Суббота, 18 января 2020

Гісторыя з фатаграфіяй. Інструктаж па гатаванні варэння

234

Гэтую гісторыю запісаў і даслаў у рэдакцыю настаўнік Загорскай школы Анатоль Сахарук. Як расказала краязнаўцу вясковы старажыл Алена Мікалаеўна Куроўская, у архіве якой апынулася гэтае фота (жанчына зараз жыве ў Брэсце), яно зроблена ў вёсцы Загор’е недзе ў 1935-37 гадах.


У 30-я гады ХХ стагоддзя жыхары Загор’я сталі масава вырошчваць суніцы (клубніцы) на продаж. Вазілі конным транспартам на рынкі ў Пружаны, Малеч, Бярозу, Кобрын і інш. Загадзя, звечара, загружалі кашы ў воз і адпраўляліся ў дарогу нанач. Не заўсёды ўдавалася рэалізаваць усю ягаду. Тое, што заставалася, проста выкідвалі: варэння ў той час вяскоўцы не ведалі.
Але польскія ўлады былі зацікаўлены ў павышэнні культуры мясцовага насельніцтва, у тым ліку і сельскагаспадарчай. З гэтай мэтай некалькі гадоў запар у вёску прыязджала спецыяльны інструктар з Пружан, каб навучыць жанчын варыць варэнне. Сельскага клуба не было, і ўсе падобныя мерапрыемствы праходзілі ў школе.
На здымку – якраз такі момант. Мужчына на заднім плане — дырэктар школы (у 1940-м ён загінуў у Катыні), сядзіць на стуле яго жонка. Сама інструктар – у цэнтры ў цёмным сарафане, побач з ёй узважвае цукар маці Алены Мікалаеўны. Усе жанчыны па-святочнаму апрануты: лічылася непрыстойным выходзіць «у людзі» ў брудным адзенні.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас ёсць старыя фота-здымкі Пружаншчыны і гісторыі, звязаныя з імі, дасылайце іх, калі ласка, на адрас рэдакцыі (вул.Чырвонаармейская, 78, 225133, г.Пружаны) ці на электронны адрас RRBud2@brest.by, а таксама тэлефануйце нам па нумары 9-12-36.
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.