Вторник, 18 февраля 2020

С гарантией стабильности в завтрашнем дне. Интервью к 80-летию района с председателем райисполкома

365

80 гадоў для раёна, як і для чалавека, – шлях значны. І кожная падзея, якая адбылася за гэты перыяд, застанецца ў гісторыі і нашай памяці. Аднак гэтая размова — аб дні сённяшнім: аб поспехах і праблемах раёна, аб здзяйсненнях людзей і перспектывах на далейшае жыццё. З просьбай расказаць пра гэта мы звярнуліся да старшыні Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісуна. Зараз гэтую размову прапануем вашай увазе.

—Пружаншчына славіцца сваім мінулым: гераізмам у гады Вялікай Айчыннай вайны, самаадданай працай у мірны час, што дазволіла стварыць тую інфраструктуру, якую мы маем зараз. Юрый Юр’евіч, скажыце, калі ласка, як цяпер Вы ацэньваеце эканамічны патэнцыял раёна?

—Як вельмі высокі. Асабліва варта адзначыць тое, што было зроблена і пабудавана ў асноўнай галіне Пружанскага раёна – сельскай гаспадарцы. І перш за ўсё, гэта – магутны жывёлагадоўчы комплекс.  Добра развіта свінагадоўля з адпаведнымі комплексамі ў ААТ “Ружаны-Агра” і ААТ “Жураўлінае”. Належным чынам працуе і перапрацоўчая прамысловасць – Пружанскі малочны камбінат, які з’яўляецца лідарам у сваёй галіне, і СТАА “Данон Пружаны”. У сельскай гаспадарцы раёна задзейнічана вялікая колькасць жыхароў — каля 4300 чалавек. Прыбытак за 11 месяцаў мінулага года склаў 24,5 млн. рублёў, што на 9 мільёнаў больш за ўзровень 2018 года. Вытворчасць працы — 61,6 тыс. рублёў, што таксама вышэй за ўзровень папярэдняга года на 17,9%. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі за 2019 год склала 110,8% да ўзроўню 2018 года. Гэта паўплывала і на павелічэнне сярэдняга  ўзроўню заработнай платы. Па сельскай гаспадарцы сёння сярэдняя зарплата складае звыш 890 рублёў. А значыць, палепшыцца і ўзровень жыцця вяскоўцаў.

—Калі правільна разумею, на такія вынікі ў сельскай гаспадарцы найперш паўплывала становішча спраў у жывёлагадоўлі?

—Сапраўды, на Пружаншчыне добра развіта вытворчасць мяса і малака. Больш таго, раён забяспечвае самы высокі ўзровень вытворчасці малака ў краіне. За 12 месяцаў 2019 года вытворчасць малака склала 239,5 тысячы тон пры  сярэднім надоі ад каровы звыш 6,5 тысяч кілаграмаў. Гатункам “экстра” на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці рэалізавана 88,9% малака, а вышэйшым – 10,4%. Гэта самы высокі паказчык па Брэсцкай вобласці. Рэнтабельнасць рэалізацыі малака ў сярэднім па раёне склала каля 50 %.

Мы здолелі павялічыць не толькі вытворчасць малака, але і мяса. Летась па раёне яна склала звыш 25 тысяч тон, а гэта 115% да ўзроўню 2018 года. Было рэалізавана 22 тысячы тон, з якіх мяса буйной рагатай жывёлы — 11,9 т. тон, свініны — 9,9 т.тон, птушкі – 0,2 т. тон, што складае 118,2% да ўзроўню 2018 года.

—Гэтаму паспрыялі і добрыя вынікі, з якімі закончылі сезон аграрыі?

