Среда, 30 сентября 2020

Есть такая профессия — Родину охранять

563

Выбар прафесіі — адзін з самых адказных этапаў у жыцці кожнага маладога чалавека. Хутка яго трэба будзе зрабіць і нашым гімназістам. Каб дапамагчы дзецям не разгубіцца і зрабіць правільны выбар, ва ўстанове адбылося чарговае мерапрыемства па прафарыентацыі. Перад старшакласнікамі выступіў прадстаўнік Ваеннай акадэміі – падпалкоўнік І.Ф.Шэлест.
Ганаровы госць расказаў вучням пра ўмовы паступлення і асаблівасці навучання ў гэтым прэстыжным універсітэце са сталымі традыцыямі.
За сваю шматгадовую гісторыю акадэмія падрыхтавала больш за 14 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў, многія з якіх сталі вялікімі военачальнікамі і кіраўнікамі ў вышэйшых ваенных структурах Беларусі, Расіі і Украіны. Акрамя таго, праз стацыянарнае навучанне і курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу прайшло больш за 3 тысячы чалавек з 16 дзяржаў Еўропы, Азіі і Афрыкі.
На адзінаццаці факультэтах акадэмія рыхтуе афіцэраў для Узброеных Сіл і Унутраных войскаў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Тут праводзяцца навуковыя даследаванні, афіцэры павышаюць сваю кваліфікацыю і асвойваюць новыя тыпы ўзбраення і тэхнікі.
Адметна, што навучанне ў Ваеннай акадэміі ажыццяўляецца толькі на дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (рэчавым, харчовым і грашовым). Па стане на снежань стыпендыя курсанта складала ў залежнасці ад курса навучання ад 327 да 363 рублёў (без надбавак). Акрамя таго, студэнты штогод атрымліваюць матэрыяльную дапамогу — 538 руб.
Увогуле ў акадэміі створаны ўсе ўмовы, каб курсанты сталі высокаадукаванымі і ўсебакова развітымі людзьмі. Установа вылучаецца пашыранай інфраструктурай, якая дазваляе займацца навуковай, спартыўнай і культурнай дзейнасцю.
Курсанты 1-га і 2-га курсаў размяшчаюцца ў казармах, старшакурснікі (3-4 курсы) — у добраўпарадкаваных камфартабельных інтэрнатах, дзе створаны аптымальныя ўмовы для жыцця, побыту і вольнага часу курсантаў. У поўным распараджэнні навучэнцаў спартыўная база, абсталяваная сучаснымі вучэбна-трэніровачнымі комплексамі і трэнажорамі. Працуюць розныя спартыўныя секцыі.
Вялікім бонусам навучальнай праграмы з’яўляецца тое, што курсанты дадаткова праходзяць падрыхтоўку на вадзіцеля катэгорыі «С» з наступным атрыманнем адпаведнага пасведчання. А пасля атрымання вышэйшай адукацыі выпускнікам гарантуецца працаўладкаванне, годная аплата працы, магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту і сацыяльныя гарантыі.
Калі вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 17 да 21 года і ў вас з’явілася жаданне авалодаць прэстыжнай прафе-сіяй, паступайце ў Ваенную акадэмію. Для паступлення неабходна своечасова (да 1 красавіка года паступлення) звярнуцца ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства, а потым прайсці прафесійны адбор, падчас якога ацэньваецца стан здароўя, узровень фізічнай падрыхтоўкі і прафесійна-псіхалагічная прыдатнасць.
Залічэнне абітурыентаў праводзіцца на аснове агульнай сумы балаў, пазначаных у сертыфікатах аб цэнтралізаваным тэсціраванні.
Алена Зялевіч.