Вторник, 20 октября 2020

Кто виноват в трагедии в Ружанах?

1 215

Суд назваў віноўнікам вадзіцеля лесавоза.
17 лютага мінулага года ў г.п.Ружаны на вуліцы Косаўскай адбылося жудаснае дарожна-транспартнае здарэнне, у якім загінулі 45-гадовая жанчына і яе шасцімесячная ўнучка.
Жыхарка пасёлка і яе дачка з каляскай, у якой знаходзілася дзіця, ішлі ў магазін. На закругленні дарогі з імі спрабаваў размінуцца загружаны лесавоз. Падчас манеўра ў аўтацягніка перакуліўся прычэп з бярвёнамі. Менавіта на той бок, дзе былі пешаходы… Ад траўмаў бабуля і маленькая ўнучка памерлі на месцы здарэння, а маці атрымала цяжкія раненні, якія і пасля працяглага лячэння пакінулі свой след на твары маладой жанчыны.
Восьмага студзеня, амаль праз год, суд раёна паставіў кропку ў гэтай гісторыі, вызначыўшы вадзіцеля лесавоза віноўнікам аварыі.
Чаму так доўга?
Здаецца, разабрацца ў абставінах здарэння можна было б хутчэй. Аварыі з гібеллю людзей, на жаль, здараюцца і ў нашым раёне, а рэспубліканская статыстыка штогод фіксуе сотні падобных выпадкаў. Значыць, ёсць дзейсная методыка вызначэння ўсіх акалічнасцей. Тым больш, што ў дадзеным выпадку знайшліся і сведкі. Але вынясенню канчатковага прыгавору папярэднічала пяць пасяджэнняў суда.
Падчас першага пасяджэння абвінавачвальнікам былі агучаны парушэнні, сярод якіх называліся перавышэнне дазволенай хуткасці, няправільны манеўр і парушэнне правілаў эксплуатацыі транспартных сродкаў такога тыпу. Але судом раёна былі агучаны прэтэнзіі да следчых, якія збіралі матэрыял для працэсу. У выніку суд палічыў: супрацоўнікі Следчага камітэта перадалі ў пракуратуру дадзеныя, якія можна было аспрэчыць.
У прыватнасці, следствам было вызначана, што хуткасць лесавоза падчас абмінання пешаходаў складала 50 км/у гадзіну, хаця на да-дзеным участку дзейнічае абмежаванне ў 40 км/г. У аснову такога заключэння была пакладзена тэхнічная экспертыза, якая абазначыла, што прычэп можа перакуліцца на павароце, калі яго хуткасць будзе перавышаць 47,8 км/г. Значыць, у абвінавачванне была закладзена разліковая хуткасць аўтамабіля, а не фактычная.
Пытанняў у суда ўзнікла шмат, з-за чаго было вырашана правесці дадатковую экспертызу для вызначэння рэальнай хуткасці, а таксама вывучэння патрабаванняў правілаў эксплуатацыі лесавозаў і іншых недакладнасцяў, дапушчаных пры расследаванні справы.
Другое пасяджэнне закончылася амаль такім жа вынікам, бо спатрэбілася заключэнне экспертаў адносна ўстойлівасці прычэпа і прычын яго перакульвання ў момант ДТЗ.

Заложнік абставін?
Пасля больш дакладнага збору ўсіх доказаў абвінавачванне, тым не менш, прытрымлівалася першапачатковага меркавання: поўнасцю вінаваты вадзіцель. Але той пагадзіўся з вывадамі толькі часткова. З аднаго боку, ён меў рацыю. Вадзіцелі лесавозаў самастойна займаюцца пагрузкай драўніны, потым ВІЗУАЛЬНА ацэньваюць устойлівасць транспартнага сродку, правільнасць размяшчэння грузу і яго габарыты. Здзіўляюць і патрабаванні дзеючай інструкцыі. У ёй гаворыцца, што бярвёны не павінны выступаць за вызначаныя рэйкі, абавязкова трэба чапляць тросы па стойках лесавоза. Але нідзе не пазначана, што грузіць можна толькі адрэзкі даўжынёй 4 метры і выкарыстоўваць усе тросы, якія ёсць у наяўнасці. А што рабіць, калі бярвёны даўжэй за 4 метры? А ці можна прычапіць два, а не ўсе шэсць тросаў? Атрымліваецца, што вадзіцель павінен самастойна ацэньваць сітуацыю. Што і адбылося: абвінавачваемы загрузіўся драўнінай, якая месцамі выступала на 20, а то і 50 сантыметраў, і ўвесь груз замацаваў двума тросамі.