—Па леташнім намалоце збожжавых Пружанскі раён апынуўся ў ліку лідараў Брэсцкай вобласці. Мы маем 125 тысяч тон збожжавых, зернебабовых і кукурузы. Акрамя гэтага, вытворчасць алейнага насення рапсу склала 11,8 тысячы тон, сабрана 18,4 тысячы тон бульбы, 2,6 тысячы тон агародніны, звыш 60 тысяч тон цукровых буракоў. Дарэчы, па вытворчасці цукровых буракоў Пружанскі раён прызнаны пераможцам у вобласці. Таксама мы поўнасцю (і значна больш, чым у мінулым сезоне) забяспечылі патрэбы жывёлагадоўлі кармамі. Дамагчыся гэтага дазволіла ўкараненне перадавых тэхналогій. У выніку нам удалося атрымаць чысты прыбытак, які па выніках года чакаецца на ўзроўні 27 мільёнаў рублёў.

—Юрый Юр’евіч, а як Вы ацэньваеце становішча спраў у прамысловасці раёна?

—Хачу адзначыць Пружанскі малочны камбінат, які за мінулы год здолеў павялічыць аб’ёмы экспарту ў два разы. Толькі на экспарт камбінат паставіў прадукцыі на суму звыш 42 мільёнаў долараў ЗША. У поўным аб’ёме выканаў дзяржзаказ на пастаўку льновалакна на Аршанскі льнокамбінат і Пружанскі льнозавод, які ў мінулым го-дзе вырабіў прадукцыі на 8,7 мільёна рублёў, што на 23% больш, чым у 2018 годзе. Свой уклад у эканоміку раёна ўносіць ААТ “Пружанскі кансервавы завод”, які з мясцовай сыравіны вырабіў прадукцыі на 4,7 мільёна рублёў, і гэта таксама (на 27%) больш, чым у папярэдні год.

У раён прыходзіць і развіваецца малы бізнес. Так у 2019 годзе зарэгістравана ТАА “Ружанская мэблевая кампанія”, якая ўжо вырабіла і адправіла на экспарт мэблі на суму 2,4 мільёна долараў. Таксама паспяхова працуюць прыватныя прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на базе былых ваенных гарадкоў, адкрываюць вытворчасць на базе неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці. Такімі прадпрыемствамі ў мінулым годзе адпраўлена на экспарт звыш 2750 тон нятканых матэрыялаў, 925 тон замарожаных ягад і каля 250 тон грыбоў.

—Аднак паспяховае рашэнне сацыяльных пытанняў для грамадства не менш важна, чым эканамічных…

—Гэта так. Але ў той жа час, без вырашэння эканамічных пытанняў нельга рашыць і сацыяльныя. Будуць стварацца працоўныя месцы, расці зарплата, будзе заставацца ў нас і моладзь. Калі для прыкладу браць 2019 год, то ў раёне было створана 80 працоўных месцаў. Узровень беспрацоўя склаў 0,3% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, а гэта – звыш 19500 чалавек. Сярэдняя зарплата за 11 месяцаў па Пружанскім раёне складае 869 рублёў пры заданні 829 рублёў, што на 13% больш, чым у 2018 годзе. І гэта, зазначу, чацвёрты паказчык па зарплаце ў вобласці. Ну, а для таго, каб заставалася ў нас моладзь, горад і населеныя пункты раёна адбудоўваюцца. За апошнюю пяцігодку штогод у нашым раёне здаецца каля 15 тысяч квадратных метраў жылля: па два шматкватэрныя дамы ў Пружанах і каля дзесяці прысядзібнага тыпу – для сельгаспрадпрыемстваў. Вядзецца капітальны рамонт жылля. А гэта яшчэ 5-7 тысяч квадратных метраў жылля, якія ўводзяцца пасля капрамонту штогод.

І, вядома, пад пільнай увагай улады застаецца будаўніцтва і капітальны рамонт аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы. У 2017 годзе было пабудавана новае неўралагічнае аддзяленне раённай бальніцы. У 2018-м  пабудаваны ў горадзе дом сямейнага тыпу для дзяцей-сірот. Летась і пазалетась увялі ў строй новыя харчблокі ў СШ №1 і Ліноўскай СШ. Завяршаецца будаўніцтва камбікормавага завода ў аг. Вялікае Сяло. Таксама хутка плануецца завяршыць будаўніцтва новага цэха сухога абястлушчанага малака на Пружанскім малочным камбінаце.

