Пятница, 5 июня 2020

Страна Мультипультия. В Пружанах прошел VII интегрированный фестиваль «Детство без границ»

634

Адзін з вялікіх мысліцеляў сучаснасці сказаў: “Аднойчы вы пасталееце настолькі, што зноў пачняце чытаць казкі і глядзець мультфільмы.” Паколькі я і не пераставала гэтага рабіць, то з задавальненнем наведала VII раённы інтэграваны фестываль “Дзяцінства без межаў”, прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў. Сёлета ён быў тэматычным і называўся “Краіна Мультыпультыя”. А гэта значыць, што сустрэча з любімымі героямі была гарантавана з першых хвілін.

Спадзяванні спраўдзіліся: фестываль атрымаўся вельмі кранальным і наскрозь прасякнутым пяшчотай і цеплынёй. І як сказаў бы ослік Іа: гэта мой любімы памер і мой любімы колер свята. Толькі тут “асаблівыя” артысты выступаюць на мяжы сваіх магчымасцей. Толькі тут на тварах гледачоў лунаюць самыя шчырыя ўсмешкі. Толькі тут пануюць сапраўдныя сяброўства, узаемадапамога і любоў…

І такая цудоўная атмасфера бясконцай чалавечнасці панавала  ў гэты дзень ва ўсім Палацы культуры.  Жыхары Мультыпультыі  сустракалі гасцей з самага парога. У фае разгарнулася фотазона, дзе кожны жадаючы мог сфатаграфавацца з дабрадзеем Лунцікам і пяшчотнай Арыэль, прыязным Віні-Пухам і нават з цэлым атрадам рознахарактарных Смяшарыкаў…

“Прагуляцца” па краіне сяброўства гасцей запрашала таксама выстава фотаздымкаў выхаванцаў спецыяльных класаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама новых герояў мультфільмаў. Кожны з іх “дзяліўся” з удзельнікамі фэсту каштоўнымі разважаннямі. “Некаторыя людзі заслугоўваюць таго, каб дзеля іх растаць”, – казаў снегавік Олаф з “Халоднага сэрца”. “Кветка, якая вырасла ў нягодах, будзе самай прыгожай з усіх”, – сцвярджаў імператар Мулан. “Калі жыццё наносіць новы ўдар, проста плыві далей”, – раіла рыбка Доры… 

Назапасіўшыся мудрымі парадамі, гледачы накіроўваліся ў “матылькова-кветкавую” зону аквагрыму, якую з дапамогай маладзёжных валанцёрскіх атрадаў “Інсайт” з СШ №4 і «Ад сэрца да сэрца» з СШ №5 наладзілі выкладчыкі ЦТДМ Андрэй Кірыковіч і Аляксандр Савіцкі. Прыемна было назіраць, як удзельнікі фестывалю з вялікім задавальненнем знаёміліся з “асаблівымі” віноўнікамі ўрачыстасці, абдымаліся з імі, шчыра віншавалі  і, узяўшыся за рукі, ішлі ў галоўную залу Палаца, дзе на вялікай сцэне разгортвалася  галоўнае дзейства…

–  Мы распачынаем свята бясконцых усмешак і дабра, дзе сябрамі становяцца людзі незалежна ад узросту і статуса! А паколькі дабра ў гэтым свеце многа не бывае, давайце яго дарыць кожнаму сустрэчнаму, прычым не толькі сёння, а кожны дзень! Тым больш, што ў нашым грамадстве ёсць “асаблівыя” людзі, якія маюць патрэбу ў нашай увазе і падтрымцы. Не забывайце, што зробленае дабро мае тэндэнцыю вяртацца памножаным у шмат разоў, – адзначыў у сваім прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч. Ад райвыканкама і раённай арганізацыі «Беларускага Фонду міру» ён уручыў віноўнікам імпрэзы салодкія падарункі.

