Понедельник, 24 февраля 2020

Пружаны принимали областной семинар по сельскому хозяйству

773

На мінулым тыдні ў некалькіх рэгіёнах Брэстчыны праходзіў трохдзённы выязны абласны семінар для асоб, якія знаходзяцца ў рэзерве на замяшчэнне пасад кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый. У чацвер, 28 лістапада, некалькі дзясяткаў вядучых галіновых спецыялістаў на чале са старшынёй абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні С.І.Барташам завітала ў Пружаны.


Рабочая частка праграмы, накіраваная на вызначэнне аптымальных шляхоў павышэння эфектыўнасці функцыянавання аграпрамысловага комплексу, была падзелена на некалькі блокаў.
Першы праходзіў на базе абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі НАН Беларусі. Пра асноўныя чатыры накірункі дзейнасці сваёй установы (бульба-, плада-, насенняводства і кормавытворчасць), а таксама пра развіццё раслінаводства ва ўмовах рыначнай эканомікі ўдзельнікам семінара вельмі даступна і лаканічна расказаў дырэктар установы У.Р.Цімашчэнка.

Відавочны знаўца сваёй справы (пэўны час У.Р.Цімашчэнка выкладаў у Гродзенскім аграрным універсітэце і працягвае падтрымліваць сувязь з вядучымі навукоўцамі і гаспадарнікамі краіны) узняў шэраг праблемных пытанняў, якія на сёння існуюць у раслінаводстве. У прыватнасці, Уладзімір Рыгоравіч перасцярог ад магчымай перавытворчасці цукровых буракоў. Ажыўленая размова вялася і пра распаўсюджаную праблему нематоды рапсу, якая ўжо прымусіла некаторых еўрапейскіх гаспадарнікаў значна паменшыць пасевы гэтай культуры, і наадварот – пра даказаную эфектыўнасць выкарыстання ў сельскай гаспадарцы такой багатай на монацукрыды культуры, як пайза (кітайскае проса). За ёй, па меркаванні У.Р.Цімашчэнкі, будучае сельскай гаспадаркі, паколькі пры спрыяльных умовах можна зрабіць нават тры яе ўкосы.


Увогуле прысутных зацікавіў той факт, што сёння доследнай станцыяй закладзены вялікія дэманстрацыйныя палі, для засявання якіх выкарыстана больш за 40 гатункаў насення розных культур: пры мінімальных выдатках і аптымальнай сістэме аховы яны павінны прынесці вялікі ўраджай…


Пасля выступлення кіраўніка доследнай станцыі слова ўзяў яго намеснік па навуцы В.М.Халецкі. У сваёй насычанай лічбамі мультымедыйнай прэзентацыі Віктар Мікалаевіч зрабіў упор на праблемах вырошчвання багатых пратэінамі зернебабовых культур – соі, лубіну і гароху. Даў дакладныя звесткі пра ўплыў папярэднікаў на іх ураджайнасць, пра павелічэнне аб’ёмаў імпарту ў Беларусь кармавой бялковай сыравіны, таксама азнаёміў з вынікамі сортавыпрабаванняў зернебабовых і іншымі паказчыкамі.


Актуальнасць лекцыі пружанскага спецыяліста падкрэсліў галоўны спецыяліст аддзела насенняводства рэспубліканскага аб’яднання “Белнасенне” А.І.Неміровіч. Між іншым, Аляксандр Іванавіч дадаў, што лубін у Брэсцкай вобласці ў свой час быў “выціснуты” з палёў штучным шляхам, таму трэба вяртаць яму былыя пазіцыі. Спецыяліст прывёў да прыкладу гаспадарку “Дастоева” (Іванаўскі раён), дзе ва ўсе сезоны атрымлівалі годны ўраджай лубіну.


Пасля таго, як вядучыя аграрыі вобласці абмяняліся думкамі па пытаннях раслінаводства, іх запрасілі на выставу дасягненняў доследнай станцыі, дзе былі прадэманстраваны лепшыя гатункі бульбы, яблыкаў, збожжавых і зернебабовых культур…


У другой частцы праграмы госці семінара былі запрошаны на Брэсцкую праектна-вышукальную абласную станцыю хімізацыі, дзе перад імі выступіў С.І.Барташ. Дырэктар станцыі хімізацыі У.Г.Калымага распавёў пра задачы па павышэнні ўрадлівасці глеб, якія стаяць перад агра-хімічнай службай. Таксама Уладзімір Георгіевіч расказаў пра методыкі абследавання зямельных угоддзяў глеба-знаўцамі і стварэння імі глебавых картаграм на прыкла-дзе Хаціслаўскага сельскагаспадарчага прадпрыемства (Маларыцкі раён).
Культурны блок семінара складаўся з наведвання галоўнай архітэктурнай славутасці раёна – музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, пасля агляднай экскурсіі па якім удзельнікі семінара накіраваліся ў Калядзічы. На прыкладзе адной з вядучых гаспадарак раёна ААТ “Агра-Калядзічы” яны азнаёміліся з галоўнымі аспектамі арганізацыі і тэхналогіямі вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі жывёлагадоўлі.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).