Суббота, 22 февраля 2020

Пружанский лесхоз планирует запустить в Слобудке пеллетный завод

609

У першай палове 2020 года Пружанскі лясгас плануе запусціць у в.Слабудка пелетны завод.
Трэба сказаць, што лесагаспадарчая арганізацыя — адзіная ў вобласці, якая прыняла ўдзел у пілотным праекце Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Сутнасць яго заключаецца ў выкананні даручэння Кіраўніка краіны па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання лясных рэсурсаў і зніжэнні экспарту неапрацаванай драўніны. У 2018 годзе беларускія лясгасы ўвогуле не пастаўлялі за мяжу сыравіну, а толькі гатовую прадукцыю. Аднак на фоне вырашэння гэтай задачы з’явілася іншая праблема: у рэспубліцы крытычна не хапае прадпрыемстваў па перапрацоўцы нізка-якаснай драўніны. Падчас правядзення лесаахоўных мерапрыемстваў застаецца нямала сыравіны, якая не можа быць выкарыстана ў якасці дзелавой, а на дровы і шчапу попыт унутры краіны даўно задаволены. Меркавалі пастаўляць шчапу замежным пакупнікам, але транспартныя выдаткі зрабілі ідэю нерэнтабельнай. У выніку карысны рэсурс працяглы час заставаўся незапатрабаваным.


Было вырашана наладзіць выраб паліўных пелетаў, якія карыстаюцца высокім попытам у блізкім і далёкім замежжы. Хаця яны выпускаюцца ў нашай краіне даўно, але магчымасцей дзеючых прадпрыемстваў не хапае для асваення ўсяго аб’ёму нізкаякаснай драўніны, што назапашваецца на працягу года. Новы пілотны праект прадугледжвае ўзвядзенне іншых вытворчасцей, якія адрозніваюцца большымі магутнасцямі і могуць перапрацоўваць у дзясяткі разоў больш. Напрыклад, пелетны завод Пружанскага лясгаса зможа вырабляць да 20 тысяч тон пелетаў, перапрацоўваючы больш за 60 тысяч тон драўніны нізкай якасці. На вытворчасці будзе задзейнічана два дзясяткі чалавек, работа якіх размяркуецца па зменах у складзе чатырох спецыялістаў.

Для азнаямлення з працэсам рэалізацыі пілотнага праекта Мінлясгас арганізаваў паездкі для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Днямі група журналістаў пабывала і ў в.Слабудка. Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі лясной гаспадаркі Мінлясгаса РБ У.П. Шут, спецыялізацыя падобных прадпрыемстваў заключаецца ў дапрацоўцы адходаў лесапілавання.
— Гэта выдатная крыніца для павелічэння валютнай выручкі лесагаспадарчых арганізацый, пры гэтым ніякіх дадатковых намаганняў не патрабуецца, дастаткова па-гаспадарску аднесціся да таго, што раней заставалася па-за ўвагай,— адзначыў Уладзімір Пятровіч.
З 2021 года многія краіны Еўрасаюза мяркуюць увогуле адмовіцца ад выкарыстання ў якасці энергарэсурсаў вугалю і торфу, што павялічыць попыт на паліўныя пелеты больш чым удвая. Для Беларусі гэта добрая магчымасць заваяваць нейкую долю адпаведнага рынку. Па некаторых падліках гэта дасць магчымасць уладальнікам пелетных заводаў атрымліваць да 18 мільёнаў долараў ЗША штогод. Але ў пілотным праекце прыцягвае не толькі і не столькі фінансавы бок. Ёсць грунтоўныя меркаванні, што ў краіне істотна павялічыцца попыт на недзелавую драўніну нізкага гатунку, што актывізуе работы па навядзенні парадку ў лясах Беларусі.

Безумоўна, для наладжвання адпаведнай вытворчасці патрэбны пачатковыя капіталаўкладанні. Пружанскі лясгас вядзе будаўніцтва за ўласны кошт, накіроўваючы на рэалізацыю планаў заробленыя сродкі і крэдытныя рэсурсы. Па папярэдніх падліках, выдаткі акупяцца за 5-6 гадоў, а пры змяненні попыту на пелеты першы прыбытак можна будзе атрымаць і раней.
— Хаця будаўнічыя работы пачаліся ў кастрычніку 2019 года, рэалізацыя задумкі пачалася значна раней,— расказаў дырэктар ДЛГУ «Пружанскі лясгас» У.У.Жалнерчык.— Было праведзена шэраг узгадненняў, у тым ліку і наконт экалагічнай бяспекі, падрыхтаваны фінансавыя абгрунтаванні з пошукам сродкаў, прааналізаваны прапановы пастаўшчыкоў неабходнага абсталявання і вызначана арганізацыя, якая выканае падрадныя работы.
Апошняе было даверана ПМК-22, работнікі якой зараз вядуць будаўніцтва строга па графіку, у чым і пераканаліся госці раёна падчас наведвання пляцоўкі будучага завода. Будаўнікі абяцаюць, што ўжо напрыканцы сакавіка можна будзе смела запускаць вытворчасць.
Даведка «Рб»:
Пелеты (з англ. pellets) — біяпаліва, сыравінай для якога могуць служыць адходы лесанарыхтоўкі і нізкаякасная драўніна. Уяўляюць сабой цыліндрычныя гранулы стандартнага памеру.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).