Воскресенье, 27 сентября 2020

Наш опрос: каким для вас был 2019 год?

904

Адышоў у нябыт 2019 год. Якім ён быў для нашых пружанцаў? Ці шмат радасці прынёс людзям і ці спраўдзіў іх мары і пажаданні? Пра гэта мы спыталіся ў прахожых на вуліцах горада.

Ірына:


— Год Свінні, прызнацца, для мяне быў роўным і гладкім, як такая шкурка на сале: ніякіх, дзякуй Богу, дрэнных вестак і ўзрушэнняў. Вядома, хацелася б, каб новы год прынёс больш стабільнасці ў грамадстве, больш здароўя дзецям і родным. І каб ва ўсім свеце, нарэшце, усталяваўся мір. Каб людзі сустракалі святы ў цяпле і спакоі і не хваляваліся за будучыню.

Віктар:


— Прызнацца, 2019 год адмерваў добрага пакрыху. Мяркую, так і павінна быць: колькі ні дай, чалавеку ўсё роўна будзе мала. Дзякуй мінуламу году за тое, што старэйшая дачка паспяхова скончыла ўніверсітэт і сёння ў яе вымалёўваюцца нядрэнныя перспектывы ў працаўладкаванні. Дзякуй і за тое, што ў сына-студэнта таксама ў вучобе складаецца ўсё, як трэба. А мы, бацькі, усе іспыты перажывем.

Іван:


— Год быў звычайным – і на гэтым дзякуй! Адметна, што ў горадзе адкрылася новае кафэ “Праванс”, куды я ўладкаваўся на працу бармэнам. Хацелася б, каб у новым годзе ў нашага кафэ стала больш прыхільнікаў. Са свайго боку абяцаем зрабіць усё магчымае, каб пружанцы годна бавілі ў нас час.

Юлія:


— 2019 год быў для мяне вельмі шчаслівым! У нашай сям’і нарадзілася трэцяе дзіця! Мы з мужам і “трыма багатырамі”, нарэшце, засяліліся ў свой дом і ў новым годзе, марым, яго поўнасцю добраўпарадкуем! А ў якасці падарунка прасілі здароўя ўсім – гэта самае галоўнае!

Галіна Алексееўна:


— Цудоўны быў год! І наступны, спадзяюся, будзем такім жа. Мая старэйшая ўнучка выйшла замуж за добрага, клапатлівага і адказнага чалавека! Другая ўнучка вучыцца ў 11 класе, а ўнук – у 9-м. Хочацца, каб усё ў іх жыцці таксама наладжвалася найлепшым чынам: і вучоба, і тэсты, і далейшае паступленне. А мне самой усяго хапае, трэба пра моладзь думаць.

Святлана:


— Год 2019 быў не самым кепскім. У цэлым усё атрымалася, як я год таму загадвала пад ёлачкай. Адное расхвалявала: мама шмат хварэла, доўгі час лячылася ў бальніцы, і мне цяжка далася разлука з ёю. Спадзяюся, ў наступным годзе ўсе мае родныя будуць здаровымі. А яшчэ папрашу ў Дзядулі Мароза кар’ернага росту для сябе! Чуеш, Стары?

Ірына Васільеўна:


— Добры год атрымаўся! Малодшая дачка прымала актыўны ўдзел у школьным алімпіядным руху. А старэйшая, банкаўскі супрацоўнік, паднялася па службовай лесвіцы. Няўжо гэта не можа радаваць? Прызнацца, з нейкай трывогай чакаю 2020 год, не хацелася б рэзкіх перамен ні ў сваім жыцці, ні ў жыцці грамадства і краіны ў цэлым. Няхай усім шчасціць!

Думкамі цікавілася Алеся Смайлік, фота Сяргея Талашкевіча.