На думку абароны, гэта магло б паслужыць падставамі калі не для апраўдання вадзіцеля, то для змякчэння прыгавору. У дадатак адзначалася, што дарожныя знакі на ўчастку вул.Косаўскай, дзе здарылася аварыя, пастаўлены неадназначна: сумненні выклікалі абазначэнне перакрыжавання, а таксама адлегласць дзеяння знака абмежавання хуткасці. Пэўныя нараканні былі і да якасці праезнай часткі, асабліва двухсхільнага пакрыцця, замест патрэбнага аднасхільнага. Менавіта з улікам усяго пералічанага абвінавачваемы толькі часткова прызнаў сваю віну. Такія ж аргументы выкарыстоўвала і абарона, прадстаўнік якой выказаў меркаванне, што ўвогуле не бачыць падставы для абвінавачвальнага прыгавору.
Аднак усе падобныя разважанні былі адкінуты падчас працэсу. Напрыклад, парушэнне правілаў пагрузкі ўсё-такі было: вадзіцель зачапіў тросы (хай толькі два) паміж стойкамі, а не па іх. Значыць, у апошніх стала менш магчымасцей забяспечыць бяспеку. Па-другое, шэсць тросаў мелі больш шанцаў стрымаць бярвёны ад раскідвання, што, магчыма, дазволіла б пазбегнуць настолькі трагічных наступстваў. Таксама нельга выключаць і той факт, што разам усе тросы маглі б вытрымаць нагрузку больш за 23 тоны (маса перакуленага прычэпа складала каля 21 тоны).
Акрамя таго, Правілы дарожнага руху адназначна патрабуюць: вадзіцель павінен самастойна вызначаць асаблівасці руху з улікам дарожных умоў, дарожныя знакі ўлічваюцца толькі пасля гэтага. Абвінавачваемы амаль год ездзіў па гэтай вуліцы, два-тры разы на тыдзень, і дасканала ведаў асаблівасці мясцовай праезнай часткі.
Тое ж тычыцца і манеўра: вадзіцель пры павароце налева яшчэ больш давярнуў руль, змяншаючы вугал, каб стварыць больш камфортныя ўмовы пешаходам, з якімі размінаўся велікагрузны аўтамабіль. Навошта ён гэта рабіў, калі яму нават разметка на дарозе ў выглядзе суцэльнай паласы падказвала, што выязджаць на паласу сустрэчнага руху ў гэтым месцы нельга?

Прыгавор
На перадфінальным пася-джэнні прысутнічалі супрацоўнікі абласной транспартнай інспекцыі, а таксама рэспубліканскія эксперты. Першыя адназначна заяўлялі, што вадзіцель сам павінен быў кантраляваць сітуацыю, тым больш маючы 30-гадовы вопыт ваджэння велікагрузных аўтамабіляў. Другія агучылі рэальную хуткасць лесавоза, якая складала 43 км/г. Таксама былі разгледжаны і матэрыялы, дасланыя прадстаўнікамі вытворцы лесавоза «МАЗ», у якіх адзначалася, што выступленне сартаменту лесу нават на 20 сантыметраў за габарыты транспартнага сродку істотна зніжае яго ўстойлівасць падчас манеўравання.
Напрыканцы адбыліся спрэчкі бакоў, падчас якіх былі агучаны дзеянні абвінавачваемага, які прымаў пасільны ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым, потым аказваў фінансавую падтрымку сем’ям, якія страцілі сваіх членаў. Да ўвагі былі прыняты станоўчыя характарыстыкі абвінавачваемага па месцы работы і жыхарства, адсутнасць дагэтуль прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Згодна з ч.3 арт.317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, суд прыгаварыў вадзіцеля да 7 гадоў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах пасялення, да 5 гадоў забароны займацца вызначанай дзейнасцю, якая звязана з кіраваннем транспартнымі сродкамі, а таксама да спагнання з асуджанага працэсуальных выдаткаў у памеры каля 80 рублёў. Прыгавор яшчэ не ўступіў у сілу, і мяркуючы па далейшых выказваннях, прыгавораны думае апеляваць да вышэйшай інстанцыі.

Кропка?
На маю думку, завершаны судовы працэс нельга лічыць падставай, каб паставіць у справе кропку. Так, справядлівасць устаноўлена і віноўнік аварыі атрымаў адпаведнае пакаранне. Вось толькі яно не верне загінулых людзей — жыхарку пасёлка, якая толькі-толькі стала бабуляй, і дзяўчынку, першынца маладой сям’і. Мяркую, што гісторыю нельга аднесці да тых выпадкаў, дзе вінаваты толькі так званы «чалавечы фактар». Тым больш, што лесавозы, загружаныя не так, як патрабуюць нарматывы, з незахаваннем вызначаных габарытаў, сустракаюцца і на іншых дарогах.
Што было б, калі ў інструкцыі дакладна было б вызначана, што прычапляць тросы трэба па КОЖНАЙ стойцы?
Што было б, калі на пагрузачнай пляцоўцы не толькі вадзіцель ацэньваў правільнасць пагрузкі лесавоза?
Што было б, калі па праезнай частцы вуліцы Косаўскай быў бы забяспечаны зручны праезд вялікагрузнага транспарту?
Думаю, трагічны выпадак павінен стаць штуршком да пошуку адказаў на гэтыя пытанні.

Магчыма, падобнае ж меркаванне меў і суд, бо ён вынес прыватнае вызначэнне да ААТ «Івацэвічдрэў» з патрабаваннем выкаранення прычын, якія прывялі да трагедыі.
Алег Сідарэнка.
Фота ДАІ г.Брэста.