Пятница, 5 июня 2020

Фоторепортаж о том, как полезная пища выздоравливать помогает

987

Адзін званок у рэдакцыю — і журналісты “раёнкі” ўжо стаяць на парозе харчовага блока Пружанскай райбальніцы. Не, не з інспекцыяй, як вы, хутчэй за ўсё, падумалі, паважаныя чытачы. А ці не з самай прыемнай місіяй – перадаць поварам вялікую ўдзячнасць ад пацыентаў. Справа ў тым, што жанчына, якая патэлефанавала ў рэдакцыю і не шкадавала станоўчых эпітэтаў у адрас работнікаў харчблока, пэўны час лячылася як у раённай, так і абласной бальніцах. Так што ёй ёсць з чым параўноўваць.


— Здаровае харчаванне — заклад хуткай папраўкі! І гэты пастулат лепш за ўсіх ведаюць менавіта пружанскія повары: пацыентаў яны кормяць смачна і разнастайна: катлеты, тэфтэлькі, біточкі, усялякія суфле… Адчуваецца, што гатуюць з душой, — сведчыць жанчына.
Дзверы ў харчблок расчыніла яго “гаспадыня” — медсястра-дыетолаг І.С.Хамета. Водар свежага баршчу, які адразу ўдарыў у нос, “падказаў”, што прыйшлі мы своечасова: праца ў харчблоку “кіпіць”. Бачым: кіпіць і смачнае змесціва ў шматлікіх — шчыра кажучы, не змаглі палічыць – вялізных каструлях на гіганцкай пліце.
— Не здзіўляйцеся: гэта яшчэ не ўсе! – усміхаецца Ірына Сяргееўна і вядзе нас ва ўтульны пакой. – Тут і пагаворым, каб не перашкаджаць нашым дзяўчатам. А калі яны змогуць выдзеліць пару мінут, паразмаўляеце і з імі.
Напэўна, некалькі слоў спачатку скажу пра саму “гаспадыню”, якая ўзначальвае тут працоўны працэс. Без малога трыццаць гадоў Ірына Хамета працуе ў медыцынскай сферы: была загадчыцай ФАПаў у розных вёсках Пружаншчыны, потым — медсястрой у хірургічным кабінеце стаматалагічнага аддзялення бальніцы. А пасля заканчэння Краснаярскага медыцынскага ўніверсітэта вось ужо пяць гадоў кіруе харчблокам, у якім налічваецца ажно 17 (!) цэхаў.
— І кожны з іх абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Восем гадоў таму ў харчблоку быў зроблены капітальны рамонт з поўным абнаўленнем матэрыяльнай базы. Гэта, не ў апошнюю чаргу, і паспрыяла паляпшэнню якасці харчавання нашых пацыентаў. Увогуле мы імкнёмся разнастаіць меню, максімальна наблізіць яго да хатняга харчавання: павялічваем нормы агародніны, садавіны, сокаў. Адзінае, што паніжаем і за што, прызнацца, даволі часта чуем нараканні ад пацыентаў, — гэта нормы солі. Вядома, з ёй ежа здаецца больш смачнай. Але гэта самападман. Вам любы ўрач скажа, што адмаўленне ад солі насамрэч можа значна палепшыць стан хворага чалавека, — кажа дыетолаг.
Да слова, пацыентаў Пружанскай бальніцы на дзень нашага наведвання налічвалася больш за 250 чалавек і да многіх з іх у плане страў асаблівы падыход.
— Вы толькі ўявіце: сёння ў нас — 6 дыетычных сталоў, а гэта значыць, повары павінны падрыхтаваць шэсць разна-стайных рацыёнаў: базавы (дыета “Б”) — для людзей, якія не маюць патрэбы ў нейкім асобным харчаванні, другі рацыён (дыета “П”) — для пацыентаў з цяжкімі захворваннямі стрававальнай сістэмы. Дыеты “М” і “Н” – з павышаным і паніжаным утрыманнем бялку адпаведна. Ёсць таксама дыеты “Т” і “НК” з павышанай і паніжанай каларыйнасцю.
— Нават разгубіцца можна ад адных літараў! Улічваючы, што за кожнай з іх хаваецца па некалькі відаў страў, цяжка нават уявіць, які павінен быць штат повараў. Напэўна, чалавек дваццаць? — пытаюся ў Ірыны Сяргееўны.


