Вторник, 7 апреля 2020

Смоляницкий ренессанс. Деревенская церквушка и ее преображение

771

Станоўчыя змены, якія адбыліся за апошнія гады ў жыцці прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы вёскі Смаляніца, можна ахарактарызаваць двума словамі – “смаляніцкі рэнесанс”. Пасля складанага перыяду заняпаду храм, на радасць сталых вернікаў, нарэшце папрыгажэў. Сёння сельская цэркаўка радуе вока сваімі якасна пафарбаванымі сценамі і купаламі, дух перахоплівае і ад унутранага яе ўбрання: новыя абразы ў іканастасе і кананічны насценны роспіс у стылі старажытных майстроў разам з мілагучнымі песнапеннямі настройваюць на асаблівы лад…


Хто ж усё ж даў такі моцны імпульс царкоўнаму жыццю? Новы настаяцель? Вернікі? Неабыякавыя вяскоўцы? Ці гэта заслуга ўсіх звёнаў аднаго “Божага” ланцуга?


Вернікі, якія патэлефанавалі нам у рэдакцыю, сцвярджаюць, што ва ўсім заслуга бацюшкі. А святар Аляксандр Мялешка, які служыць на прыходзе са снежня 2011 года, са свайго боку запэўнівае, што з такімі людзьмі, як прыхаджане смаляніцкага храма, можна і не такія цуды ствараць.


– Пачну з нашага хору, у якім людзі спяваюць за адну плату наміналам “дзякуй Богу”. У кожнай з пеўчых ёсць жа сям’я і хатнія клопаты. А яны імкнуцца не прапускаць ніводнай службы, каб трымаць строй. Асаблівай увагі заслугоўвае Вольга Рыгораўна Архіпава, якая, як пайшла на пенсію (а працавала ў Брэсце ўрачом), у кароткія тэрміны вывучыла царкоўны Устаў: па начах асвойвала распевы і штудзіравала паслядоўнасць набажэнстваў. А гэта, я вас запэўніваю, вельмі складаная навука! Шмат нам дапамагаюць і творчыя супрацоўнікі Навасёлкаўскага Дома культуры, у прыватнасці, музыкант Сяргей Фаміч Герац, ён спявае з намі на ўсіх мерапрыемствах, якія мы разам з клубам арганізоўваем, — кажа святар.


Забягаючы наперад, адзначу, што сам айцец Аляксандр вельмі прыгожа спявае і з’яўляецца членам хору духавенства Брэсцкай епархіі.


– Дзякуй вялікі і Ганне Іванаўне Босак, нашай царкоўнай “няньцы”, якая, можна сказаць, выгадавала нашых дзяцей, – далучаецца да размовы матушка Вольга. – Падчас набажэнстваў, пакуль я хорам кірую, яна няньчыцца з імі і іншымі малымі прыхода, каб не ствараць нязручнасцей багамольцам. Пад чулым кіраўніцтвам Ганны Іванаўны дзеці падчас службаў гасяць свечкі, чысцяць падсвечнікі. Увогуле, дзякуючы ёй, у нас у храме ні пылінкі, ні смяцінкі, ні машкары – стэрыльная чысціня, як у бальніцы.


Шмат цёплых слоў святар з жонкай выказалі і ў адрас старасты храма Валянціны Уладзіміраўны Севасцьянчык, якая, між іншым, выконвае і абавязкі старасты вёскі.
– У яе столькі энергіі і такая адказнасць, што могуць пазайздросціць маладыя! – сведчыць бацюшка. – Што ні папрасі, усе пытанні дапаможа вырашыць. Валянціна Уладзіміраўна – сапраўдная “правая рука” настаяцеля…


