Суббота, 18 января 2020

На месте старого больничного сада начато строительство двух многоквартирных домов

848

Апошняе дзесяцігоддзе практычна штогод у Пружанах узводзяцца новыя дамы. І 2020-ы не будзе выключэннем: дзве новыя пяціпавярхоўкі з’явяцца на вул.Кастрычніцкай. Будаўніцтва карэнным чынам зменіць тэрыторыю былога «бальнічнага» саду. Як расказвае намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук, тут запланавана і сур’ёзнае добраўпарадкаванне: стварэнне зялёных зон, стаянкі для аўтамабіляў і пад’езду да жылля.


Будаўніча-мантажныя работы па ўзвядзенні першага дома пачаліся напрыканцы мінулага года. Будаўнікі ААТ «Рамбуд» ужо «выйшлі» на першы паверх. Як адзначае майстар С.С.Кніга, па многіх накірунках назіраецца нават апераджэнне графікаў. Вось толькі пляцоўку нельга назваць простай.
— З-за асаблівасцей грунту давялося распрацоўваць спецыяльны падмурак, які ўяўляе сабой маналітную пліту,— расказвае Сяргей Станіслававіч.— На яе заліўку пайшло амаль 400 кубоў бетоннага раствору. Але гэта дадаць трываласці і знізіць магчымыя рызыкі ад усадкі грунту.


Абодва дамы маюць ідэнтычны праект: пяць паверхаў, два пад’езды, 38 кватэр. Але аб’екты адрозніваюцца «ўнутраным насычэннем». Напрыклад, у тым доме, што зараз узводзіцца, акрамя стандартных 1-на, 2-х і 3-пакаёвых кватэр будуць і чатырохпакаёвыя. Гэта звязана з тым, што 29 кватэр у першым будынку будуць размеркаваны паміж шматдзетнымі сем’ямі. У другім доме кватэры будуць мець статус арэндных.


Трэба адзначыць, што ўсе шматдзетныя сем’і, якія могуць хутка адзначыць уваходзіны, атрымалі ад райвыканкама накіраванні ў банк, каб далучыцца да дзяржаўнай фінансавай падтрымкі. Але пакуль толькі двое кандыдатаў аформілі неабходныя дакументы. З-за гэтага ўжо ўзнікаюць цяжкасці з фінансаваннем будаўніцтва, што можа прывесці да карэкціроўкі тэрмінаў заканчэння работ.


Здача ў эксплуатацыю першага дома запланавана на канец першага паўгоддзя 2020 года. Мяркуючы па ўсім, будаўнікі, калі шматдзетныя кандыдаты на ўсяленне ўсё-такі аператыўна вырашаць пытанні з афармленнем дакументаў, справяцца з пастаўленай задачай. На адным пад’ездзе працуюць будаўнікі «Рамбуда», другі ўзводзяць на правах субпадраду спецыялісты з ПМК-22. Для паскарэння работ устаноўлены вежавы кран, з дапамогай якога вельмі хутка грузы ўзнімаюцца на вышыню.
За другі дом «адказвае» ПМК-29. На суседняй пляцоўцы пакуль вядуцца толькі падрыхтоўчыя работы, але вопыту ў будаўнікоў гэтай механізаванай калоны таксама дастаткова.
Непасрэдна месца для ўзвядзення двух жылых дамоў выбрана даволі ўдала. Напрыклад, менш складанасцей давялося вырашаць з падвя-дзеннем інжынерных камунікацый: на даступнай адлегласці пры параўнальна меншых затратах было выканана падключэнне да цеплавых, электрычных сетак, водазабеспячэння і водаадвядзення. Даволі прыгожым можна назваць і сам праект, які прадугледжвае прыцягальны знешні выгляд аб’ектаў. А значыць, яны істотна зменяць былую «карцінку» гэтага ўчастка горада.
На здымках: муляры М.С.Апаляйчук і А.В.Рупека; муляр М.І.Гульковіч; машыніст аўтакрана М.М.Пашвянчук.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.