Суббота, 18 января 2020

Встречайте победителей конкурса на лучшее новогоднее украшение территории

1 330

Прырода не спяшаецца радаваць нас прыгожымі зімовымі пейзажамі, але навагодні настрой можна стварыць і ўласнымі рукамі. Што выдатна даказалі ўдзельнікі штогадовага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе ўпрыгожанне прысядзібнай тэрыторыі. У рэйд па падвядзенні вынікаў конкурсу трапілі і журналісты “раёнкі”.
Першым населеным пунктам, у які мы завіталі, стаў аграгарадок Мурава. На мой погляд, гэта аказаўся найбольш упрыгожаны куток Пружаншчыны. Жыхары на славу пастараліся, каб упрыгожыць свае сядзібы і радаваць вока сабе і аднавяскоўцам. Але няглядзечы на мноства прыбраных двароў, заяўку на ўдзел падала толькі сям’я Чуевых, якая ўпершыню ўдзельнічала ў конкурсе.

І іх сядзіба, і сядзіба суседзяў (і чаму толькі заяўку не падалі?!) уразіла і журы, і карэспандэнтаў. Яшчэ адным пунктам, дзе нам давялося спыніцца ў Мураве, стаў сельскі Дом культуры (асобная заяўка для ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму).

Сярод іншых дэкарацый, тут красавалася ёлка з фотаздымкамі ўсіх мерапрыемстваў мінулага года, якія правялі ў Доме культуры. Работнікі ўстановы прызналіся, што для ўпрыгожання Дома культуры, ахвяравалі нават уласныя гірлянды. Як высветлілася, не дарма – Мураўскі сельскі Дом культуры адзначаны прэміяй за першае месца (другое месца ў Ліноўскай СШ, трэцяе – у “Ясляў-саду №3 г. Пружаны”).


Сядзібу сям’і Бушко з аграгарадка Сухопаль можна было знайсці і без дакладнага адраса. Над стварэннем прыгажосці тут шчыравалі ўсёй сям’ёй: мужчыны (а гэта тата і тры сыны) адказвалі за тэхнічны бок, а ў якасці дызайнера выступіла мама. Дарэчы, сімпатычных аленяў уласнымі рукамі вырабіў 12-гадовы Ягор.


Яшчэ адны дэбютанты конкурса — сям’я Велясюк з аграгарадка Клепачы. Тут крышачку не паспявалі да прыезду журы, таму падключэннем гірляндаў заняліся жанчыны. Не без прыгод, але з пастаўленай задачай справіліся. Зіхаценне і гэтай сядзібы таксама бачна здалёк.


Далей мы накіраваліся ў Калядзічы. Шлях ляжаў праз вёску Мокрае, многія яе жыхары таксама ўпрыгожылі свае дамы і двары, але і як прадстаўнікі сельсавета, якія ярка і з густам упрыгожылі будынак канторы – заяўкі на конкурс не падалі.


А ў Калядзічах мы завіталі да мінулагодніх пераможцаў — сям’і Скобля. Прызнацца, не было роўных ім і сёлета. Акрамя разнастайнай ілюмінацыі, на фоне якой цяпер любяць рабіць фотаздымкі аднавяскоўцы, сядзіба сустракае яшчэ і навагоднімі песнямі!


Сядзібу сям’і Зубко з аграгарадка Лінова, пэўна, заўважае кожны, хто праязджае праз населены пункт. Магчыма, на ўпрыгожанне гэтага двара пайшло і менш гірляндаў, чым у іншых канкурсантаў, але ён выглядае так стыльна, што члены журы не маглі гэта не адзначыць.
Такім чынам, месцы ўладальнікаў жылых дамоў размеркаваліся так: першае месца – сям’я Скобля з аграгарадка Калядзічы, другое месца – сям’я Бушко з аграгарадка Сухопаль, трэцяе месца — сям’я Зубко з аграгарадка Лінова.
Адзначым, што гараджане сёлета не падалі ні адной заяўкі. Але паглядзець на што ёсць і ў райцэнтры. Рознакаляровыя ліхтары і цэлыя святочныя ансамблі сустракаюць жыхароў і гасцей горада з усіх бакоў. Пастараліся ў гэтым годзе на заводзе радыёдэталяў, у аўтапарку і на льнозаводзе (трэцяе месца).

Новых “герояў” размясцілі на сваёй тэрыторыі ў ПМК-21 (другое месца).

А вось безумоўным лідарам сталі дэбютанты – ААТ “Райаграсэрвіс”.

Калі вы яшчэ не бачылі створаную работнікамі таварыства казку ў пасёлку Сонечны, то, як толькі сцямнее, накіроўвайцеся туды разам з дзецьмі.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).