Понедельник, 30 ноября 2020

Школьник вместе с семьёй переехал из Украины, а теперь его научно-исследовательские работы в числе лучших в Беларуси

823

Вова? Валодзя? Як лепш звяртацца? Не, — злавіла сябе на думцы — гэтага яснавокага юнака чамусьці хочацца называць па-даросламу: Уладзімір. Яму толькі 16, але задуменны позірк і нехарактэрная для яго ўзросту сур’ёзнасць сведчаць, што сапраўдную цану жыцця гэты малады чалавек з в.Смаляны ведае лепш за многіх сваіх аднагодкаў.
Сам ён родам з украінскага “горада шахцёраў” Антрацыт. У 2015 годзе, калі стала зразумела, што ваенны канфлікт, які годам раней успыхнуў на Данбасе, зацягнуўся, сям’я Уладзіміра Волчыка вымушана была пакінуць родны горад.


— Бацькі вырашылі пераехаць у Беларусь, у Пружанскі раён, дзе жыў мой беларускі дзядуля, — расказвае юнак.
Тата-шахцёр адразу ўладкаваўся на працу на мясцовае збожжасховішча, а мама, былы паштальён, пачала асвойваць жывёлагадоўчую сферу.
Сам Уладзімір працягнуў навучанне ў Загорскай школе і літаральна з першых дзён уліўся ў шэрагі лепшых вучняў установы. Адным з першых яго гуманітарна-гістарычны патэнцыял разгледзеў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Загорскага ВПК М.Р.Сахарук.
— З 5-га класа стала зразумела, што з гэтага працавітага, адказнага і начытанага хлопца будзе толк, – сведчыць паважаны Мікалай Рыгоравіч, які, дарэчы, выхаваў цэлую кагорту юных гісторыкаў раёна, пераможцаў алімпіяд і навуковых конкурсаў. Вялікіх поспехаў пад яго чулым кіраўніцтвам дамогся і Уладзімір Волчык.
Юнак напісаў дзве вельмі годныя навуковыя работы, якія былі адзначаны ажно на рэспубліканскім узроўні. Першая пад назвай “Верныя клятве Гіпакрата” прысвячалася славутым пружанскім медыкам, якія падчас Другой сусветнай вайны вымушаны былі працаваць у цяжкіх умовах нямецкай акупацыі і кожны дзень рызыкавалі ўласным жыццём.
— Васіль Іосіфавіч Гарустовіч, Уладзімір Ігнатавіч Каробка, Іван Міхайлавіч Савельеў… Дзякуючы настаўніку, які дзеля майго даклада сам шмат працаваў у архівах, мы таксама знайшлі інфармацыю і пра Яўгенію Ісаакаўну Дзівакову, і Вольгу Гольдфайн, яўрэйку па нацыянальнасці, якая, як Вы разумееце, рызыкавала больш за іншых, — з відавочным захапленнем расказвае юны гісторык пра герояў свайго даследавання, з якім перамог на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ і трапіў у лік фіналістаў.
З другім дакладам на тэму “Стаяў млын каля дарогі” Уладзімір Волчык перамог на раённым, потым на абласным этапе конкурсу і ў фінале быў узнагароджаны дыпломам III ступені.
Шчыра працуючы на такі вынік, юны навуковец знайшоў шмат звестак пра старыя млыны Пружанскага раёна і іх уладальнікаў (у мінулую суботу наша «раёнка» надрукавала гістарычны артыкул пра млыны, напісаны вучнем і настаўнікам на аснове даследчай работы).
— Вывучалі карты, апытвалі людзей, ездзілі з настаўнікам нават у суседні Кобрынскі раён, у аграсядзібу “Студзінка”, вядомую сваім млыном, на прыкладзе якога вывучалі ўнутраную канструкцыю ветракоў. Апісалі асноўныя прынцыпы іх работы і нават зрабілі дзеючы міні-млын, — распавядае хлопец, сціпла замоўчваючы, што з гэтай мадэллю ён заняў другое месца ў рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
І гэта яшчэ не ўсё. Пад кіраўніцтвам М.Р.Сахарука Уладзімір Волчык напісаў дасканалы радавод сваёй сям’і і на вобласці атрымаў дыплом лаўрэата. Адметна, што за гады навучання ў Загорскім ВПК за свае гісторыка-краязнаўчыя працы Уладзімір Волчык быў узнагароджаны шасцю дыпломамі…

Сёлета юнак скончыў Загорскую адукацыйную ўстанову і стаў вучнем 10 класа СШ № 4… Новыя жыццёвыя ўмовы, новыя настаўнікі, сябры і… новыя перамогі, праўда, ужо на іншых палях дзейнасці, у прыватнасці, спартыўнай. На апошніх раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы Уладзімір Волчык стаў трэцім у штурханні ядра. Вядома, спрыялі такому поспеху яго зайздросная мэтанакіраванасць і працавітасць: пакуль іншыя школьнікі, што перайшлі з вясковых дзевяцігодак, толькі адаптаваліся да ўмоў гарадскога інтэрната, Уладзімір запісаўся ў спартыўную секцыю пры аграрна-тэхнічным каледжы, дзе трэніруецца пад кіраўніцтвам А.В.Мацаюка.
Акрамя таго, юнак стаў пастаянным наведвальнікам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі: у гуртку “Юны гітарыст” спазнае музычныя азы, паколькі вельмі любіць музыку, а ў “Юным журналісце” вучыцца прыгожа і лаканічна пераказваць свае думкі.
— Пра што хочацца напісаць?
— Пра прыгожую і гасцінную краіну Беларусь, якая мяне прыняла, як свайго, пра старых сяброў, якіх вымушаны быў пакінуць ва Украіне, пра свае мары і планы…
— Пра ўсё, здаецца, згадалі. А як жа спадарыня Гісторыя? — наўмысна пытаюся ў маладога чалавека.
— Адно другому не перашкаджае! Наадварот: навучуся спрытней “трымаць пяро” — будзе і новае даследаванне!
Упэўнена, будзе, паколькі Валодзевы словы, як паказвае жыццё, не любяць разыходзіцца са справамі. Пацвярджае гэта і цяперашні класны кіраўнік таленавітага вучня Ларыса Раманаўна Кечка:
— Не па гадах разумны, адказны, цалкам самастойны чалавек, ён добра ведае, як трэба жыць… Адным словам, Уладзімір!
Алена Зялевіч, фота аўтара.