Воскресенье, 27 сентября 2020

Насця Хмара, якая ўмее здзяйсняць мары

1 449

Спадзяюся, што Анастасія Хмара ў дадатковым знаёмстве не мае патрэбы. Пра айцішніцу з Лінова, якая, да таго ж, з’яўляецца і выкладчыцай курсаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, сёння ведаюць далёка за межамі раёна. А сёлета Насця стала і паспяховай прадпрымальніцай. Шлях да гэтага простым не назавеш. Здаецца, самастойна навучыцца пісаць сайты прасцей. Тым не менш, і Анастасія, і яе мама Валянціна ўдзячны ўсім, хто дапамагаў і ішоў насустрач. У першую чаргу, гэта супрацоўнікі аддзела занятасці ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва і адпаведныя службы райвыканкама, а таксама калегі з фонду “У савы”.


Трэба адзначыць, што Насця ніколі не сядзела склаўшы рукі і шмат гадоў была фрылансерам у разнастайных сферах. Але афіцыйная работа дае намнога больш магчымасцей. Напрыклад, сёння Насця можа наймаць у сваю каманду спецыялістаў (многіх з якіх яна сама і вучыць) і выплачваць ім заработную плату.
Але аб усім па парадку.
Ідэя «працаўладкавацца» ўзнікла яшчэ некалькі гадоў таму. Летам 2018 года Насця рашуча прыступіла да яе рэалізацыі, а пачаць сваю справу канчаткова атрымалася вясной гэтага года. Першае, што давялося зрабіць Анастасіі, каб афіцыйна працаваць, атрымаць дазвол медыкаў. На шчасце, камісія ў Брэсце прыйшла да высновы, што Насця можа працаваць за камп’ютарам і нават быць індывідуальнай прадпрымальніцай.
Прыкладна ў гэты ж час Хмарам падказалі, што раённая служба занятасці выдзяляе субсідыі на развіццё сваёй справы. Насця стала на ўлік у аддзеле занятасці, складала бізнес-план і толькі пасля атрымання субсідыі адкрыла сваю студыю.

Frontend-studio «SovaTeam» займаецца распрацоўкай сайтаў з нуля, іх дызайнам, прасоўваннем і суправаджэннем. У залежнасці ад маштабнасці праекта Насця працуе адна або з камандай. Звычайна каманда складаецца з яе вучняў.
Аднойчы дзяўчына ў інтэрнэце пазнаёмілася з Аляксандрам Макарчуком, стваральнікам праекта sova.by, які дапамагае атрымаць адукацыю і работу людзям з інваліднасцю. Спачатку ён прапанаваў Насці скласці яму кампанію і разам прайсці курсы (спачатку гэта былі курсы тэсціраўшчыкаў ПЗ, якія Насця скончыла на “выдатна”, затым анлайн курсы па асновах праграмавання, затым па асновах html, css і нарэшце анлайн акадэмія ў Санкт-Пецярбургу). А потым прапанаваў стварыць фонд садзейнічання інклюзіі “У савы” і стаць там выкладчыцай.
— Атрымліваецца, што спачатку я вучу людзей, а затым прапаноўваю ім і практыку, а значыць, і заробак. Сумяшчаем прыемнае з карысным.
— Насця, ты скончыла шмат курсаў, але ж веды па гэтых дысцыплінах у цябе ўжо былі?
— Так, я і да гэтага займалася дызайнам, пісала сайты і многае іншае, але не на такім узроўні. І ў гэтым вялікая заслуга майго былога настаўніка інфарматыкі Аляксандра Іванавіча Гука. Гэта ён прывіў мне любоў да праграмавання. Спачатку на ўроках інфарматыкі, якія былі толькі да 9 класа. Выдатна, што шмат гадоў таму школа дазволіла вывучаць любімы прадмет факультатыўна і ў 10-11 класах. Вось тут для нас з Аляксандрам Іванавічам адкрылася поўная свабода дзеянняў, і мы займаліся сапраўды тым, што нам было цікава. У час заняткаў з настаўнікам я асвоіла фоташоп (нават распрацавала і намалявала герб школы, які актуальны і сёння) і спрабавала напісаць сайт. Дарэчы, я шмат чым займалася, але заўсёды вярталася да праграмавання.
— А над чым твая студыя працуе сёння?
— Зараз я вяду перамовы з гаспадарамі аграсядзібы “ОС”, якой патрабуецца рэдызайн сайта. Думаю, гэта будзе працяглы і цікавы праект. А таксама распрацоўваем сайт-візітоўку для аптовага прадаўца адзення сэканд-хэнд.
— З якімі просьбамі часцей за ўсё звяртаюцца ў тваю студыю?
— Большасць маіх кліентаў – пачынаючыя прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, якім патрабуецца свой сайт і яго замацаванне ў сацыяльных сетках. Ёсць і тыя, хто ў афлайн бізнесе даўно, цяпер жадаюць мець прадстаўніцтва і ў анлайне. Былі заказы і ад творчых людзей, якія жадаюць пазнаёміць свет са сваёй музыкай, карцінамі ці вершамі. Да нас звяртаюцца і “навічкі”, бо мы не толькі ствараем сам сайт, але і гарантуем яго суправаджэнне, што не менш важна. Часам кліенты не могуць вызначыцца нават з колерам, не тое, што з функцыяналам. На шчасце, у камандзе ёсць і праграмісты, і дызайнеры, гатовыя вырашыць такія праблемы.
Даведка «Рб»:
Фонд садзейнічання інклюзіі “У савы” прапануе людзям з інваліднасцю навучанне па розных спецыяльнасцях, а таксама дапамагае з працаўладкаваннем. Выконвае фонд і яшчэ адну вельмі важную функцыю: арганізоўвае кіраванне камп’ютарам без дапамогі рук тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Аляксандр Макарчук, стваральнік праекта sova.by, выкладчык курса “Асновы камп’ютарнай граматнасці”, інвалід І групы, поўнасцю паралізаваны.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).