Понедельник, 17 февраля 2020

В Ружанах завершена реконструкция пищеблока больницы

597

Адыходзячы год для медыцынскай галіны раёна азнаменаваўся яшчэ адной добрай падзеяй: рэканструкцыяй бальнічнага харчблока ў Ружанах.


Камфортнае лячэнне ў сценах Ружанскай гарбальніцы складана ўявіць у тым ліку і без належнай работы харчблока. Да мінулага тыдня ён знаходзіўся ў будынку, які быў узведзены ў 1961 годзе. За амаль шэсцьдзясят гадоў рамонту гэты аб’ект не бачыў, а з часам яшчэ і перастаў укладвацца ў сучасныя санітарна-гігіенічныя нормы. Рашэнне сітуацыі знайшлося падчас даследавання былога дзіцячага аддзялення бальніцы: пасля істотнага скарачэння колькасці дзіцячых ложкаў будынак пуставаў, а па сваіх параметрах якраз адпавядаў тым, якія прад’яўляюцца да харчблокаў.
І вось у ліпені гэтага года прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па выкананні паслуг «ІВА» прыступіла да рэканструкцыі. За паўгода было выдаткавана каля 800 тысяч рублёў, выдзеленых на гэтыя мэты з раённага і абласнога бюджэтаў. У снежні праводзіліся апошнія прыгатаванні будынка да функцыянавання.


Пра тое, што для Ружанскай бальніцы гэта сапраўды падзея, сведчыла ўрачыстая абстаноўка адкрыцця аб’екта. Больш за тое, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч перакананы, што гэтая падзея па сваіх маштабах выходзіць за межы пасёлка: тут лечацца шматлікія жыхары ўсёй Ружаншчыны. Ну, а наколькі важным аб’ектам для бальніцы з’яўляецца харчблок, лепш за іншых ведае адміністрацыя цэнтральнай райбальніцы. Галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Віктар Дараневіч выказаў словы ўдзячнасці і будаўнікам, якія не марнавалі ні мінуты і здалі аб’ект за кароткі час.


Адрасуючы свае віншаванні калектыву бальніцы, старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская выказала спадзяванне, што ўручаны ёю сімвалічны калядны вянок з нацыянальнай сімволікай упрыгожыць інтэр’ер памяшкання і дадасць утульнасці. «Хочацца, каб нарэшце нашы медыкі пачалі канстатаваць, што на Ружаншчыне нараджальнасць перавышае смяротнасць, каб насель-ніцтва менш хварэла… І каб работнікі сістэмы аховы здароўя чулі толькі ўдзячныя словы,» — пажадала Аксана Уладзіміраўна.
Нельга не заўважыць, што пераўтварэнні адбыліся сапраўды каласальныя. І ўсе, хто прысутнічаў на мерапрыемстве з нагоды адкрыцця рэканструяванага будынка, на свае вочы ў гэтым пераканаліся. Перарэзаўшы сімвалічную чырвоную стужку каля ўвахода ў будынак, ганаровыя госці і ўдзельнікі ўрачыстасці змаглі прайсціся па абноўленых памяшканнях. Яны адзначалі, што змяніўся не толькі знешні выгляд, але і ўнутранае начынне харчблока. Ён абсталяваны ўсёй неабходнай сучаснай тэхнікай: ад мясарубкі да агароднінарэзкі, блэндара, — тут цяпер можна гатаваць разнастайныя стравы, пашыраць бальнічнае меню.
Да слова, з разліку 45 ложкаў кругласутачнага знаходжання, якія функцыянуюць у Ружанскай гарбальніцы, штодзень работнікі харчблока гатуюць каля 200 порцый для дзяцей і дарослых.
Марына Вакульская. Фота аўтара.