Понедельник, 24 февраля 2020

Гісторыя з фатаграфіяй. Гандаль бандарнымі вырабамі

336

1955 год. Гарадскі рынак. Як патлумачыла Ніна Сямёнаўна Абрубка, якая прынесла здымкі ў рэдакцыю, у асноўным, на іх шарашоўскія бондары.


Бацька мужа, а яе свёкар Сцяпан Сцяпанавіч працаваў у мясцовым калгасе, а ў вольны час майстраваў «цэбрыкі». Прадаваць іх вазілі з Шарашова ў Пружаны, хто —возам, а Сцяпан Абрубка налаўчыўся ездзіць на веласіпедзе. На верхнім фота ён стаіць каля каня, на ніжнім — сфатаграфаваны са спіны. Сядзіць на бочках таксама шарашоўскі жыхар.


Ніна Сямёнаўна расказвае, што свёкар заўсёды казаў, што гандлявалі бандарнымі вырабамі «на Хватцы». Гэта здалося дзіўным: гарадскі рынак у тыя часы быў адзіным і знаходзіўся ў раёне Белых лавак, сабора, цяперашняга дома №4, кінатэатра «Спадарожнік». Старажылы ўзгадваюць, што пасля вайны гандляры праязджалі з вазамі па вуліцах Пажарнай і Свабоды. Магчыма, шарашоўцам гандлёвая плошча здавалася працягам доўгай Хваткі (вуліцы Леніна)? Ці ў каго ёсць іншыя меркаванні на гэты конт? Падзяліцеся.
На верхнім здымку за гандлярамі не бачна ніякіх пабудоў, але мы ведаем, што вуліца Савецкая пасля вайны ўяўляла сабой суцэльнае папялішча і пачала паступова забудоўвацца толькі з другой паловы 1950-х гадоў.
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.