Вторник, 7 июля 2020

Безопасность — в каждый дом. РОЧС провел в Мураве масштабную акцию

410

У рамках рэспубліканскай акцыі «Бяспека — у кожны дом!» работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Адно з іх днямі прайшло на базе СДК аг.Мурава.


З гутаркамі, якія тычыліся прафілактыкі надзвычайных здарэнняў, перад жыхарамі аграгарадка і навакольных вёсак выступілі настаяцель мураўскага храма Уладзімір Жалянгоўскі, старшыня Сухопальскага сельвыканкама М.Я.Мартынаў, участковы інспектар міліцыі С.А. Зюзін.
Найбольш уразіла выступленне намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.С.Пісьмана. Па словах Андрэя Сяргеевіча, згодна са статыстыкай, зараз адзначаецца рост колькасці пажараў. На жаль, нягледзячы на прымаемыя намаганні, прычыны вогненных здарэнняў не мяняюцца з года ў год — курэнне ў ложку ў нецвярозым стане, няспраўныя печкі або электраправодка.


— Таксама засмучае рэакцыя людзей на ўзнікненне агню,— падкрэсліў А.С.Пісьман. — Спачатку пачынаюць гасіць самастойна, а потым толькі ўспамінаюць пра нумар «101». У выніку падраздзяленні пажарных часам прыязджаюць тады, калі будынак поўнасцю ўжо ахоплены агнём. Так здарылася ў горадзе, калі з-за пажару ў памяшканні пад кацельню амаль поўнасцю згарэў жылы дом. Так было і пры нядаўнім пажары ў вёсцы Краснае.


Намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях правёў розыгрыш двух аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія і ўручыў двум жыхарам Муравы. А пасля дэманстрацыі павучальнага відэафільма гледачы былі запрошаны на інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе старшы інспектар пажарнай інспекцыі В.В.Ліпко на практыцы прадэманстравала прычыны рэальных пажараў, што адбыліся ў суседніх вёсках: з-за невялікага вугольчыка, які выпаў з печкі, з-за расколіны ў коміне і інш.


Зрабіць запамінальнай і забаўляльнай прафілактычную сустрэчу работнікам МНС дапамаглі артысты вясковай самадзейнасці на чале з дырэктарам СДК Ірынай Кузьміч. Разам з вучнямі мясцовай школы і выхаванцамі дзіцячага садка яна падрыхтавала цікавую праграму з выступленнямі дзіцячага фольк-гурта «Муравушка» і танцавальнага калектыву «Сюрпрыз».


А напрыканцы мерапрыемства ўсе былі запрошаны на відовішчнае выступленне пажарных падраздзяленняў, якія прадэманстравалі сваю кваліфікацыю і магчымасці сучаснай тэхнікі ў ліквідацыі ўмоўнага пажару.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).