Актыўнае прыходскае жыццё, як кажа святар, вядзе і сям’я Аляксандра Васільевіча і Святланы Яраславаўны Гукаў, якія жывуць у аг. Кабылаўка і кожныя выхадныя імкнуцца ў царкву, каб памаліцца разам з прыхаджанамі і дапамагчы ім ва ўсім…
Не прамінула спытацца ў святара пра іканапісца, які распісаў па перыметры сцены царквы цудоўнымі выявамі на біблейскія сюжэты. Як аказалася, роспіс – справа рук Алены Уладзіміраўны Васкаўшчук, якая пісала іконы для іншых храмаў раёна. Разам з настаяцелем пружанскі іканапісец распрацавала канцэпцыю роспісу, сюжэт і кампазіцыю.
– Спачатку думалі адлюстраваць толькі жыццяпіс свя-ціцеля Мікалая, паколькі храм асвечаны ў яго гонар, – кажа бацюшка. – А потым вырашылі зрабіць акцэнт на новазапаветных падзеях, у прыватнасці, адлюстравалі ўвесь цыкл Перадвелікоднага тыдня, таксама напісалі іконы беларускіх святых. З правага боку, дзе звычайна стаяць дзеці, размясцілі ікону “Благаслаўленне дзяцей”. Вялікі дзякуй ёй за такую карпатлівую і ахвярную працу. Але ўсяго гэтага не было б, каб не вялікае ахвяраванне адной нашай прыхаджанкі, якая пасля смерці маці, па завяшчанні той, перадала храму ўсе яе грашовыя зберажэнні і прапанавала распісаць храм. Нізкі паклон ахвярніцам…


Трэба дадаць, што падчас рамонту і аздаблення храма айцец Аляксандр без работы таксама не сядзеў: сама-стойна правёў рэканструкцыю ацяпляльнай сістэмы, сам тынкаваў і фарбаваў сцены, нават арнаментальнае абрамленне храма намаляваў.
– Так, – усміхаецца матушка Вольга. – У майго мужа, сапраўды, шмат талентаў ад Бога: ён вельмі прыгожа малюе і спявае. У яго ж няма музычнай адукацыі, сам азы нотнай граматы адолеў! Увогуле айцец Аляксандр вельмі працавіты…

Здаецца, настаў час пагаварыць і пра самома бацюшку і яго сям’ю. Нарадзіўся смаляніцкі настаяцель у 1987 годзе ў дынастычнай сям’і святара, у 13 гадоў застаўся без бацькі і разам са старэйшым братам вымушаны быў узваліць на свае плечы ўсю мужчынскую работу. Пры гэтым добра вучыўся ў школе і марыў стаць праграмістам. Але лёс распарадзіўся інакш. Па настаянні роднага дзядзькі Аляксандр паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Там, у Жыровіцах, і сустрэў сваё каханне. Ураджэнка Брэста Вольга акурат у той час вучылася ў рэгенцкай школе…
– У маім жа родзе не было святароў, веру ў Бога мне прывіла мама, якой вось ужо чатыры гады няма са мной, а царкоўным спевам захапіла рэгент хору брэсцкага Свята-Троіцкага храма, дзе я пэўны час спявала. Па яе рэкамендацыі я і накіравалася ў Жыровіцы, як аказалася, насустрач свайму шчасцю, – прызнаецца матушка Вольга.
Вяселле маладыя згулялі ў жніўні 2011 года, у верасні Аляксандр быў рукапакла-дзены ў дыяканы. А ўжо ў снежні пераступіў парог смаляніцкага Свята-Мікалаеўскага храма. У сям’і Мялешкаў гадуецца двое сыноў – Мікіта і Данік…
– Дзякуй Богу за ўсё! Наперадзе ў нас шмат планаў: матушка, якая не толькі кіруе хорам, а яшчэ вядзе гурток пры мясцовай школе, марыць арганізаваць пры храме нядзельную школу. Я планую да лета замяніць агароджу вакол царквы і ўзяцца за рамонт Крыжаўзвіжанскага храма ў вёсцы Зельзін, дзе таксама служу. Але гэта ўжо іншая гісторыя…
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.