Вторник, 24 ноября 2020

Восстановится ли «Беркут» в «Патриоте»? Намерения у Зеленеева-младшего серьёзные!

949

У сярэдзіне кастрычніка пры цэнтры дзіцячага і юнацкага
турызму і краязнаўства было створана новае аб’яднанне па інтарэсах — ваенна-патрыятычны гурток «Патрыёт». Ініцыятарам яго стварэння ў поўнай меры можна назваць М.В.Зелянеева, хаця ён сам і не пагаджаецца на гэта.
— Без пэўнай падтрымкі мне аднаму такое было б не па сілах,— зазначае Міхаіл Валер’евіч.— Мяне можна назваць ідэйным натхняльнікам і рэалізатарам гэтай ідэі, а істотны ўклад на першых кроках станаўлення зрабілі намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, начальнік аддзела па адукацыі І.А.Казарэз, начальнік райаддзела міліцыі А.В.Гук, дырэктар турбазы С.А. Макарчук.
Шчыры дзякуй і дырэктару СШ №1 С.М.Станкевіч, якая прадаставіла спартыўную залу для заняткаў.


У чым ідэя такога аб’яднання? Зразумела, што Міхаіл Зелянееў вырашыў працягнуць справу свайго бацькі, які ў свой час стварыў маладзёжны атрад «Беркут» і на працягу амаль чвэрці стагоддзя выхоўваў пружанскую моладзь. Зараз з «беркутаўцаў» складаецца трывалы касцяк асабовага саставу міліцыі, многія выхаванцы Валерыя Мікалаевіча служаць у беларускім спецназе, пагранвойсках і іншых сілавых структурах. Выдатная фізічная падрыхтоўка, высокі маральны дух і непахісныя патрыятычныя погляды адразу вылучаюць «птушанят» Зелянеева-старэйшага. Школу станаўлення абаронцы Айчыны ў свой час прайшлі і яго сыны — Сяргей і Міхаіл. Вось малодшы і вырашыў аднавіць дзейнасць маладзёжнага атрада, пра які ў многіх засталіся добрыя ўспаміны.
— Мы вырашылі пачаць з малога, дакладней кажучы, малых, бо ў «Беркут» адбіраліся юнакі і дзяўчаты пасля 16 гадоў. Зараз жа акцэнт робіцца на вучняў 6-9 класаў,— дзеліцца сваімі думкамі Міхаіл Зелянееў.— Зразумела, што ў поўнай меры гаварыць пра аднаўленне маладзёжнага атрада нельга, бо для дасягнення такой мэты неабходна прайсці вельмі складаную працэдуру афіцыйнай рэгістрацыі.
Таму пачалі з гуртка, каб на першых кроках хаця б узварушыць падрастаючае пакаленне, адцягнуць ад тэлефонаў і камп’ютараў, прывучыць ужывую сябраваць з равеснікамі. І сам Міхаіл Валер’евіч пераканаўся ў тым, што такая работа набыла вострую актуальнасць. Напрыклад, у гурток адразу запісалася больш за 60 хлопцаў і дзяўчат, але паступова чвэрць з іх «адсеялася». Некаторыя па аб’ектыўных прычынах, з-за высокай занятасці, але былі і такія, хто не вытрымаў ні змены свайго акружэння, ні сур’ёзных фізічных нагрузак.
— Першапачаткова тыя, хто запісаўся ў «Патрыёт», не маглі ні разу падцягнуцца на турніку, адціснуцца ад падлогі. Праз некалькі тыдняў ёсць пэўныя вынікі, зараз у гуртку нават дзяўчынкі могуць па 20 разоў адціснуцца.

