Понедельник, 24 февраля 2020

26 января — День белорусской науки

553

Апошнім часам у нашай краіне асаблівая ўвага надаецца развіццю аграрнай навукі. Экспарт прадуктаў харчавання — адна з найважнейшых крыніц папаўнення валютных запасаў. Больш за 60 гадоў таму ў Пружанах пачала працаваць абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя.
Сёння гэта — навуковая ўстанова, дзе працуе звыш васьмідзесяці чалавек. 17 з іх навуковыя супрацоўнікі. Чатыры навукова-вытворчыя аддзелы доследнай станцыі спецыялізуюцца па групах культур: бульбаводстве, пладаводстве, насенняводстве і кормавытворчасці. За станцыяй замацавана зямля, закладзены пладовы сад, пабудаваны сховішчы для садавіны і бульбы.

Супрацоўнікі доследнай станцыі садзейнічаюць гаспадаркам вобласці ў вырошчванні сельскагаспадарчых культур, у складанні тэхналагічных картаў, эфектыўным выкарыстанні ўгнаенняў і сродкаў аховы раслін. Яны таксама праводзяць маніторынг росту сельгаскультур і пры неабходнасці карэкціруюць элементы тэхналогіі з улікам умоў надвор’я. Асабліва гэта стала актуальным у апошнія гады ў сувязі з цёплымі зімамі ў нашай мясцовасці і зімоўкай азімых культур без снегавога покрыва.
Асноўнымі накірункамі дзейнасці РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» з’яўляюцца селекцыя і вядзенне пярвічнага і таварнага насенняводства раяніраваных і перспектыўных гатункаў сельгаскультур, пасадачнага матэрыялу пладова-ягадных культур, а таксама вытворчасць арыгінальнага насеннага матэрыялу збожжавых, зернебабовых і крупяных культур, ільну-даўгунцу, бульбы, шматгадовых траў, прышчэпнага і пасадачнага матэрыялу пладова-ягадных культур.
Акрамя таго, тут займаюцца распрацоўкай новых і ўдасканаленнем існуючых тэхналогій вырошчвання асноўных сельгаскультур, тэхналогій закладкі і эксплуатацыі травастояў шматгадовых траў у прымяненні да ўмоў Брэсцкай вобласці. На базе станцыі ладзяцца семінары па пытаннях насенняводства сельскагаспадарчых культур, агратэхнікі і аховы раслін.

Як расказаў дырэктар доследнай станцыі У.Р.Цімошчанка, 2019 год быў напружаным для ўсяго працоўнага калектыву, але ў той жа час і паспяховым. І самае галоўнае, што значна палепшылася фінансавае становішча ўстановы.
У мінулым годзе пры правядзенні навуковых даследаванняў і распрацовак было асвоена каля 200 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. У пладовым садзе сабрана 2103 тоны яблыкаў, атрымана 20 тысяч саджанцаў пладовых дрэў і 70 тысяч прышчэпаў. Валавы збор бульбы летась склаў 1034 тоны, а збожжавых і зернебабовых — 562 тоны.
На Івацэвіцкі кукурузакалібровачны завод накіравана 685 тон пачаткаў кукурузы гібрыднай. Яблыкі, вырашчаныя летась у пладовым садзе, паспяхова адпраўляюцца на экспарт у Расію, у прыватнасці, у Бранскую вобласць.
На доследнай станцыі маюць добрыя напрацоўкі па такіх культурах, як соя, суданская трава і люцэрна. Як лічаць навукоўцы, павінна вярнуцца на палеткі нашых гаспадарак і такая забытая культура, як лубін.
У сувязі з засушлівым летнім перыядам актуальнымі з’яўляюцца навуковыя распрацоўкі па вырошчванні суданскай травы і бахчавых культур, у прыватнасці, тых жа кавуноў.
На перспектыву Уладзімір Рыгоравіч плануе выйсці на замежны рынак з бульбай, арганізаваць вырошчванне аздароўленага пасадачнага матэрыялу ажыны і суніц садовых, расады агародных культур.
Будзе і далей весціся раскарчоўка старых пладовых наса-джэнняў і закладка новага саду.
Як бачна, кіраўнік навуковай установы з аптымізмам глядзіць у будучыню, а гэта, бадай, галоўны складальнік поспеху.

На здымку: каля дзесяці гадоў працуе на абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі загадчыца лабараторыі біяхімічных аналізаў І.Л.Лукша.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.