Воскресенье, 27 сентября 2020

4 современных кабинета, спортивная и игровые площадки. Ружанская СШ получила помощь в рамках проекта по модернизации

723

У Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Сусветнага банка ўжо ёсць паспяховы вопыт супрацоўніцтва. Адным з прыкладаў таму з’яўляецца і праведзеная ў Ружанскай СШ работа ў рамках рэалізацыі праекта «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Усе школы-прэтэндэнты праходзілі сур’ёзны адбор і былі ўзгоднены з Сусветным банкам. Якім чынам Ружанская СШ  трапіла ў гэты праект, расказвае яе дырэктар Аляксандр Шамяцюк:

— Ніякіх заявак нам падаваць не давялося: наша ўстанова адукацыі трапіла ў спіс таму, што прыняла дзяцей з закрытых з-за малакамплектнасці школ. У прыватнасці, на сваё апекаванне мы ўзялі вучняў Манчыцкай, Поланскай школ. Увогуле праект рэалізоўваецца на базе прыкладна 120 школ краіны, прычым амаль у паўсотні з іх пастаўлена завяршальная кропка.

У Ружанскай школе работы таксама падыходзяць да лагічнага завяршэння. Ужо выдаткавана больш за 600 тысяч рублёў. Як расказаў Аляксандр Віктаравіч, гэтыя сродкі пайшлі на рамонт чатырох кабінетаў — фізікі, хіміі, інфарматыкі і біялогіі: заменена пакрыццё падлогі, дзверы, пафарбаваны сцены, абноўлена сантэхніка, пракладзены неабходныя камунікацыі, устаноўлена вентыляцыя… Вучні пачатковых класаў паспелі аблюбаваць дзіцячую гульнёвую пляцоўку з верандай, якая з’явілася на прышкольным двары. Акрамя таго, ля школы з’явілася пляцоўка для вывучэння Правілаў дарожнага руху з усталяванымі на ёй дарожнымі знакамі і нанесенай разметкай — лепшая ў раёне. Увогуле А.В.Шамяцюк пералічвае немалы спіс работ, якія ў цэлым змаглі змяніць аблічча школы. Гэта і рамонт ганка, замена тратуарнай пліткі перад ім, укладка асфальту на прышкольнай тэрыторыі. Таксама ўладкавана новая смеццевая пляцоўка, якая дазваляе падтрымліваць раздзельны збор адходаў.

— А вось галоўнай адметнасцю стаў стадыён, — гаворыць кіраўнік школы. — Устаноўлены вулічныя трэнажоры, якія маюць навес, зроблены сучасныя валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, з’явілася міні-футбольнае поле, гімнастычны гарадок. Ну, і абноўлена спартыўнае ядро: сектар для кідання, футбольнае поле, бегавыя дарожкі з сучасным пакрыццём.

Засталося абсталяваць адрамантаваныя ў рамках праекта кабінеты.

— Тут усё будзе новае і па апошнім слове тэхнікі, — запэўнівае А.В.Шамяцюк. — Пачынаючы з мэблі і заканчваючы вучэбным абсталяваннем: для кабінета інфарматыкі, напрыклад, гэта праектар, інтэрактыўная дошка, для фізікі — камп’ютар для настаўніка, праектар, для біялогіі — акварыум, тэлевізар, для хіміі — лабараторнае абсталяванне…

Справа за фармальным уладкаваннем папяровых спраў, якая, тым не менш, можа адцягнуць фініш праекта да лета.

Даведка «Рб»

Праект «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» распрацоўваўся Міністэрствам адукацыі пры непасрэдным удзеле спецыялістаў Сусветнага банка развіцця і ўключае тры асноўныя кампаненты. Першая частка праекта мае на ўвазе стварэнне якасных умоў навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці і малых гарадах. Другая — у залежнасці ад патрэбы асна-шчэнне школ вучэбным абсталяваннем (кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі) і сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. А ў асобных школах запланавана стварыць цэнтры інавацыйнай адукацыі. Яшчэ адна складаемая праекта — мадэрнізацыя сістэмы кіравання агульнай сярэдняй адукацыяй, у тым ліку сродкі будуць накіраваны на ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).