Вторник, 7 июля 2020

16 семей в ОАО «Ружаны-Агро» получили новое жилье в прошлом году

1 062

Узаемаразуменне, павага, клопат, каханне… Пералік такіх няхітрых нематэрыяльных каштоўнасцей, што на сённяшні дзень з’яўляюцца відавочным сакрэтам сямейнага шчасця, можна працягваць. Што да матэрыяльнага складаемага пытання, пераважная большасць сем’яў на першае месца ставіць жыллё. Дах над галавой — для сям’і гэта нядрэнны стымул і для павышэння нараджальнасці.
Толькі ў мінулым годзе ААТ «Ружаны-Агра» зрабіла яшчэ больш шчаслівымі ажно 16 сем’яў. У пяціпавярхоўцы, што была ўзведзена па завулку Казіміра Марача ў гарадскім пасёлку, запаветныя квадратныя метры абжываюць сем’і 13 работнікаў таварыства. Яшчэ тры сям’і атрымалі ключы ад дамоў прысядзібнага тыпу, пабудаваных гаспадаркай з дзяржпадтрымкай.
— Гаспадарка ў нас вялікая: налічваецца каля 650 работнікаў, і гэта без уліку тых, хто працуе па дагаворы падраду. Таму не без цякучасці кадраў, зразумела: штогод да нас на работу прыязджаюць дзясяткі новых спецыялістаў, у тым ліку маладых, — гаворыць галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Наталля Юрэня. — На сённяшні дзень у калектыве каля васьмі дзясяткаў работнікаў — моладзь. Выдзяленне ім жылля — адно са складаемых палітыкі па замацаванні кадраў.

Сярод тых, хто нядаўна спраўляў наваселле, — і сям’я Зуйкевічаў. Арцём родам з Ганцавіцкага раёна, Віка — са Століншчыны. Ружаншчына стала другім домам для маладых спецыялістаў.
Арцём працуе ў ААТ «Ружаны-Агра» трэці год. Пасля атрымання дыплома агранома ў Гродзенскай ВНУ падчас размеркавання вырашыў спыніць свой выбар на Ружанах. І сёння пра гэта ніколькі не шкадуе. Чаканні супалі з рэальнасцю, што і дапамагло яму са станоўчага боку зарэкамендаваць сябе на першым працоўным месцы. У выніку са звычайнага агранома Арцём Іванавіч «вырас» да кіраўніка ўчастка «Варанілавічы». «Адказны, старанны, умее наладзіць кантакт з людзьмі, аптыміст па жыцці, спартсмен (ён пастаянны ўдзельнік нашай каманды на турзлётах і спаборніцтвах)», — гавораць пра яго калегі.
Вікторыя — медык. Па заканчэнні медкаледжа дзяўчыну накіравалі на работу ў Ружаны, дзе ёй знайшлося месца лабаранта.
У верасні мінулага года Арцём і Віка згулялі вяселле, а літаральна праз пару месяцаў сталі шчаслівымі ўладальнікамі асобнага жылля, якое сёння з любоўю і клопатам уладкоўваюць. Многія пра такое толькі мараць! «Цяпер і пра папаўненне сям’і можна думаць», — усміхаецца маладая пара.
Да слова, па суседстве з Зуйкевічамі абжываюць свае сядзібы Сяргей і Вольга Юшкевічы, кіраўнік участка «Ружанскі» і інжынер па ахове працы, а таксама Кірыл і Таццяна Лявонавы, начальнік свінакомплексу і заатэхнік-селекцыянер. У адміністрацыі перакананы, што вытворчыя паказчыкі залежаць ад таго, з якім настроем людзі ходзяць на работу, а настрой, у сваю чаргу, — у тым ліку і ад уладкавання быту.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.