Значная ўвага на за-нятках гуртка надаецца фізічнай падрыхтоўцы, у якую ўваходзяць страявыя практыкаванні, размінкі і вывучэнне прыёмаў сама-абароны. Сур’ёзны псіхалагічны пералом у выхаванцаў здарыўся на трэніроўках па страявой падрыхтоўцы: спачатку дзеці літаральна дзічыліся адзін аднаго, ніякай дысцыпліны не ведалі. Цяпер відавочна стварэнне агульнай каманды, калектыву, які слухае свайго камандзіра і імкнецца абараніць кожнага свайго члена.
Аднак фізічныя практыкаванні нельга лічыць асноўнымі, бо не выключана, што выхаванцы могуць страціць інтарэс да дзейнасці гуртка. Трэба яшчэ якая-небудзь ідэя, дасягненне якой будзе падтрымліваць у хлопчыкаў і дзяўчынак зацікаўленасць.
— Я добра разумею гэта і прымаю адпаведныя намаганні, каб гурток пераўтварыўся ў сапраўдную школу малога абаронцы Айчыны,— сцвярджае Міхаіл Зелянееў.— Побач з фізічным развіццём акцэнт робім і на маральную падрыхтоўку «патрыётаўцаў».

Пэўная частка часу адводзіцца на псіхалагічныя гутаркі, падчас якіх выхавальнік расказвае пра асновы дзяржаўнасці нашай краіны, вучыць любіць Ра-дзіму і свой край, а таксама насычае падлеткаў ідэямі патрыятызму на гістарычных прыкладах Беларусі. Пры гэтым вусныя апавяданні замацоўваюцца, як кажуць, на практыцы. Напрыклад, выхаванцы разам з М.В.Зелянеевым паспелі ўжо пабываць на пагранічнай заставе, дзе пазнаёміліся з бытам вайскоўцаў, пагаварылі з імі пра нюансы службы, нават наведалі салдацкую сталоўку. Вынікам такой паездкі стала тое, што адзін з хлопцаў у будучым вырашыў паступаць у Ваенную акадэмію на факультэт пагранвойскаў. Таксама пабывалі ў Белавежскай пушчы і наведалі рэзідэнцыю Дзеда Мароза.
У будучым падобныя паездкі плануюцца ў Брэсцкую крэпасць і мясцовы музей Вялікай Айчыннай вайны, музей выратаваных каштоўнасцей і музей пагрангрупы. Не выключаюцца і больш далёкія паездкі — на лінію Сталіна і іншыя мемарыяльныя комплексы рэспублікі.
Разам з тым, кіраўнік гуртка ўводзіць у праграму «палявыя» выхады, падчас якіх асноўная ўвага надаецца згуртаванню дзяцей у адзіную каманду. З вясны можна будзе ладзіць турыстычныя паходы, тым больш, што ў раёне ёсць выдатная турбаза з неабходным аснашчэннем. Акрамя таго, на лекцыі нярэдка запрашаюцца спецыялісты іншых устаноў і службаў. Нядаўна заняткі па аказанні першай медыцынскай дапамогі праводзіла загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Ж.Ж.Ісакава.

Відавочна, што можна пералічыць нямала аб’ектыўных прычын, якія перашкодзяць росту папулярнасці гуртка. Побач з гэтым ёсць грунтоўная надзея на тое, што ў «Патрыёта» ёсць будучыня, бо дзейнасць аб’яднання прыцягвае сучасных падлеткаў. Сярод выхаванцаў ёсць дзеці, што выхоўваюцца ў сем’ях, прызнаных сацыяльна небяспечнымі. Магчыма, менавіта «Патрыёт» дапаможа ім выбраць верны шлях у жыцці. Кіраўніку гуртка хацелася б, каб у выхаванцаў з’явіліся мэты для далейшага росту, так званы «сацыяльны ліфт». Але ж М.В.Зелянееў разумее, што спачатку неабходна «паказаць сябе». Да чаго і імкнецца зараз «Патрыёт»: у бліжэйшым будучым настаўнік разам са сваімі выхаванцамі жадае выставіць асобную каманду да ўдзелу ў раённай «Зарніцы».
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).