне гэта зацікавіла, і я звярнуўся за адказам да настаўніка біялогіі і хіміі. А ці магчыма ў хатніх умовах атрымаць «святую ваду»? І мы вырашылі дзейнічаць.


Вадзім сканструяваў сярэбраны іанізатар (больш выгадны па сабекошце, чым заводскі), зрабіў мноства разлікаў і вывучыў шмат спецыяльнай літаратуры, а настаўніца выступіла не толькі ў якасці кіраўніка, але і … падоследнай. Надзея Рыгораўна паласкала “сярэбранай” вадой хворыя галасавыя звязкі, і вынік нават перасягнуў усе чаканні.
Работа Вадзіма займае 30 старонак. Гэта і складаныя вылічэнні, і апісанне доследаў, і галоўнае – пацверджаныя вынікі.
Сярэбраная вада — гэта натуральны і бясшкодны антымікробны сродак. І адна з галоўных яе асаблівасцей — адсутнасць негатыўных наступстваў і пабочных эфектаў, што спадарожнічаюць прыёму антыбіётыкаў штучных.

Калі вас зацікавіла якая-небудзь з гэтых тэм, у Ліноўскай СШ гатовы даць дадатковыя тлумачэнні.

На здымках: Антон Барташ, Анастасія Шчарбовіч, Вадзім Мацукевіч і іх навуковы кіраўнік настаўніца Н.Р.Рычко; так выглядае сярэбраны іанізатар.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).