Среда, 11 декабря 2019

Будни старосты: от замены батареек до ревизии аварийных деревьев

324

Міхаіл Варанко — стараста з зусім невялікім вопытам: усяго толькі год як ён займае гэтую грамадскую пасаду. Але ў Ружанскім сельвыканкаме падкрэсліваюць, што працуе ён вельмі эфектыўна і вынікова.
Тое, што стараста валодае сітуацыяй на давераным участку, адчуваецца ўжо з першых мінут размовы.


— У полі маёй дзейнасці толькі адзін населены пункт — аграгарадок Варанілавічы. На сённяшні дзень тут пастаянна пражывае 292 чалавекі, з якіх 182 працаздольнага ўзросту, 50 — дзяцей і падлеткаў, 60 — пенсіянераў, — апелюе лічбамі Міхаіл Міхайлавіч.
Стараста запэўнівае, што яму даводзіцца вырашаць звычайныя жыццёвыя пытанні, якія, як правіла, маюць сезонны характар. У асенне-зімова-вясенні перыяд, напрыклад, у іх ліку асвятленне вуліц, ачыстка дарог ад снегу, летам — выдзяленне сотак, іх апрацоўка. З апошнім, да слова, праблем не бывае: М.М.Варанко запэўнівае, што ААТ «Ружаны-Агра» заўсёды прыслухоўваецца да вяскоўцаў і ідзе насустрач іх пажаданням.
— Вядома, не ўсё так гладка. Напрыклад, у сувязі са змяненнем графіка вывазу смецця былі нараканні на работу камунальнай службы, але паўплываць на сезоннае змяненне графіка работы гэтага ўчастка прадпрыемства не пад сілу ніводнаму старасце.
Разам з тым, варанілавіцкі стараста звяртае ўвагу на тыя пытанні, вырашэнне якіх падуладна самому насельніцтву. Адным з іх з’яўляецца добраўпарадкаванне. М.М.Варанко рэгулярна арганізоўвае працоўныя дэсанты па навядзенні парадку на прыбярэжнай тэрыторыі мясцовага вадаёма, разам са школьнікамі вядзецца догляд двух воінскіх пахаванняў, сёлета ў рамках Года малой радзімы дадзены старт добраўпарадкаванню прышкольнага гаю.
Міхаіл Варанко не шкадуе часу на грамадскую работу: рэгулярна наведвае адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў, састарэлых людзей, цікавіцца іх патрэбамі.
— Многія з іх не ведаюць, дзе купіць батарэйкі для аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, не разбіраюцца, як іх можна замяніць. Што ж зробіш?! Трэба дапамагаць: куплю і замяню. Але куды больш актуальна напярэдадні ацяпляльнага сезона пытанне рамонту печак і ачысткі комінаў: мала таго, што спецыяліста знайсці складана, для пажылых людзей гэта вельмі накладна матэрыяльна.
Сёння на парадку дня сельскага старасты рэвізія аварыйных дрэў на Варанілавіцкіх могілках: частка добраахвотных грашовых ахвяраванняў, якія паступілі ў раённы бюджэт падчас вераснёўскага суботніка, выдзелены на навядзенне парадку і тут.
Нягледзячы на тое, што Міхаіл Варанко у Варанілавічах чалавек не мясцовы: 15 гадоў таму педагога накіравалі сюды на работу, — гэтага чалавека ў аграгарадку паважаюць, адгукаюцца на яго просьбы. У сельвыканкаме на гэта звяртаюць асаблівую ўвагу: «Напярэдадні абласных «Дажынак-2019» у цэнтры Ружан з’явілася дошка для аб’яў — гэта справа рук работнікаў калектыву Варанілавіцкай школы, якім кіруе Міхаіл Міхайлавіч».
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).