Четверг, 20 февраля 2020

«Наши дети» и другие благотворительные акции прошли в районе в новогодние праздники

636

Найбольшыя абароты акцыя «Нашы дзеці» набрала непасрэдна ў пераднавагоднія дні. Шматлікія грамадскія арганізацыі, афіцыйныя асобы, прадстаўнікі ўлады пастараліся не абдзяліць увагай нікога.
Каля двух дзясяткаў сем’яў раёна сёлета атрымалі віншаванні па лініі ГА «Беларускі фонд міру».
Як падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі Мікалай Кудравец, штогод увага ўдзяляецца розным сем’ям, але абавязкова тым, якія маюць у ёй патрэбу: у прыватнасці, шматдзетным, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды.
На гэты раз падарункі ад грамадскай арганізацыі прымала 15 сельскіх і тры гарадскія сям’і.
Сяргей і Ганна Калашэнскія, якія пераехалі на Пружаншчыну з Пінскага раёна восем гадоў таму, выхоўваюць трое дзетак, самаму малодшаму з якіх няма яшчэ і паўгадка. Акрамя роднасных адносін, інтарэсаў, звычак, сям’ю аб’ядноўвае агульная мара — займець уласнае жыллё.
А вось Аліна Станкевіч, якая атрымала віншаванні ад грамадскага аб’яднання, прызналася, што ўжо ў паўкроку ад гэтай мары: вось-вось жанчына атрымае ключы ад трохпакаёвай кватэры, у якую пераедзе разам са сваімі чатырма дзеткамі.
Для Алены Штэнгаўэр і Мікалая Адаські, якія выхоўваюць сямёра непаўналетніх хлопчыкаў і дзяўчынак (да слова, у сям‘і ёсць яшчэ двое дарослых дзяцей), жыллёвае пытанне вырашылася якраз у 2019 годзе: у лютым сям’я змагла пераехаць з Муравы ў Пружаны, дзе атрымала кватэру. Цяпер ладзяць жыццё на новым месцы.
На новы 2020 год усе гэтыя сем’і ўскладаюць толькі самыя лепшыя спадзяванні: гавораць, галоўнае — каб усе былі здаровымі.

Вось ужо некалькі гадоў як ФПБ ладзіць сваю акцыю — «Прафсаюзы — дзецям». Актыўна ўключаюцца ў яе Пружанскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, галіновыя прафсаюзы і прафкамы: гэта не толькі ранішнікі для дзяцей членаў прафсаюзаў, але і ўдзел у дабрачынных і многіх іншых мерапрыемствах.
Сёлета сярод адрасатаў віншаванняў раённага аб’яднання прафсаюзаў апынуліся выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Ружанах.

Штогод дапамагае збіраць падарункі дзецям-сіротам ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Акрамя таго, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук пабывала ў Кляпацкай СШ: прыемны сюрпрыз чакаў вучаніцу гэтай школы Арыну Джэйнгур, якая прымала ўдзел у рэспубліканскай акцыі ФПБ «Мары здзяйсняюцца».
Традыцыйна прымалі гасцей — прафсаюзных работнікаў у гэтыя дні наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў п.Сонечны. Упершыню на Пружаншчыне прайшла раённая ёлка пад эгідай прафсаюза работнікаў АПК.
Адным словам, у цэнтры ўвагі прафсаюзаў апынуліся сотні дзяцей.

Ранішнік прайшоў і ў сацыяльна-педагагічным цэнтры ў пасёлку Сонечны. Дасканалыя прыгатаванні, як заўсёды, былі недарэмныя: на свята прыйшлі шматлікія госці, а галоўнае — бацькі.


Немудрагелісты навагодні сюжэт касцюміраванага прадстаўлення разгарнуўся ў актавай зале і прымусіў малых паверыць у існаванне навагодніх цудаў. Пасябраваць гасцям і дзеткам удалося падчас карагодаў вакол зялёнай прыгажуні.


За расказаныя вершы выхаванцы прытулку атрымалі падарункі не толькі ад Дзеда Мароза. Па традыцыі ў гэтыя святочныя дні сапраўдны цуд для малых ствараюць дарослыя: гэта і прадстаўнікі раённай улады, і супрацоўнікі раённага аддзела Дэпартамента аховы, і прадстаўнікі раённага вузла паштовай сувязі, філіяла райспажыўтаварыства «Гандлёвы цэнтр», Брэсцкага абласнога суда, «Белаграпрамбанка», вернікі каталіцкага прыхода…

Цеплыня іх добрых сэрцаў і ўвага дарослых змаглі растапіць дзіцячыя сэрцы і хаця б на некаторы час прымусіць забыць пра свае нягоды.

Гасцей таксама не адпусцілі без падарункаў. Дзеці ўручылі ім паштоўкі з віншаваннямі, зробленыя сваімі рукамі разам з выхавальнікамі.

А галоўнай падзякай за навагоднія падарункі сталі шчырыя дзіцячыя ўсмешкі.

Не засталася ўбаку ад святочных падзей і Пружанская раённая арганізацыя ГА «Белая Русь».
Дзякуючы грамадскаму аб’яднанню, дэлегацыя школьнікаў з Пружанскага раёна пабывала ў перадсвяточным Брэсце. Салодкі стол, арганізаваны ў Брэсцкім політэхнічным каледжы, і асаблівая сяброўская атмасфера, якая панавала тут, спектакль «Чароўная сіла» ў Брэсцкім акадэмічным драмтэатры, карагоды і зносіны з Дзедам Марозам і Снягуркай пакінулі незабыўныя ўражанні ў хлопчыкаў і дзяўчынак.
Акрамя таго, як удакладніла старшыня РА ГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, працягваецца супрацоўніцтва з дэпутатам, які прадстаўляе інтарэсы выбаршчыкаў нашай акругі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Аляксандрам Леўчуком. Разам дэпутат і лідар раённай арганізацыі «Белай Русі» павіншавалі са святамі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны І.М.Алякумава. Гэты чалавек з гераічным мінулым падзякаваў за аказаную яму ўвагу.
Увогуле ў гэтыя дні актывісты «Белай Русі» павіншавалі дзясяткі шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў Пружаншчыны: у перыяд навагодніх святаў арганізацыя ўручыла больш за 40 салодкіх падарункаў, дзясяткі набораў канцылярскіх прыналежнасцяў і памятных сувеніраў.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевич (фота).