Вторник, 7 апреля 2020

«Пчёлки» против «Апельсина». В ДЮСШ №1 прошли самые эмоциональные соревнования

616

На мінулым тыдні ў спартыўнай зале ДЮСШ прайшлі незвычайныя спаборніцтвы: хто хутчэйшы і спрытнейшы, высвятлялі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў (каманда “Пчолкі”) і выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання (каманда “Апельсін”).


Эмоцыям, якія панавалі на спартыўнай пляцоўцы, могуць пазайздросціць самыя прэстыжныя турніры. Сапраўды ў напружанай барацьбе абедзве каманды прайшлі ажно 11 іспытаў!

Незвычайныя хакей, баскетбол, боўлінг, скандынаўская хадзьба і нават веславанне выклікалі непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў.

На ўліку было кожнае спартыўнае ачко. І не столькі дзеля перамогі, а найперш каб паспытаць свае сілы і пабачыць, што ты маеш талент і на многае здатны.


І на самай справе, падчас спаборніцтваў па футболе хлопцы паказалі пэўнае майстэрства і так шчыра радаваліся сваім маленькім перамогам, што сваёй радасцю зараджалі і нешматлікіх гледачоў.


Па ўмовах аднаго з іспытаў трэба было на хуткасць лопнуць як мага больш паветраных шарыкаў. І адметна, што па заканчэнні конкурсу юнакі і дзяўчаты адразу прыбралі за сабой.


Кожны юны спартсмен прыклаў так многа сваіх намаганняў, каб менавіта яго каманда стала пераможцай, што журы не засталося іншага выйсця, як аб’явіць нічыю. Здаецца, гэта былі менавіта такія спаборніцтвы, што сам удзел прыносіць больш радасці, чым перамога.

На мой погляд, выдатна было б у наступны раз правесці спартакіяду з удзелам выхаванцаў спартыўных школ, якія б умацавалі каманды, а таксама з гледачамі. І “Пчолкі”, і “Апельсін” вельмі чула рэагавалі на падтрымку ў выглядзе апладысментаў. Ды і самі не скупіліся на падзякі, калі для іх спявалі ўдзельніцы студыі “Меладзін” Валянціна Іванцова і Юлія Усік.


Абедзве каманды былі ўзнагароджаны ганаровымі кубкамі і атрымалі салодкія падарункі ад камбіната кааператыўнай прамысловасці.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).