—Юрый Юр’евіч, з увя-дзеннем бязвізавага рэжыму хацелася б бачыць на Пружаншчыне  больш турыстаў. Як Вы лічыце, што трэба яшчэ зрабіць, каб павысіць  прыцягальнасць нашага рэгіёна для замежных гасцей?

—Пружанскі раён прыцягальны сваёй багатай гісторыка-культурнай спадчынай. Чаго вартыя толькі Ружанскі замак Сапегаў, музей-сядзіба “Пружанскі палацык”, Белавежская пушча, якая часткова знаходзіцца на тэрыторыі нашага раёна. Спрыяе гэтай прыцягальнасці і зручнае геаграфічнае размяшчэнне побач з не менш цікавым з пункта гледжання гісторыі і культуры Камянецкім раёнам, а таксама шлях з Брэста да Гродна, які праходзіць праз Пружаны.  Вельмі зручнымі для турыстаў застаюцца міжнародная траса М-1 і так званая аб’язная дарога вакол Белавежскай пушчы. Галоўнае – стварыць належныя ўмовы для турыстаў, каб знаходжанне на Пружаншчыне было для іх цікавым. І найперш — зручны і камфортны, напрыклад, як у Польшчы, гасцінічны бізнес. З утульнымі і невялікімі гасцініцамі, добрай кухняй з адметнымі беларускімі стравамі. Стаўку можна рабіць на развіццё спартыўнага турызму. І дзеля гэтага ў нас ужо распрацоўваецца цікавы веламаршрут.

Ну, а пра адпачынак у нашых Лядовым і Водным палацах і гаварыць не даводзіцца. Там проста цудоўна!

—Я памятаю, як у першай прамове, з якой Вы, Юрый Юр’евіч, звярнуліся да пружанцаў як кіраўнік нашага раёна, Вы гаварылі аб важнасці работы ў камандзе. А як Вы ацэньваеце такую работу зараз?

—Зладжанасць і згуртаванасць сумеснай работы пружанцы паказалі  падчас абласнога свята “Дажынкі-2019”, якое прайшло ў Ружанах. Мы падрыхтаваліся і правялі гэтае мерапрыемства сапраўды паспяхова. І гэта адразу на ўрачыстасці адзначыў старшыня аблвыканкама А.В.Ліс. Як сапраўдная каманда спрацавалі тады і будаўнікі, і энергетыкі, і камунальшчыкі, і дарожнікі, прадстаўнікі іншых арганізацый і ўстаноў. У нас гарантаваны парадак і спакой, у чым заслуга і прадстаўнікоў сілавых структур. З завяршэннем сельскагаспадарчых работ нядрэнна справіліся працаўнікі раёна. Стабільна працуе сацыяльная сфера. Сваімі дасягненнямі радуе моладзь. Пацвярджэнне гэтаму – цырымонія ўручэння прэмій адораным дзецям “Дараванне”, якая прайшла ў Пружанах у канцы мінулага года. За дасягненні ў вучобе, спорце, творчасці тады было ўзнагароджана больш за сто школьнікаў і 24 дзіцячыя калектывы. Як паказвае жыццё, пружанцы могуць і ўмеюць працаваць. А яшчэ – прыгожа адпачываць і сябраваць. Рэгіён адметны сваёй гасціннасцю і міралюбнасцю.

—А якімі Вам бачацца перспектывы развіцця нашага раёна?

—Асновай была і застаецца эканоміка рэгіёна. Яна павінна быць эфектыўнай. Таму трэба развіваць любыя накірункі работы, якія будуць павялічваць даходнасць бюджэту і ўмацоўваць рэгіён. А гэта – далейшае ўдасканаленне сельскагаспадарчага комплексу, стварэнне новых працоўных месцаў, павелічэнне зарплат. У людзей павінна быць гарантыя стабільнасці ў заўтрашнім дні, каб самааддана працаваць, будаваць планы і атрымліваць радасць ад іх ажыццяўлення. І на Пружаншчыне робіцца ўсё магчымае для гэтага.

Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.