Четверг, 20 февраля 2020

Учащаяся колледжа заняла второе место на областном конкурсе, а также получила приз зрительских симпатий

699

Напрыканцы мінулага года на базе УА «Брэсцкі дзяржаўны каледж сувязі» прайшоў конкурс «Лепшая навучэнка сярэдняй спецыяльнай адукацыі-2019». Такі конкурс быў арганізаваны ўпершыню. Прыняло ў ім удзел дзевяць дзяўчат з розных каледжаў вобласці. Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж прадставіла “Міс каледж-2019”, пераможца шматлікіх спаборніцтваў па гіравым спорце Наталля Канавега. У навучальнай установе палічылі, што “Наташа зможа”, і з наказам «Наташа, наперад!» дэлегавалі на конкурс.


Будучаму тэхніку-механіку Наталлі давялося спаборнічаць з прадстаўніцамі больш звыклых для нас жаночых прафесій: з бухгалтарам, барменам, сыраварам, мадэльерам і іншымі. У адным з заданняў, дарэчы, трэба было паказаць майстар-клас па будучай спецыяльнасці. Перад здзіўленым журы дзяўчына прадэманстравала рэгуліроўку фарсункі.
У гэты вечар удзельніцам давялося танцаваць, дэфіліраваць, знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, паказваць свае кулінарныя і гаспадарчыя здольнасці. У выніку ў Наталлі другое месца (не хапіла ўсяго аднаго бала, каб перамагчы і ў гэтым спаборніцтве), тытул “Міс індывідуальнасць”, а таксама прыз глядацкіх сімпатый “Каралева залы”.
Дарэчы, групу падтрымкі Наталлі ўзначаліў дырэктар каледжа С.М. Козел. Дзяўчына вельмі ўдзячна ўсім выкладчыкам, навучэнцам і сябрам, якія прыехалі падтрымаць яе ў Брэсце.
P.S. Праз некалькі дзён пасля гэтага конкурсу Наталля перамагла ў калядным турніры па гіравым спорце. За 10 мінут гэтая далікатная дзяўчына 216 разоў падняла 12-кілаграмовую гіру. Спаборніцтва было няпростым: мінчанка, якая стала другой, здолела падняць снарад 214 разоў.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.