Адразу пасля яго выступлення да гледачоў з вялікага экрана звярнуліся спецыялісты цэнтра, якім бацькі давяраюць сваіх “асаблівых” дзетак. Дырэктар  Н. П. Красевіч, яе намеснік Н.У.Талстуха, педагогі А.І.Лухверчык, А.Ф. Хмялеўская, В.І.Крук, Н.М.Пулькоўская, сакратар А.В. Дайнэка і іншыя настаўнікі-дэфектолагі праз відэаролік заклікалі гледачоў не крывіць душой і ніколі не адводзіць свайго позірку ад “асаблівых” дзяцей, многія з якіх не бачаць, не чуюць, не хо-дзяць. Аднак усё разумеюць і з вялікімі намаганнямі кожны дзень пера-адольваюць свой боль…

Пры гэтым першы музычны нумар ад “асаблівых” артыстаў і іх сяброў паказаў, што плакаць на свяце яны дакладна не збіраюцца. Запальны танец пад рытмічныя гукі барабанаў так завёў зал, што гледачы ўмомант узнялі бурную хвалю апладысментаў. Увогуле трэба аддаць ім належнае: на  працягу ўсёй праграмы выступоўцаў сустракалі шчырымі авацыямі.  А кіравалі гэтым святочным парадам пазітыўных эмоцый выдатныя вядучыя — вучні СШ №1 Ганна Таразевіч і Арцём Казбяровіч.

Замілавала публіку вучаніца СШ № 1 і выхаванка цэнтра карэкцыі Калерыя Буланькова, за жыццё якой, нагадаем, доўгі час змагаліся лепшыя кардыёлагі краіны. У выкананні таленавітай дзяўчынкі прагучала вядомая песенька з мультфільма пра парася Фунціка.

Уразілі залу і інтэрактыўная віктарына “Адгадай мультфільм”, і тэатральна-музычная пастаноўка, зробленая вучнямі Ліноўскай СШ па матывах мультыка “Чабурашка і кракадзіл  Гена”. Мяркуючы па водгукам гледачоў, многім з іх шчыра хацелася праехацца  ў “блакітным вагоне”, які ва ўсёй прыгажосці размясціўся на  сцэне…

Падтрымала агульны вясёлы настрой і танцавальная кампазіцыя ў выкананні Бабак Ёжак пад музыку з мультфільма “Лятучы карабель” (у ролі казачных бабуль выступілі настаўнікі цэнтра разам з дзецьмі). Завітала на свята і “банда” Бармалеяў з цыганкамі з СШ №4, якія вытанцоўвалі пад музыку з мульт-фільма-мюзікла “Брэменскія музыкі” . У казачную краіну Цілімілітрамдзію запрасілі ўдзельнікаў фэсту вучні Шарашоўскай СШ, дзе іх чакала “паездка” на белагрывых коніках-аблоках.

Таксама ўразілі пружанскую публіку яркія вакальна-танцавальныя нумары  ад вучняў Ружанскай СШ, сярэдняй школы № 3, а таксама даўніх сяброў фестывалю – выхаванцаў Камянецкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і Целяханскай спецыяльнай школы-інтэрната.

Яркім момантам праграмы стала дэфіле касцюмаў ад “высокай мульцяшнай моды”. Маша і Мядзведзь, доктар Айбаліт і  Бармалей, Бураціна і Мальвіна, Чырвоная Шапачка і Воўк, Ліса і Калабок… – на сцэне ўшанавалі шматлікіх мультыплікацыйных герояў, якіх насуперак сюжэту аб’яднала сіла сяброўства.

“Дзякуй! Дзякуй! Дзякуй!” – не стамляліся дзякаваць усім “асаблівыя” дзеці і іх бацькі, якія, гледзячы на неверагоднае чараўніцтва ў зале, не змаглі стрымаць слёз… І можаце не сумнявацца, менавіта гэтыя людзі першымі працягнуць вам руку дапамогі  ў цяжкую хвіліну, паколькі ведаюць кошт дабру…

Скончыўся фестываль на яркай і гучнай ноце: “узарваліся” хлапушкі, і вялікая сцэна  засыпалася  рознакаляровым канфеці. Хлопчык Кай з мультфільма “Снежная каралева” разам з іншымі дзецьмі пачаў збіраць гэтыя папяровыя “асколкі”, напэўна, каб сабраць з іх не адно, а цэлыя тры важныя словы – “Вечнасць”, “Любоў” і “Дабро”.

Алена Зялевіч. Фота аўтара.