— Усяго чатыры повары і шэсць памочнікаў! І, заўважце, працуюць у дзве змены. Па 12 гадзін на нагах! Увогуле наш калектыў вельмі спрацаваны: годныя людзі, яны, бясспрэчна, заслугоўваюць таго, каб пра кожнага з іх узгадалі на старонках “раёнкі”…

Сапраўды, настала пара пазнаёміцца з галоўнымі “віноўніцамі” нашага візіту. Вось над суфле з ялавічыны завіхаецца повар IV катэгорыі Вольга Уладзіміраўна Бубель. А “дапамагае” ёй машына пад складанай назвай «параканвектамат», у якім на пары і будзе гатавацца смачная запяканка…
Ураджэнка вёскі Засімавічы, адразу пасля заканчэння Брэсцкага каледжа гандлю яна ўладкавалася на працу ў Пружанскую бальніцу.
— Чацвёрты год раблю свой сціплы ўнёсак у справу лячэння людзей. Не паверыце, як дома, укладваю ўсю душу ў прыгатаванне ежы, паколькі хочацца ўсім дагадзіць. І так цёпла на душы становіцца, калі прыходзіць раздатчыца і перадае ад пацыентаў “дзякуй”-прывітанне, — усміхаецца маладая жанчына.


Згаджаецца з ёй повар V разраду Ларыса Паўлаўна Куксіна, якую на Пружаншчыну закінуў «ваенны» лёс. 26 гадоў працавала ў лётнай сталовай былога ваеннага гарнізона ў Новых Засімавічах. Пасля расфарміравання часці кухарыла ў СШ № 3 і ў сацыяльным прытулку. І вось ужо больш за тры гады “чаруе” над плітамі харч-блока Пружанскай бальніцы.
— Як бачыце, тут мы не смажым, не дадаём у стравы вострыя прыправы і воцат, солі — мінімум. Таму, бывае, і кажуць людзі, маўляў, прэсная ежа. Затое здаровая! Я нават дома сваіх двух дзяцей і ўнука прывучаю да карысных страў. Прызнацца, нялёгка каля гарачай пліты працаваць, але разам з дзяўчатамі мы прыкладаем максімум намаганняў, каб дагадзіць пацыентам. Дзеля інтарэсу спытайце ў нашых памочніц, колькі, да прыкладу, кілаграмаў агародніны ім сёння давялося пачысціць. І ўсё зразумееце без лішніх слоў, – кажа повар. І я іду пытаць пра лічбы.

Прызнацца, запісаныя паказчыкі, без перабольшання, здольны ўразіць любога чалавека. Мяркуйце самі: у дзень нашага візіту тры памочніцы повараў пачысцілі 77 кг бульбы, 22 кг морквы, 61 кг капусты. Пралілі шмат слёз, над 16 кг цыбулі, але ў дадатак падрыхтавалі да гарачай апрацоўкі 21 кг ялавічыны, 37 кг курыцы і яшчэ шмат чаго… Пакуль запісвала, лавіла сябе на думцы: чаму гэтых жанчын называюць кухоннымі памочніцамі, а не кухоннымі камбайнамі? Ну, праўда, чаму?
— Бывае, і больш прадуктаў даводзіцца апрацоўваць, а пасля яшчэ ўвесь посуд і ўсе памяшканні некалькі разоў на дзень памыць! — гучна смяюцца жанчыны, гледзячы на маю збянтэжанасць. — Нам не прывыкаць!

Праз шчыры смех улаўліваю грукат колаў вялікай цялежкі, якую пад самы харчблок падкатваюць раздатчыцы. Менавіта ад іх спрытнасці залежыць, гарачую ці не вельмі ежу будуць ужываць пацыенты, а гэта значыць, станоўчыя ці адмоўныя водгукі пачуюць сёння повары і іх памочніцы ў свой адрас.


— Дзяўчаты, не хвалюйцеся! Не падвядзём! — далучаецца да размовы Марыя Аляксееўна Фёдарава, якая вось ужо дзесяць гадоў працуе ў хірургічным аддзяленні бальніцы, — Як бы цяжка ні было. Так, змена 11-12 гадзін, хворых сёння толькі ў адной хірургіі пяць-дзясят чалавек. З улікам дыет трэба два-тры віды першых і тры-чатыры віды другіх страў своечасова прывезці і раздаць. Ды паспець разнесці для амаль паловы пацыентаў па палатах… Але ўсё роўна кожны дзень спяшаюся на працу, як на свята. Вядома, усякія людзі бываюць. Нават у адной сям’і жывуць людзі з рознымі пры-хільнасцямі ў ежы. Зразумела, што ў бальніцы ўсім не дагадзіць: адзін любіць салёныя агуркі і, да прыкладу, увогуле не ўжывае тушаную капусту. Іншы, магчыма, у сілу свайго сварлівага характару крытыкуе стравы проста дзеля крытыкі. Але большасць нашых пацыентаў – людзі выхаваныя і заўсёды, асабліва пры выпісцы, дзякуюць нашым поварам… “Да пабачэння” мы ім не гаворым, проста на развітанне жадаем моцнага здароўя…

На здымках: дыетолаг І.С.Хамета, кухонныя работнікі Юлія Аляксандраўна Корсак і Святлана Анатольеўна Скепка, санітарка-буфетчыца Марыя Аляксееўна Фёдарава.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).