Понедельник, 24 февраля 2020

Наш опрос: как вам зима?

499

«— Дзяўчынка, ты адкуль прыйшла, што табе тут трэба?
Дзяўчынка паказала свой пусты кошык і кажа:
— Мне патрэбны пралескі.
Засмяяўся стары:
— Гэта зімой пралескі? Вось дык выдумала!.. Не быць Сакавіку раней за Люты!»


Мы дазволілі сабе працытаваць і без таго вядомую ўсім казку Самуіла Маршака «Дванаццаць месяцаў». Аказваецца, і не такая гэта ўжо выдумка: там-сям у Пружанах на пачатку лютага зацвілі першацветы. Як успрымаюць такія прыродныя “жарты” пружанцы? Журналісты “раёнкі” даведаліся пра гэта на вуліцах горада.

Ірына:


— Я працую дворнікам, таму, як разумееце, цёплая зіма мне толькі на руку… Праўда, баюся, што сённяшні, даволі сцюдзёны, ветрык усё ж накліча снег і маразы. І зноў давядзецца ў непагадзь сумёты расчышчаць.

Алена:


—Хоць і кажуць, што ў прыроды не бывае дрэннага надвор’я, асабіста мяне такая зіма насцярожвае: ці не будзе з-за яе “капрызаў” занадта халодным лета? Што на гэты конт кажуць народныя прыкметы? Правільна: “Больш снегу — больш хлеба. І наадварот…”

Анжаліка:


— А я, наадварот, мару, каб снегу выпала як мага больш. Так хочацца і ў снежкі пагуляць, і з горачкі скаціцца! А бабу снежную я нават і не памятаю, калі апошні раз ляпіла.

Канстанцін Паўлавіч:


— Цяперашняя зіма мяне вельмі хвалюе. Калі не будзе снегу, зямельцы не будзе хапаць вільгаці, а значыць, гэта адмоўным чынам адаб’ецца на ўраджаі… Але яшчэ не вечар: хто ведае, што нас чакае заўтра? Яшчэ толькі пачатак лютага. Таму, шчыра кажучы, мяне здзіўляюць тыя гаспадары, якія на сваіх агародах ужо нешта пасеялі. Ці не занадта рана?

Людміла:


— Прызнацца, мяне больш хвалюе не цёплая зіма, а гарачае лета, якое я з цяжкасцю пераношу. А зіма… Усе апошнія гады яна не такая, як была калісьці, у дзяцінстве. Памятаю, як мы з татам любілі катацца на каньках на сажалцы, што па вул. Горка. А зараз і лёд не той, і ў людзей не тыя забавы… Вядома, хочацца снегу, ды такога, каб рыпеў пад нагамі…

Сяргей:


— Слухайце, ну, навошта хвалявацца? Дзеці выраслі, ніхто не ные: “Хачу на лыжы! Хачу на канькі!” Нам, дарослым, і так добра. Тым больш, што і печку не трэба так часта паліць, як у маразы. Дзякуючы цяперашняй зіме, мы, беларусы, добра зэканомілі на дровах і газе… Дарэчы, сіноптыкі ўсё ж прагназуюць пахаладанне. Так што, магчыма, яшчэ паспеем атрымаць асалоду ад зімы.

Цікавілася думкамі Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.