Воскресенье, 27 сентября 2020

Молодожены в Германии запустили воздушный шарик с открыткой, а он приземлился в … Ружанах

2 150

Ёсць у немцаў такая вясельная традыцыя, як запусканне ў неба паветраных шарыкаў, надзіманых геліем, у гонар маладых. Да іх прымацоўваюць паштоўкі, на якія просяць адгукнуцца людзей, што знойдуць вясельнае пасланне. Цяпер пра гэтую традыцыю ведае і сям’я Жыеўскіх з Ружан, якая стала выпадковым адрасантам такога нямецкага прывітання.


Іна Андрэеўна вярталася з работы, калі раптам у двары пад акном іх прыватнага дома заўважыла нейкае «смецце». Гаспадыня падняла паперку і пацягнула за прымацаваны да яе «хвост», калі раптам з вазона з пету-ніямі паказаўся шарык. Выгарэўшая за час няблізкага палёту паштоўка ўражання не зрабіла. Жанчына прызнаецца, што ўжо несла «смецце» да урны, калі звярнула ўвагу, што паштоўка не айчынная, а надпісы на ёй на замежнай мове.
— Сфатаграфавала паштоўку, адправіла фота дачцэ, — расказвае Іна Жыеўская. — Яна і пераклала тэкст, растлумачыўшы, што гэтая паштоўка — прывітанне ад Лізы і Енса, пары з Германіі, якія 10 жніўня гэтага года гулялі вяселле. Яны прасілі яго атрымальніка напісаць на згаданы зваротны адрас, хто і дзе знайшоў пасланне. Шчыра кажучы, адразу падумала, што гэта нейкі розыгрыш. Але дачка сказала, што ў Германіі сапраўды ёсць традыцыя запускаць на вяселлі паветраныя шарыкі. Ну, і муж пераканаў: раз людзі просяць, трэба адказаць.
З дапамогай інтэрнэт-перакладчыка Іна і Валерый Жыеўскія напісалі ліст і адправілі яго поштай. Указалі і адрас сваёй электроннай пошты, на які неўзабаве і прыйшоў адказ ад маладой сям’і. Як высветлілася, пара жыве пад Мюнхенам. Маладыя былі вельмі здзіўлены, што шарык з пасланнем адляцеў настолькі далёка ад іх дома… Адным словам, паміж беларусамі і немцамі завязалася перапіска.
— Няхай прызямліўся б гэты шарык у іншым месцы! Дык не! — гаворыць субяседніца.


Справа ў тым, што Жыеўскія аб’ездзілі амаль усю Германію: Валерый з сынам і сёння рэгулярна бываюць там у рабочых камандзіроўках, шмат гадоў вадзіцелем-«дальнабойшчыкам» была і Іна Андрэеўна. Дзякуючы рабоце, яны знайшлі ў гэтай краіне нямала знаёмых, з якімі падтрымліваюць цёплыя, сяброўскія адносіны. Цяпер, верагодна, набылі яшчэ адных: чакаюць магчымасці сустрэцца з сям’ёй, ад якой атрымалі вось такое незвычайнае прывітанне.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).